Першая “Школа міру” на Брэстчыне

Астроміцкая сярэдняя школа Кобрынскага раёна стала першай установай адукацыі на Брэстчыне, якая атрымала ганаровы статус “Школы міру”. З нагоды яго атрымання адбылося святочнае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў улады, Беларускага фонду міру і інш.

— Праект па стварэнні сеткі “Школ міру”— адна з інавацыйных форм пазакласнай работы па грамадзянска-патрыятычным і экалагічным выхаванні моладзі ў духу гуманізму, прагрэсу, справядлівасці, узаемаразумення і дружбы народаў, усеагульнай павагі чалавечых правоў і свабод, — расказала старшыня праўлення Брэсцкага абласнога аддзя­лення Беларускага фонду міру Лідзія Раманюк. — “Школы міру” ўжо дзейнічаюць у розных установах адукацыі нашай краіны. Прыемна, што да іх далучылася і Астроміцкая сярэдняя школа, якая атрымала ганаровы статус невыпадкова. На рахунку яе педагогаў і вучняў шмат цікавых грамадска карысных спраў.

— Наша ўстанова адукацыі актыўна ўдзель­нічае ў розных праектах, у тым ліку міжнародных, — адзначыла дырэктар Астроміцкай сярэдняй школы Галіна Свянтэцкая. — Так, сёлета пад эгідай міжнароднай грамадскай арганізацыі “Дапамажы лю­дзям” пачалася рэалізацыя гуманітарнага сельскагаспадарчага праекта. Дзякуючы замежным партнёрам, якія прапанавалі нам насенне элітных гатункаў агародніны, школьнікі заняліся яе вырошчваннем з мэтай апрабацыі перадавых агратэхналогій і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.

Трэба адзначыць, што па-гаспадарску старанна і творча аформленая школьная тэрыторыя неаднаразова прызнавалася ўзорнай у розных конкурсах.

Ва ўрачыстай абстаноўцы 20 юнакоў і дзяўчат былі прыняты ў рады міратворцаў. Школьнікі пакляліся быць адказнымі за захаванне і ўмацаванне міру і бяспекі на планеце.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Валерыя КАРАЛЯ.