Першая ў Беларусі

- 19:34Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У Дзятлаўскім раёне створана першая ў Беларусі маладзёжная добраахвотная пажарная дружына.

Такім чынам быў рэалізаваны міжнародны праект “Падтрымка сістэмы бяспекі праз развіццё сістэмы добраахвотных пажарных дружын — прыцягненне моладзі да ратавання і валанцёрства”. Дружына створана на базе раённага ўчастка абласнога камбіната супрацьпажарных работ, які ўваходзіць у склад Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства.

— У рамках рэалізацыі міжнароднага праекта Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь выдзеліла нам пажарны аўтамабіль, які сваім ходам прыехаў у Гродна з Гомельскай вобласці, — расказала дырэктар абласнога камбіната супрацьпажарных работ, старшыня абласной арганізацыйнай структуры БДПТ Алена Жамойціна. — Дзякуючы спецыялістам Гродзенскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях, машына была адрамантавана, прыведзена ў належны стан і пераехала на пастаяннае месца дыслакацыі ў Дзятлава. На базе ўчастка мы стварылі першае ў краіне маладзёжнае добраахвотнае пажарнае фарміраванне другога тыпу, што прадугледжвае наяўнасць у дружыне спецыяланай пажарнай тэхнікі.

У справу па рэалізацыі міжнароднага праекта ўключыліся раённы аддзел адукацыі і аддзел па надзвычайных сітуацыях. Вялікі аб’ём работы па стварэнні базы і спрыяльных умоў для заняткаў юных ратавальнікаў выканаў начальнік дзятлаўскага ўчастка абласнога камбіната Міхаіл Буйко, камандзір гэтага фарміравання. Маладзёжная дружына стваралася з лепшых вучняў 8—11 класаў школ Дзятлава і раёна з улікам іх жадання паспрабаваць сябе ў новай справе. У дружыне таксама шмат дзяўчынак. Было набыта спецыяльнае адзенне ратавальнікаў, распрацавана праграма заняткаў, якая складалася з тэарэтычнай і практычнай частак, на іх прыязджалі нават спецыялісты з БДПТ.

Падрыхтоўчая работа вялася з пачатку 2021 года, а ў чэрвені дружына атрымала спецыяльны сертыфікат. 30 чэрвеня ў Дзятлаве адбыліся паказальныя выступленні маладзёжнага добраахвотнага фарміравання, на якіх прысутнічала кіраўніцтва рэспубліканскага савета БДПТ і назіральнікі з-за мяжы.

Сёння дружына вучыцца, трэніруецца, папаўняецца новымі членамі. Яна можа аказаць дапамогу прафесіяналам, калі гэта спатрэбіцца. Як падкрэсліў галоўны спецыяліст па арганізацыйна-масавай рабоце БДПТ Яўген Тачылаў, у 2022 годзе на базе дзятлаўскага фарміравання будуць наладжаны практычныя семінары для школьнікаў з розных куткоў Беларусі.

Мікалай ШЛЫК. 
Фота прадастаўлена абласным камбінатам супрацьпажарных работ.