Першая “Віртуальная школа” Беларусі

- 14:53Якасць адукацыі
Віртуальны хімічны дослед і апытанне з дапамогай пультаў. У гэтую пятніцу ў Ліцэі БДУ прайшла прэзентацыя адукацыйнага праекта “Віртуальная школа”. Менавіта такую назву атрымала сучасная вучэбная IT-распрацоўка. На першым інтэрактыўным уроку прысутнічалі прэзідэнт старшыня праўлення ААТ “Ашчадбанк Расіі” Герман Грэф, першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Жук, рэктар БДУ Сяргей Абламейка, дырэктар Ліцэя БДУ Віталь Матуліс.

Як адзначыў Аляксандр Жук, пытанне інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь вельмі актыўна вырашаецца ў апошнія гады. Праўда, на гэты раз фінансаванне новага праекта было не з дзяржбюджэту. Спонсарам выступіў ААТ “Ашчадбанк Расіі”. “Віртуальная школа” прыкладна ў 2 — 2,5 разу паляпшае хуткасць і якасць навучання”, — з такімі словамі звярнуўся да прысутных прэзідэнт старшыня праўлення “Ашчадбанка Расіі” Герман Грэф.
Камп’ютар, інтэрактыўны экран, праектар, абсталяванне для лабараторных доследаў (напрыклад, падключаны да камп’ютара лічбавы датчык, што паказвае змяненні тэмпературы пры правядзенні хімічнай рэакцыі, якія затым у выглядзе графіка выводзяцца на экран), пульт для адказаў у кожнага вучня (фіксуюцца на экране) — усё працуе як адзіная лакальная сістэма. Яна нават можа быць падключана да сервера Міністэрства адукацыі.
На занятках у “Віртуальнай школе” настаўнікі з вучнямі змогуць глядзець відэаролікі і слухаць гуказапісы. Адукацыйны патэнцыял “Віртуальнай школы” прадэманстравалі і для прысутных, правёўшы паказальныя заняткі па хіміі і фізіцы. Так, на ўроку хіміі правялі віртуальны дослед, дабавіўшы ў намаляваную прабірку неабходныя рэчывы. Што з гэтага будзе, паказаў камп’ютар: на экране ўбачылі выдзяленне цяпла і вадароду. Правялі і тэст-апытанне, калі кожны вучань пры дапамозе пульта адпраўляў свой адказ. Гэтыя адказы камп’ютар фіксаваў, і зноў жа іх можна было ўбачыць на экране. Дарэчы, апытанне не ананімнае. “Гэта вельмі сучасная распрацоўка. Інтэграцыя традыцыйных адукацыйных тэхналогій з інфармацыйна-камунікацыйнымі дазваляе актывізаваць адукацыйны працэс. Мы ўважліва вывучым гэтыя магчымасці. Я думаю, што нам трэба працаваць над стварэннем падобных сістэм”, — паведаміў Аляксандр Жук. Тэхнічныя магчымасці гэтага праекта пры ўмове, што ён вытрымае апрабацыю і стане звычайнай з’явай у беларускіх адукацыйных установах, дазволяць аб’яднаць усе школьныя лакальныя сеткі, якой па сваёй сутнасці і з’яўляецца “Віртуальная школа”, у адзіную. Калі так, то і будучых педагогаў трэба будзе рыхтаваць з дапамогай такой тэхнікі.
Праводзіць сучасныя інтэрактыўныя заняткі ў Ліцэі БДУ зараз можна ў 4 кабінетах: фізікі, матэматыкі, хіміі і біялогіі. Аднак сама сістэма прыдатна для ўрокаў па любых дысцыплінах. Вучыцца з дапамогай “Віртуальнай школы”, акрамя ліцэістаў БДУ, будуць і аршанскія дзеці. Хутка і туды завязуць абсталяванне.
Праект “Віртуальная школа” пры падтрымцы “Ашчадбанка Расіі” пачаў рэалізоўвацца ў 2009 годзе. За чатыры гады з “Віртуальнай школай” пазнаёміліся вучні Масквы, Санкт-Пецярбурга, Тулы, Барнаула, Астрахані, Жалезнаводска і Кіева.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.