Першая за 17 гадоў

Амаль 1,3 тысячы пінскіх вучняў селі 1 верасня за парты ў новай сярэдняй школе № 10. Павіншаваць педагогаў, дзяцей і іх бацькоў з наваселлем завіталі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі М.У.Мясніковіч, кіраўнік Брэстчыны А.В.Ліс, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук і іншыя высокія госці.

На ўзвядзенне сучаснага чатырохпавярховага будынка школы ў мікрараёне-новабудоўлі Радужны, дзе пражывае каля 10 тысяч чалавек, было затрачана каля 150 млрд рублёў. Па словах старшыні Брэсцкага аблвыканкама А.В.Ліса, сёлета на сістэму адукацыі вобласці было накіравана больш за 5 трлн рублёў.
— Гэта першая новая школа ў Пінску за апошнія 17 гадоў, — адзначыў А.В.Ліс. — Тут створаны неабходныя ўмовы для вучэбна-выхаваўчага працэсу, круглагадовых заняткаў спортам, працоўнага навучання хлопчыкаў і дзяўчынак у цудоўных майстэрнях. У навучальнай установе, якая складаецца з 3 корпусаў, абсталяваны 4 камп’ютарныя класы, метадычны кабінет, бібліятэка з чытальнай залай, медыцынскі блок, лекцыйны і канферэнц-залы, некалькі спартыўных залаў, стралковы цір, футбольнае поле і тэнісны корт. Важна, што на тэрыторыі школы створана безбар’ернае асяроддзе для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі: памяшканні маюць пандусы, функцыянуе ліфт. М.У.Мясніковіч заўважыў, што ў новай школе варта забяспечыць належную якасць адукацыі вучняў. Для гэтага педагогам неабходна шмат працаваць, у тым ліку над павышэннем уласнага прафесійнага ўзроўню, заўважаць і развіваць дзіцячыя здольнасці, каб у краіне працавалі добрыя выкладчыкі, урачы, спартсмены, навукоўцы, інжынеры.
Радуе, што ў новай школе за парты селі ажно 330 першакласнікаў (13 класаў). Акрамя таго, ва ўстанове створаны 3 спецыялізаваныя класы для навучання дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату.
— У 2015/2016 навучальным годзе профільных класаў у школе не будзе, — паведаміў дырэктар установы С.У.Тамільчык. — Але матэрыяльна-тэхнічная база школы адпавядае любому профілю. Ва ўстанове створаны выдатныя ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей.
Сёлета на Брэстчыне першыя званкі прагучалі ў 521 установе агульнай сярэдняй адукацыі. Іх колькасці недастаткова, найперш для такіх буйных гарадоў, як Брэст, Баранавічы і Пінск. Будаўніцтва ўстаноў адукацыі будзе працягвацца і далей. Так, у 2016 годзе ў мікрараёне Паўднёвы абласнога цэнтра адкрыецца новы дзіцячы сад — пачатковая школа на 450 месцаў.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.