Першую электраэнергію з БелАЭС плануецца выдаць у сетку ў першым квартале 2019 года

Аб гэтым паведаміў беларускім і расійскім журналістам у час прэс-туру на АЭС начальнік рэактарнага цэха станцыі Аляксандр Канюка.

Цяпер на першым блоку вядуцца мантажныя работы. Яны завершаны на 90%. “Усё асноўнае рэактарнае і турбіннае абсталяванне ўстаноўлена, пачынаюцца паслямантажныя прамыўкі”, — растлумачыў Аляксандр Канюка.

Летам бягучага года павінны пачацца гідраўлічныя выпрабаванні з цыркуляцыйнай прамыўкай. У корпус рэактара будзе ўстаноўлена імітацыйная зона (імітуе ядзернае паліва), контур запоўняць абяссоленай вадой, затым уключаць помпавыя агрэгаты. Вада першага контуру будзе прагрэта да неабходных параметраў, адначасова будзе павышацца ціск. “Гэта дасць магчымасць пацвердзіць надзейнасць і трываласць мантажу галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода, пасля чаго мы выходзім на наступную фазу — комплекснае выпрабаванне абсталявання і гарачую абкатку, г.зн. мы ствараем неабходныя праектныя характарыстыкі работы сістэм і абсталявання і пацвярджаем іх працаздольнасць. Гэта адна з завяршальных стадый пры падрыхтоўцы да запуску блока”, — расказаў начальнік рэактарнага цэха.

Ядзернае паліва павінна быць завезена ў канцы бягучага года. Ад расійскага завода-вытворцы на пляцоўку ў Астравец яго плануецца транспартаваць па чыгунцы.

Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення “3+” паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў снежні 2019 года, другі — у ліпені 2020-га.