Першы этап робаспаборніцтваў

Новы сезон «Кубка па адукацыйнай робататэхніцы» стартаваў на 2-м брэсцкім турніры па робататэхніцы Smart Robo Fest. Спаборніцтвы ў рамках кубка праходзяць ужо другі год для падтрымкі школьнікаў, якія захапляюцца навукай і робататэхнікай.

Летась на кожным этапе кубка збіралася каля 200 каманд. Яны спаборнічалі ў 10 катэгорыях. У гэтым го­дзе арганізатары пашырылі спіс. У ім з’явіліся катэгорыі, якія адпавядаюць напрамкам міжнародных робататэхнічных турніраў. Упершыню прайшлі спаборніцтвы WRO Football, “Лабірынт”, “Вялікае падарожжа” і “Праграмуемыя дроны”. Ва ўжо ўпадабаных катэгорыях Roborace, “Праходжанне па лініі” і “Міні-сумо” абнавіліся рэгламент і падкатэгорыі. Таксама ўдзель­нікі 2-га брэсцкага турніру па робататэхніцы спаборнічалі ў намінацыях, якія не ўваходзяць у кубак: Кубак РТК (катэгорыя ўпершыню прайшла ў Беларусі), “Кегельрынг”, WeDo і WeDo 2.0. Для настаўнікаў арганізавалі майстар-класы “WRO Football: першыя крокі да ўдзелу ў спаборніцтвах” і “Праграмуемыя дроны: першыя крокі да ўдзелу ў спаборніцтвах”.

“Для Брэста Кубак па адукацыйнай робататэхніцы стаў значнай падзеяй. Тут раней не праходзілі спаборніцтвы падобнага маштабу. Арганізатарам было прыемна, што прыехала шмат удзельнікаў, прыходзілі гледачы, былі цікавыя катэгорыі, — расказвае кіраўнік і трэнер клуба тэхнічнай творчасці pinMode Ігар Валошка. — На жаль, сітуацыя з каранавірусам дала аб сабе знаць. Сёлета ў катэгорыі “Праходжанне па лініі” было ў два разы менш каманд. Але прыемна, што ўзровень удзельнікаў у гэтай намінацыі, асабліва дарослых, падняўся. З’явілася канкурэнцыя. Мы гэта заўважылі і месяц назад на міжнародных спаборніцтвах, дзе беларускія каманды даволі добра выглядалі на фоне расійскіх”.

Турнір сабраў каля 250 каманд са Слоніма, Полацка, Клецка, Мядзела, Пінска, Століна, Брэста, Мінска і іншых гарадоў краіны.“Гэта былі класныя спаборніцтвы, дастаткова цікавых намінацый. Шмат людзей прыехала на гэты этап, таму склалася вялікая і моцная канкурэнцыя. Ад гэтага яшчэ больш хочацца ўдзельнічаць, атрымліваць вопыт, пазнаваць новае. Ды і проста паглядзець на спаборніцтвы вельмі займальна”, — дзеліцца член мядзельскай каманды MGRobot1 Мікіта Маліноўскі.

Усяго ў сезоне-2020/2021 пройдзе 8 этапаў кубка. Для ўдзе­лу ў будучых спаборніцтвах трэба зарэгістравацца на сайце roboturnir.by ў падыходзячай катэгорыі. Там жа можна азнаёміцца і з рэгламентамі.

Арганізатарам “Кубка па адукацыйнай робататэхніцы” выступае Асацыяцыя “Адукацыі для будучыні”. У гэтым годзе правядзенне спаборніцтваў магчыма дзякуючы падтрымцы хо­стынг-правайдара ў Беларусі — hoster.by.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі спаборніцтваў.