Першы інклюзіўны спектакль на сцэне Купалаўскага

Упершыню на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы 29 лютага будзе прадстаўлены інклюзіўны беларускамоўны спектакль “Аднойчы ў вялізным горадзе” па матывах апавядання Фёдара Дастаеўскага. У пастаноўцы задзейнічана каля ста дзяцей з сямейнага інклюзіў-тэатра “і”.

Сямейны інклюзіў-тэатр “i” быў створаны ў 2016 годзе на базе студыі Ірыны Пушкаровай, дзе дзеці займаліся вакалам, харэаграфіяй і акцёрскім майстэрствам. Сёння тэатр аб’ядноўвае каля 130 дзяцей, у тым ліку каля 40 — з аўтызмам, з якімі займаюцца 16 пастаянных педагогаў і валанцёры — студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Асноўная задача тэатра — праз мастацтва дапамагчы дзецям з асаблівасцямі сацыялізавацца і развівацца. “Калі ствараўся наш тэатр, мы і марыць не маглі, што нашы выхаванцы выйдуць на сцэну Купалаўскага тэатра. Для любога дзіцяці выступаць на сцэне — вялікая падзея і падстава для гордасці. Нашы дзеткі выхад на такую значную ў маштабах краіны пляцоўку, як галоўная сцэна тэатра імя Янкі Купалы, пакуль успрымаюць як смелую мару ці амаль недасяжную казку. Вельмі хочацца, каб гэтая казка стала для іх рэальнасцю”, — расказала мастацкі кіраўнік сямейнага інклюзіў-тэатра “і” Ірына Пушкарова.

У спектаклі “Аднойчы ў вялікім горадзе” па апавяданні “Мальчик у Христа на ёлке” Ф.Дастаеўскага, пераклад якога на беларускую мову зрабіла Вера Жыбуль, задзейнічана больш за 100 чалавек, у тым ліку хор дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Я.А.Глебава. Унікальную атмасферу створаць адмысловыя 3D-дэкарацыі. Яны дапамогуць эмацыянальна адчуць гісторыю хлопчыка, які страціў сваю сям’ю і застаўся зусім адзін на халодных вуліцах вялікага горада без шансаў на выратаванне. “Чаму Дастаеўскі? Для мяне асабіста ён той аўтар, да якога звяртаешся на працягу ўсяго жыцця, таму гэта не выпадковы выбар. Ідэю спектакля я выношвала гадоў пяць, — патлумачыла Ірына Пушкарова. — Калі прапанавала нашым дзецям паставіць спектакль паводле такога кранальнага апавядання, у якім узнімаюцца тэмы любові і смерці, сяброўства і адзіноты дзіцяці ў натоўпе, яны адразу падтрымалі гэтую ідэю”.

На краўдфандынгавай платформе Ulej.by 15 студзеня стартаваў незвычайны праект у падтрымку спектакля. Удзельнікі краўдфандынгу могуць выбраць лот на свой густ: проста падтрымаць ініцыятыву, набыць білет на спектакль або выбраць больш эксклюзіўную опцыю. Спецыяліст і кіраўнік аддзела развіцця Купалаўскага тэатра Вольга Кулікоўская падкрэсліла, што сёння вельмі запатрабаваны праекты, звязаныя з творчым развіццём дзяцей і падлеткаў. “Зразумела, што мы жывём у час камп’ютарных тэхналогій, а таму тыя формы творчасці, якія патрабуюць непасрэдных зносін, вельмі важныя. Канечне, як тэатр мы гэта адчуваем, таму шмат працуем у дадзеным кірунку. Напрыклад, у межах праекта “Купалаўскі адкрывае сэрцы” дапамагаем дзеткам з розных сацыяльных груп наведаць нашы пастаноўкі і далучыцца да мастацтва, — сказала яна. — Мы вельмі чакаем адкрыцця нашай Малой сцэны ў верасні гэтага года, у рэпертуары якой павінен з’явіцца спектакль для дзяцей. Акрамя таго, вядзецца работа над адукацыйным праектам для сярэдніх і старэйшых школьнікаў — гэта будуць два летнія курсы “Школы тэатральнага тэксту і выразнага чытання”, а таксама разам з рэдакцыяй часопіса “Роднае слова” абвясцілі конкурс рэцэнзій на спектаклі нашага тэатра для навучэнцаў 10—11-х класаў. Вельмі прыемна, што сямейны тэатр “і” звярнуўся менавіта да нас. Для яго выхаванцаў нашы купалаўскія акцёры Хрысціна Дробыш і Павел Харланчук правядуць майстар-класы. Увогуле, Купалаўскі тэатр мае шмат магчымасцей, каб малады чалавек рэалізаваў тут свой творчы патэнцыял”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.