Першы крок стаў паспяховым

- 11:27Навіны рэгіёнаў

У Маладзечне прайшоў раённы конкурс маладых спецыялістаў “Першы крок”. 27 маладых педагогаў праявілі свае прафесійныя і творчыя здольнасці.

Раённы конкурс праводзіцца чацвёрты раз. Год ад году мяняецца яго фармат і заданні, аднак зноў і зноў гэтае мерапрыемства становіцца святам маладосці, творчасці і прафесіяналізму.

Першы тур раённага конкурсу праводзіўся завочна. Для яго маладыя педагогі стварылі відэаролікі “Прафесійнае самапрадстаўленне”, у якіх расказалі пра сябе і сваю прафесійную дзейнасць. Журы атрымала 27 работ ад прадстаўнікоў кожнай установы адукацыі раёна. Аўтары шасці з іх трапілі ў фінал конкурсу.

У фінале першым выпрабаваннем сталі ўрокі ў незнаёмым класе. Нягледзячы на невялікі вопыт, канкурсанты змаглі справіцца з хваляваннем і зацікавіць дзяцей, якія бачылі маладых педагогаў упершыню. 

Астатнія заданні фінальнага тура давялося выконваць на сцэне. Спачатку настаўнікі расказалі пра сябе ў творчым самапрадстаўленні. У ход пайшлі ўсе магчымыя сродкі — спевы, музыка, ігра на музычных інструментах, вершы. Усё гэта было аздоблена гумарам і артыстычнасцю выступоўцаў. На сцэне педагогаў падтрымлівалі іх вучні і калегі.

У другім конкурсе неабходна было прадставіць публічнае выступленне на зададзеную тэму. Пра што давядзецца разважаць, канкурсанты даведаліся непасрэдна на сцэне. Тэмы, зразумела, былі звязаны з педагагічнай практыкай і аказаліся даволі няпростымі. Так, прапаноўвалася назваць адзін са сваіх недахопаў і расказаць, як з ім змагацца; апісаць свой найгоршы ўрок і расказаць пра высновы, зробленыя пасля яго; прыдумаць тэму для сачынення ў новым класе, каб пазнаёміцца з вучнямі і зразумець іх. 

І, нарэшце, канкурсанты выканалі дамашняе заданне і прадставілі яго журы і гледачам. Удзельнікам прапаноўвалася пафантазіраваць, уявіць сябе кіраўнікамі ўстаноў адукацыі і расказаць пра сваё бачанне мер, неабходных для  паспяховай дзейнасці. 

 Перамог у конкурсе “Першы крок” Валерый Валянцінавіч Бабкін, настаўнік тэатральных дысцыплін гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна. Лаўрэатамі конкурсу сталі Таццяна Аляксандраўна Гаўрылюк, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Маладзечна, і Таццяна Ігараўна Аляшкевіч, настаўніца біялогіі і хіміі Радашковіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна. Усе ўдзельнікі конкурсу сваімі выступленнямі пацвердзілі, што першыя крокі ў прафесіі яны робяць упэўнена і паспяхова.

Дар’я РЭВА.
Фота Вячаслава ПУЛЬСКАГА.