Першы крок у навуку, альбо Як развіваць у навучэнцаў здольнасці

Другі міжнародны фестываль вучнёўскіх даследчых работ “Кніга — пачатак пачаткаў кожнай навукі” прайшоў у гімназіі Калінкавіч. Мерапрыемства было прысвечана Году беражлівасці.

Ідэя правядзення такога фестывалю належыць дырэктару гімназіі Ніне Іосіфаўне Пракапенка. Менавіта яна ў мінулым навучальным годзе ўпершыню сабрала ў сценах сваёй установы юных даследчыкаў. Прычым тут адразу замахнуліся на міжнародны ўзровень і запрасілі да ўдзелу сваіх даўніх сяброў — сярэднюю школу № 1825 Масквы.
Сёння Ніна Іосіфаўна ганарыцца сваёй задумай. А ганарыцца ёсць чым. На сёлетні фестываль удзельнікаў сабралася ўдвая больш, чым на мінулы. Усяго налічвалася 29 дэлегацый, сярод якіх установы адукацыі Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай, Брэсцкай абласцей, а таксама госці з расійскай сталіцы і горада Клінцы, што на Браншчыне. На працягу двух дзён больш за 170 дзяцей прадставілі свае даследчыя работы ў шасці секцыях: беларускай і рускай філалогіі, лінгвістычнай, фізіка-матэматычнай, хіміка-біялагічнай і секцыі прамоўніцкага майстэрства.
Нялёгка прыйшлося журы, бо выбіраць трэба было лепшых з лепшых. Асаблівую зацікаўленасць выклікала работа навучэнца калінкавіцкай гімназіі Рамана Калабанава “Жывапіс у жыцці людзей ад старажытнасці да нашага часу”. Гэта была адзіная работа на такую тэматыку. Да таго ж разам з даследаваннямі Раман прадэманстраваў удзельнікам фестывалю і журы свае творчыя работы па жывапісе. Хлопец атрымаў дыплом І ступені. А ўсяго навучэнцы гімназіі Калінкавіч атрымалі чатырнаццаць дыпломаў рознай ступені.
Заваявала сімпатыі гледачоў самая юная ўдзельніца фестывалю — навучэнка 4 класа гімназіі Рагачова Веда Шыкарова. Яна прадставіла на суд журы работу на тэму “Другое жыццё паперы”. Дзяўчынка расказала прысутным шмат цікавай інфармацыі.
— Асабліва ўразіла ўменне Веды трымацца перад залай, зацікавіць публіку, — адзначыла старшыня журы, дацэнт кафедры экалагічнай медыцыны і радыёбіялогіі МДЭУ імя А.Д.Сахарава, кандыдат біялагічных навук Наталля Уладзіміраўна Пракапенка. — Я ўпэўнена, што гэтую дзяўчынку чакае вялікае будучае. Але так можна гаварыць пра кожнага, хто прымаў удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах фестывалю. Гэта дзеці, якія робяць больш, чым патрабуе школьная праграма, яны шмат чытаюць, аналізуюць, праводзяць свае даследаванні. Вельмі добра, што ёсць такі фестываль. Ён дае ім магчымасць паказаць сябе і, па сутнасці, з’яўляецца іх першым крокам у навуку. 
Сапраўды, усё пачынаецца, са школьнай парты. І тут шмат чаго залежыць ад педагогаў, задача якіх не толькі выклікаць у дзяцей інтарэс да таго ці іншага прадмета, разгадаць іх таленты, але і знайсці спосабы развіваць іх здольнасці. Так як гэта зрабіла дырэктар калінкавіцкай гімназіі Ніна Іосіфаўна Пракапенка. Фестывалю толькі два гады, а ўжо амаль трыста вучнёўскіх даследчых работ убачылі свет. Важна і тое, што фестываль не замкнуўся на адной навучальнай установе ці рэгіёне, а збірае ўдзельнікаў з усёй Беларусі і нават замежжа. Дзеці могуць абменьвацца вопытам, дзяліцца сваімі думкамі і проста сябраваць.
— Вельмі прыемна бачыць добры вынік сваёй работы, — падзялілася Ніна Іосіфаўна. — Шчаслівыя твары хлопчыкаў і дзяўчынак, іх здольнасці, азарт, з якім яны прымаюць удзел у конкурсах — усё гэта дае мне сапраўднае задавальненне. Сёння я ўжо магу смела гаварыць пра тое, што фестывалю быць і развівацца. У будучым годзе яго геаграфія яшчэ больш пашырыцца, а значыць, павялічыцца і колькасць удзельнікаў.
Да наступнага мерапрыемства плануецца распрацаваць эмблему і вырашыць, якім будзе дэвіз фестывалю. Плануецца, што да ўдзелу ў трэцім фестывалі вучнёўскіх даследчых работ далучацца яшчэ дзве краіны — Украіна і Балгарыя.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Фота аўтара.