Першы крок у навуку

З 2013 года ў сярэдняй школе № 23 Гродна працуе даследчае таварыства вучняў. Яно носіць назву  “СОВА” (Современное общество великих аналитиков). Дзейнасць таварыства накіравана на актыўнае ўключэнне школьнікаў у працэс самаадукацыі, развіццё даследчыцкіх інтарэсаў і здольнасцей, знаёмства з метадамі і прынцыпамі навуковага пазнання, набыццё ўменняў і навыкаў пошукава-даследчай працы, удасканаленне працэсаў навучання і прафарыентацыю вучняў.

Структурную аснову даследчага таварыства вучняў “СОВА” складаюць сем секцый: філалагічная, замежных моў, фізіка-матэматычная, прыродазнаўчая, гістарычна-грамадазнаўчая, “Здаровы лад жыцця”, “Першы крок у навуку”. Кожная секцыя аб’ядноўвае даследчыкаў аднаго навуковага напрамку, кіраванне ажыццяўляюць вучань з ліку членаў секцыі і настаўнік-прадметнік. У секцыях распрацоўваюцца праграмы даследаванняў, якія зацвярджаюцца саветам даследчага таварыства вучняў, праводзяцца заслухоўванні прамежкавых вынікаў. На працягу навучальнага года адбываюцца два агульныя сходы членаў таварыства і чатыры пасяджэнні савета, на якіх вырашаюцца арганізацыйныя пытанні, праводзіцца экспертыза даследчых работ, што прадстаўляюцца вучнямі на канферэнцыях, конкурсах.

На працягу ўсяго перыяду навучання дзейнасць юных даследчыкаў су­праваджае педагог-псіхолаг. Выяўленне патэнцыяльных членаў таварыства “СОВА” ажыццяўляецца на аснове псіхолага-педагагічнай дыягностыкі, назірання за вучнямі, падчас правядзення спецыяльных трэнінгаў, ацэньвання прадуктаў творчай дзейнасці, арганізацыі інтэлектуальных спаборніцтваў і конкурсаў. Штогод на пасяджэннях секцый праводзяцца псіхалагічныя практыкумы: “Камунікатыўная культура дакладчыка”, “Развіваем назіраль­насць і арыгінальнасць мыслення”, “Дыягностыка даследчай культуры”, “Вывучэнне прафесійнага выбару”.

У рабоце даследчага таварыства вучняў прымаюць удзел супрацоўнікі інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра школы, якія праводзяць практыкумы па бібліяграфіі, дапамагаюць скласці картатэку, гласарый вучэбнага даследавання, рабіць закладкі, канспектаваць і цытаваць спецыяльную, вучэбную і навуковую літаратуру.

Пры ажыццяўленні даследчай дзейнасці абазначаюцца і вытрымліваюцца асноўныя этапы, характэрныя для навуковага даследавання: пастаноўка праблемы, вылучэнне гіпотэзы, вывучэнне літаратурных крыніц па гэтым пытанні (праблеме), азнаямленне і авалоданне методыкамі даследаванняў, збор уласных матэрыялаў, іх аналіз, выяўленне прычынна-выніковых сувязей, заканамернасцей, распрацоўка высноў і рэкамендацый.

Вопыт работы школьнага даследчага таварыства паказвае, што найбольш даступнымі, зразумелымі і прадукцыйнымі для дзейнасці вучняў з’яўляюцца экалагічныя, краязнаўчыя, сацыяльна-палітычныя і гістарычныя тэмы. Асаблівай увагай з боку юных даследчыкаў карыстаюцца тэмы па гісторыі помнікаў культуры Гродна — не толькі ахова ўжо існуючых гістарычна-культурных каштоўнасцей, але і пошук неаформленых аб’ектаў.

Адзін з кірункаў краязнаўчых даследаванняў, якія мы паспяхова рэалізуем, — гісторыя сям’і, радавод. Гэта не толькі вельмі цікавыя аповеды прадстаўнікоў старэйшага пакалення, якія часам мяжуюць з дэтэктыўнымі гісторыямі, рамантычнымі навеламі, але і матэрыялы для даследаванняў: хто і калі абараняў нашу малую радзіму, уздымаў прамысловасць роднага краю, як лёсы гэтых людзей былі звязаны з лёсам краіны. Цікавымі і даступнымі для вучняў сталі даследаванні па праверцы прагнозу надвор’я. Сярод работ, якія выканалі вучні за апошнія 5 гадоў, лі­дзіруе вядзенне дзённіка назіранняў за надвор’ем (тэмпература, ападкі), супастаўленне атрыманых даных з народнымі прыметамі і прагнозам надвор’я, які мы звычайна слухаем ці чытаем, вызначэнне частаты супадзенняў.

За 7 гадоў існавання даследчага таварыства вучняў “СОВА” склаліся свае традыцыі. Штогод у красавіку право­дзіцца Дзень навукі. Гэтае мерапрыемства праходзіць у два этапы: інтэлектуальны марафон і школьны конкурс (канферэнцыя) даследчых работ вучняў. Інтэлектуальны марафон складаецца з конкурсаў і віктарын па прадметах, якія праводзяцца на працягу дня на перапынках. Вучні маюць магчымасць атрымаць бонусныя балы, а пазней абмяняць іх на адзнаку па адпаведным прадмеце. Школьная канферэнцыя заўсёды пачынаецца з урачыстага ўшанавання вучняў, якія дасягнулі ў навучальным годзе высокіх вынікаў у спаборніцтвах, конкурсах, алімпіядах. Затым вучні выступа­юць перад аўдыторыяй са сваімі работамі, абарона якіх дае права прадстаўляць іх на раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

Эфектыўнасць дзейнасці даследчага таварыства вучняў пацвярджаецца выніковым удзелам школьнікаў у конкурсах. З 2013 года членамі таварыства падрыхтавана больш за 100 даследчых работ, звыш 30 вучняў сталі дыпламантамі конкурсаў і канферэнцый. Найбольш значнымі з’яўляюцца перамогі ў конкурсах работ даследчага характару рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў “ТэхнаІнтэлект”, “Энергія і асяроддзе пражывання”, “Ад Альфы да Амегі…”, “Адкрыццё”, “Дрэва жыцця”, конкурс сеткавых праектаў “Мая малая радзіма”.

Дзейнасць даследчага таварыства “СОВА” заснавана на прынцыпах добраахвотнасці, свабоды ў выбары напрамкаў даследаванняў, зацікаўленасці і кампетэнтнасці навуковых кіраўнікоў. Самастойнасць вучняў у працэсе правядзення даследаванняў не толькі стымулюе пазнанне і творчы пошук вучняў і настаўнікаў, але і спрыяе ўсведамленню імі сваёй прыналежнасці да свету навукі.

Ганна ПАНАСЮК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 23 Гродна.