Першы крок зроблены

- 10:16Якасць адукацыі

Міжнародны форум студэнцкай і навучэнскай моладзі “Першы крок у навуку — 2016” у Мінску стаў для навучэнак сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска Наталлі Качанавай і Наталлі Міхалевіч той пляцоўкай, на якой яны змаглі заявіць пра сябе. Дзяўчынкі паўдзельнічалі ў завочным туры, папярэдне выслаўшы свае навуковыя артыкулы для публікацыі.

Вынік — уключэнне артыкулаў у зборнік — не прымусіў доўга чакаць. А яшчэ дзяўчат запрасілі паўдзельнічаць у секцыйных пасяджэннях, семінарах, круглых сталах па актуальных праблемах сучаснай навукі 4—5 лістапада.

У секцыях “Хімічныя навукі і навукі пра Зямлю”, “Біялагічныя навукі” прымалі ўдзел 14 дакладчыкаў. Сярод іх — студэнты медыцынскага і тэхналагічнага ўніверсітэтаў. Работа “Сувязь развіцця прамысловасці горада Ваўкавыска з наяўнасцю карысных выкапняў на прыкладзе вытворчасці керамічных вырабаў” навучэнкі 9 “Б” класа Наталлі Качанавай была ацэнена дыпломам ІІ ступені.

У секцыях “Гісторыя. Краязнаўства. Культуралогія”, “Літаратуразнаўства і мовазнаўства”, “Педагогіка. Псіхалогія. Сацыялогія” абаранялі лідарскія правы 16 удзельнікаў. 3-е месца — вельмі дастойны вынік выступлення навучэнкі 9 “Б” класа Наталлі Міхалевіч з работай “Прыемны ці прыёмны, небо или нёбо, або Лёсавызначальная роля літар Е і Ё ў беларускай і рускай мовах”.

Апорай, каардынатарам ідэй, правай рукой навучэнак сталі іх настаўнікі — Аксана Мікалаеўна Башко і Таццяна Міхайлаўна Дуброўка. Яны не толькі накіроўвалі іх навуковыя першыя крокі, але і хваляваліся разам з імі ў час выступлення на міжнародным форуме ў беларускім Парку высокіх тэхналогій.

Такім чынам, першы крок зроблены. Мы спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва ў рамках увасаблення сацыяльна значных праектаў.

Таццяна НОВІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.