Першы міжнародны конкурс «Філарэтаўскія чытанні» прайшоў у гімназіі № 10 Гродна

- 12:04Образование

Першы міжнародны конкурс творчых і даследчых работ “Філарэтаўскія чытанні” прайшоў у гімназіі № 10 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) Гродна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На конкурсе былі прадстаўлены 58 творчых і даследчых работ навучэнцаў і студэнтаў не толькі з розных населеных пунктаў Беларусі, але і з Расіі (Санкт-Пецярбурга, Паўднёва-Сахалінска). Іншагароднія канкурсанты выкарысталі магчымасць удзелу ў дыстанцыйным фармаце. У сваіх работах маладыя людзі расказалі пра жыццёвы шлях мітрапаліта Філарэта, яго духоўную спадчыну і педагагічную дзейнасць. Была арганізавана работа чатырох тэматычных секцый.

У гімназіі закладваецца новая традыцыя, якая звязана з імем мітрапаліта Філарэта, насіць якое па благаславенні Гро­дзенскай епархіі, архіепіскапа Гро­дзенскага і Ваўкавыскага Антонія і пры падтрымцы органаў выканаўчай улады было даверана нашай установе адукацыі, — расказала дырэктар гімназіі Алена Зінчук. — Духоўны пачатак выхавання падрастаючага пакалення — неад’емная частка вялікай работы, якая вядзецца ў гімназіі на працягу апошніх 15 гадоў. “Філарэтаўскія чытанні” — гэта магчымасць аб’яднаць усіх лю­дзей, для якіх вера ў дабро, на­дзея на лепшае, любоў да блізкага з’яўляюцца асноватворнымі прынцыпамі. І гэта магчымасць яшчэ раз дакрануцца да спадчыны вялікага чалавека, якога шануюць і паважаюць у Беларусі і далёка за межамі нашай міралюбнай краіны.

Пачынаючы з сакавіка ў гімназіі прайшоў шэраг мерапрыемстваў, аб’яднаных акцыяй “Падары дабро”. Як расказаў намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце кіраўнік духоўна-маральнага цэнтра Дзмітрый Бараноўскі, на працягу месяца навучэнцы пачатковых класаў здзяйснялі добрыя ўчынкі і расказвалі пра гэта аднакласнікам. Былі арганізаваны фотавыстава, абарона сайта, прысвечаныя мітрапаліту Філарэту.

Лепшыя конкурсныя работы адзначаны дыпломамі. Пераможцам конкурсу “Філарэтаўскія чытанні” былі ўручаны статуэткі прападобнай Ефрасінні Полацкай. Усе ўдзельнікі ўзнагароджаны падзячнымі лістамі і падарункамі ад Гродзенскай епархіі.

У дзень правядзення першага міжнароднага конкурсу “Філарэтаўскія чытанні” па благаславенні і з удзелам архіепіскапа Гро­дзенскага і Ваўкавыскага Антонія пераможцы конкурсу пасадзілі першае дрэва будучай алеі светлай памяці мітрапаліта Філарэта.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара