Першы пашпарт з рук старшыні аблвыканкама

- 10:47Выхаванне

У рамках Усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” у Гродне першыя пашпарты з рук старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка атрымалі больш за 20 школьнікаў.

Лепшыя прадстаўнікі таленавітай моладзі былі запрошаны на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі, якое праходзіла ў абласной філармоніі. Выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры прадметных алімпіяд і спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў, актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця ўстаноў адукацыі раздзялілі важны момант свайго жыцця з бацькамі і выкладчыкамі. Разам яны паднімаліся на сцэну філармоніі. Старшыня аблвыканкама ўручаў маладым людзям іх першыя пашпарты, а бацькам і педагогам адрасаваў словы ўдзячнасці за выхаванне дастойных грамадзян нашай краіны.

— Канстытуцыя стала асновай нашай маладой незалежнай дзяржавы, заклала асноўныя прынцыпы, якімі ўсе гэтыя гады кіравалася краіна, — прынцыпы незалежнай, сацыяльна арыентаванай дзяржавы, — адзначыў, выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве, Уладзімір Каранік. — Як бы цяжка ні было, мы заўсёды ішлі выбраным шляхам, асноўнай каштоўнасцю нашай дзяржавы заў­сёды быў чалавек і яго патрэбы. Мы будуем незалежную квітнеючую дзяржаву — міралюбную, прыгожую, якая заўсёды гатова дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу, падтрымаць людзей, якія жадаюць рухацца далей, клапоціцца аб будучыні нашых дзяцей. Прыемна бачыць у зале юных грамадзян, якія сёння атрымліваюць пашпарты, але ўжо да гэтага часу сваёй вучобай і дасягненнямі ў спорце, творчасці, навуковай дзейнасці змаглі даказаць сваю значнасць, тое, што яны сапраўдныя патрыёты нашай краіны. Хачу выказаць велізарныя словы падзякі бацькам за тое, што яны выхавалі ў сваіх дзецях правільныя каштоўнасці, імкненне рухацца наперад.

Сярод тых, хто ў гэты дзень атрымаў пашпарты, вучаніца Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Аляксандра Швед. Яна — пераможца раённага этапу алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, абласнога патрыятычнага чэленджа “Піянерская любоў ветэранам”, рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу літаратурных работ “Зямля пад белымі крыламі”, прызёр шэрага абласных і раённых творчых конкурсаў. Максім Галаскок з сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска — выдатнік вучобы, прызёр раённага конкурсу чытальнікаў. Дзяніс Бельскі з Воранаўскай школы перамог у раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — Добрае сэрца”, актыўны ўдзельнік дабрачынных акцый. Вучаніца сярэдняй школы № 22 Гродна Дар’я Янковіч — старшыня савета піянерскай дружыны школы, пераможца раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Паштоўка Вогніка”.  А выдатніца вучобы Дар’я Сурмач з сярэдняй школы № 39 імя І.Д.Лебедзева Гродна — актыўны ўдзельнік і пераможца шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых конкурсаў. І такіх таленавітых, працавітых маладых людзей на Гродзеншчыне нямала.

Успамінаючы адчуванні, калі атрымліваў свой першы пашпарт, Уладзімір Каранік сказаў, што гэта было разуменне таго, што ты яшчэ на адзін крок наблізіўся да дарослага жыцця, што трэба больш адказна ставіцца да сваіх учынкаў і больш задумвацца пра будучыню і пра тое, як прынесці карысць сваёй краіне. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў: “Сённяшняе ўручэнне пашпартоў для мяне магчымасць хоць бы частцы маладых людзей, а ў нас сапраўды выдатная моладзь, сказаць добрыя словы і паказац­ь, што іх намаганні заўважаны і краіна мае патрэбу ў іх здольнасцях, у іх імкненні зрабіць жыццё лепшым і ў іх жаданні працаваць на карысць нашай краіны”.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.