Першы пасля выбараў візіт прэзідэнт мае намер зрабіць у Расію

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка свой першы пасля прэзідэнцкіх выбараў візіт мае намер зрабіць у Расію па запрашэнні Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна. Аб гэтым ішла размова ў час сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расіі ў Беларусі Аляксандрам Сурыкавым.

Беларускі лідар падзякаваў за запрашэнне наведаць Расійскую Федэрацыю з афіцыйным візітам. “Гэта правільна будзе, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, як звычайна, я наведваю не чужую мне Расію, як некаму не падабалася б. Думаю, гэта будзе правільна, і гэта адказ на многія пытанні”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што “гатовы да сур’ёзнай размовы на тэму беларуска-расійскіх адносін”. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па лініі Беларусь — Расія адбудзецца шэраг мерапрыемстваў у двухбаковым фармаце. “Лічу, што і ў шматбаковым фармаце будзем сустракацца з іншымі прэзідэнтамі”, — заўважыў таксама Аляксандр Лукашэнка.
“Ёсць аб чым пагаварыць, і шчыра пагаварыць, каб у нас не было ніякіх недагаворванняў”, — працягнуў прэзідэнт. Ён адзначыў, што гатовы да шчырай і сур’ёзнай размовы. “Давайце шчыра абмяркуем нашы і праблемныя пытанні, калі яны ёсць, і акрэслім перспектыву”, — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што да сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі можна будзе падкарэкціраваць некаторыя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва з тым, “каб зняць некаторую насцярожанасць”. Разам з тым ён заўважыў, што не бачыць тут асаблівых праблем.
У сваю чаргу Аляксандр Сурыкаў падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за тое, што ён прыняў запрашэнне наведаць Расійскую Федэрацыю з афіцыйным візітам. “Мы ўдзячны, што ваш першы візіт пасля прэзідэнцкіх выбараў будзе менавіта ў Расійскую Федэрацыю. Думаю, што калі ёсць шурпатасці (а заўсёды ёсць нейкія шурпатасці ва ўзаемаадносінах дзвюх краін, нават самых блізкіх), то ў час гэтай сустрэчы яны будуць урэгуляваны і знойдуць належнае разуменне”, — перакананы пасол Расіі.