Першы раз у 10 клас, ці Праблема школьнай адаптацыі

Школьная трывожнасць — адна з тыповых праблем, з якімі сутыкаецца школьны псіхолаг. З кожным годам колькасць дзяцей, якія маюць праяўленні трывожнасці, пастаянна расце. Гэтая праблема асабліва актуальная ў адаптацыйныя перыяды, якія навучэнцы на працягу ўсяго навучання ў школе праходзяць некалькі разоў. Асаблівую ўвагу трывожнасць прыцягвае таму, што выступае найярчэйшай прыметай школьнай дэзадаптацыі дзіцяці, адмоўна ўплываючы на ўсе сферы яго жыццядзейнасці: не толькі на вучобу і ўзаемадзеянне з навакольнымі, але і на агульны ўзровень псіхалагічнага дабрабыту, часта становіцца пускавым механізмам расстройства эмацыянальнай сферы асобы.

Фота да матэрыяла: Першы раз у 10 клас, ці Праблема школьнай адаптацыі.Большасць даследчыкаў сыходзіцца ў думцы, што школьная дэзадаптацыя — складаны шматфактарны працэс, які мае як медыка-біялагічныя, так і сацыяльна-псіхолага-педагагічныя асновы. У яго структуры вылучаюць тры асноўныя кампаненты: кагнітыўны (непаспяховасць у навучанні прадметам, якія адпавядаюць узросту і здольнасцям дзіцяці), эмацыянальна-асобасны (парушэнне эмацыянальна-асобасных адносін да навучання, настаўнікаў, жыццёвай перспектывы, звязанай з навучаннем) і паводзінскі (парушэнні паводзін, якія паўтараюцца, не карэгіруюцца).

У педагагічнай практыцы школьныя псіхолагі сутыкаюцца з рознымі праяўленнямі трывожнасці. Гэтая праблема сустракаецца і ў вельмі адказных навучэнцаў, якія якасна рыхтуюцца да ўрокаў, пакорліва выконваюць патрабаванні педагогаў, так і ў навучэнцаў з рознымі адхіленнямі ў паводзінах. Такая разнастайнасць праяўленняў трывожнасці тлумачыцца неаднароднасцю прычын: узроставымі і характаралагічнымі асаблівасцямі; асаблівасцямі сямейнага выхавання, псіхафізічнага развіцця дзіцяці і г.д.
На фарміраванне і замацаванне школьнай трывожнасці таксама вялікі ўплыў аказвае ўздзеянне некаторых фактараў:

— вучэбныя перагрузкі (структура навучальнага года; загружанасць школьнымі справамі на працягу вучэбнага тыдня, працягласць урока),

— няздольнасць навучэнца справіцца са школьнай праграмай (найбольш трывожнымі з’яўляюцца двоечнікі, выдатнікі),

— неадэкватныя чаканні з боку бацькоў;

— нядобрыя адносіны з педагогамі (стыль узаемаадносін, завышаныя патрабаванні, выбарчыя адносіны да дзяцей);

— ацэначна-экзаменацыйныя сітуацыі, якія рэгулярна паўтараюцца;

— змена школьнага калектыву.

У цяперашні час пераход з сярэдняй школы на ІІІ ступень навучання суправаджаецца неабходнасцю адаптацыі, якая ўзнікае ў сувязі з кардынальнай зменай дзейнасці. Навучэнцы 10-х класаў знаходзяцца ў новых умовах: мяняецца сацыяльнае асяроддзе (паколькі з чатырох 9-х класаў фарміруюцца два 10-я, адпаведна, мяняецца колькасны і якасны склад класных калектываў; зменены склад настаўнікаў: на ІІІ ступені павінны працаваць педагогі з першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, таму пераемнасць педагогаў паміж ІІ і ІІІ ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі не заўсёды ўдаецца ажыццяўляць) і сістэма дзейнасці (вучэбная сітуацыя новай ступені адукацыі, змяненне рэжыму і нагрузкі, змененыя аб’ёмы работы і характар разумовых дзеянняў).

Акрамя гэтага, у 9—10 класе ўзрастае трывожнасць, звязаная з самаацэнкай. Навучэнцы часцей успрымаюць адносна нейтральныя сітуацыі як такія, што пагражаюць іх уяўленням пра сябе і з-за гэтага перажываюць страх, моцнае хваляванне. Асаблівую эмацыянальнасць навучэнцы праяўляюць пры ацэнцы ўласных магчымасцей, здольнасцей і асобасных якасцей. А сістэма ўяўленняў пра самога сябе ўплывае на паводзіны, выклікае тыя ці іншыя перажыванні.

Зносіны з равеснікамі неабходны для станаўлення самавызначэння ў раннім юнацтве, але яны маюць іншыя функцыі. Калі да даверлівых зносін з дарослым старшакласнік звяртаецца ў асноўным у праблемных сітуацыях, калі яму самому цяжка прыняць рашэнне, звязанае з яго планамі на будучыню, то зносіны з сябрамі застаюцца інтымна-асобаснымі, спавядальнымі. Зносіны патрабуюць узаемаразумення, унутранай блізкасці, адкрытасці. Яны заснаваны на адносінах да іншага як да самога сябе, у іх раскрываецца ўласнае рэальнае “Я”. Яны падтрымліваюць самапрыняцце, самапавагу.

Усё гэта можа негатыўна ўплываць на старшакласніка, выклікаючы розныя паводзінскія праяўленні і абумоўліваючы развіццё розных відаў трывожнасці, якія прыводзяць да школьнай дэзадаптацыі.

Вынікаў у прафілактыцы школьнай дэзадаптацыі можна дабіцца пры сістэмным падыходзе да работы з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

На падрыхтоўчым этапе вывучаюцца асаблівасці трывожнасці навучэнцаў. Для правядзення псіхадыягностыкі выкарыстоўваецца метад назірання за паводзінамі ў час і па-за вучэбнай дзейнасцю, а таксама псіхадыягнастычныя сродкі, якія адпавядаюць узросту навучэнцаў. Дыягнастычным матэрыялам з’яўляецца методыка вывучэння індэкса групавой згуртаванасці Сішора. Дадаткова з мэтай выяўлення галін рэчаіснасці, аб’ектаў, якія з’яўляюцца для навучэнцаў асноўнымі крыніцамі трывожнасці, выкарыстоўваецца методыка “Шкала трывожнасці”, распрацаваная па прынцыпе “Шкала сацыяльна-сітуацыйнай трывогі” Кондаша.

Пасля колькаснага і якаснага аналізу вынікаў дыягностыкі вылучаюцца групы навучэнцаў з рознымі відамі трывожнасці: самаацэначнай, школьнай ці міжасобаснай.

Перш чым навучэнцаў уключаць у групавыя формы работы, трэба правесці індывідуальныя кансультацыі, падчас якіх выяўляюцца асабістыя, сямейныя і іншыя праблемы дзіцяці, якія яму так ці інакш не хацелася б выносіць у групу, а абмеркаваць з псіхолагам канфідэнцыяльна. Пры індывідуальнай рабоце псіхолаг матывуе навучэнцаў на работу ў групе і на працэс самазмянення. Таму падчас кансультацыі трэба настроіць дзіця на работу, даступна расказаць пра негатыўны ўплыў, які трывожнасць аказвае на ўсе сферы яго школьнага жыцця, пра неабходнасць стварэння групы, чаканыя вынікі, што створыць умовы для ўсведамлення дзіцем неабходнасці справіцца з трывожнасцю, а таксама дадаткова выпрацоўваюцца рэкамендацыі дзіцяці.

Работу лепш праводзіць з кожным класам асобна, каб стварыць па магчымасці атмасферу бяспекі і ананімнасці.

Акрамя таго, неабходна праводзіць кансультацыі з педагогамі і бацькамі з мэтай азнаямлення з вынікамі дыягностыкі і выпрацоўкі рэкамендацый па прадухіленні ўзнікнення і развіцця трывожнасці, а таксама стварэння ўмоў для псіхолага-педагагічнай падтрымкі навучэнцаў у адаптацыйны перыяд.

Другі этап прадугледжвае непасрэдна групавую работу. Кожныя заняткі пачынаюцца з рытуалу прывітання, мэта якога — настроіць удзельнікаў на эфектыўную работу і стварыць атмасферу даверу і ўзаемаразумення. Далей ідзе разагравальнае практыкаванне, падабранае зыходзячы з мэты заняткаў для стымулявання ўдзельнікаў да сур’ёзнай работы. Асноўны этап заняткаў складаецца з некалькіх практыкаванняў, якія дазваляюць рашаць пастаўленыя псіхолагам задачы.

У канцы, на завяршальным этапе заняткаў, падбіраюцца такія практыкаванні, якія дазволілі б ацаніць эмацыянальны стан кожнага ўдзельніка і атрымаць зваротную сувязь. Актуалізацыю псіхалагічнага стану ўдзельніка можна выявіць пры выкарыстанні метаду “Няскончаны сказ”: навучэнцы ацэньваюць дынаміку свайго стану ў пачатку заняткаў і ў канцы.

Пры правядзенні заняткаў неабходна весці рэгістрацыйныя лісты, каб пры аналізе вынікаў адсачыць колькасць заняткаў, якую наведала кожнае дзіця.

На трэцім этапе групавой работы праводзіцца паўторная псіхадыягностыка, якая дазваляе ацаніць эфектыўнасць работы. Акрамя названых методык, можна распрацаваць і выкарыстоўваць анкету, якая дазволіць больш глыбока ацаніць эфектыўнасць работы.

На гэтым этапе праводзяцца кансультацыі з педагогамі і бацькамі па выніках работы і далейшай псіхолага-педагагічнай падтрымцы навучэнцаў.

Тэмп нашага жыцця выстаўляе высокія патрабаванні да падрастаючага пакалення, таму нашы дзеці павінны валодаць навыкамі сацыяльнай адаптацыі: умець мець зносіны з рознымі людзьмі, умець пазбягаць канфліктных сітуацый і канструктыўна вырашаць канфлікты, быць здольнымі арганізаваць сябе на працоўную і вучэбную дзейнасць.

Сняжана САЛАМАНДРА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 35 Магілёва.
Фота аўтара.