Першы раз у інклюзіўны клас

- 13:04Спецыяльная адукацыя

Інклюзіўны клас для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця адкрыты ў бягучым навучальным годзе ў сярэдняй школе № 18 Барысава. З мінулага года ўстанова рэалізоўвае эксперыментальны рэспубліканскі праект па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі. За плячыма супрацоўнікаў школы амаль 20-гадовы вопыт навучання і выхавання дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Дырэктар школы Анжэла Яўгенаўна Мазуркевіч была ля самых вытокаў гэтых працэсаў.

Школа для ўсіх

“За апошнія 10—20 гадоў адносіны грамадства да асаблівых дзяцей істотна змяніліся. Я працую ў школе з 1990 года, таму вельмі добра адчула гэтыя перамены. Перш за ўсё яны ў свядомасці педагогаў і дзяцей, а таксама бацькоў, — паведаміла Анжэла Яўгенаўна. — Першы ў Барысаўскім раёне спецыяльны клас для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі з’явіўся ў 1996 годзе, і менавіта ў нашай школе. Сёння ва ўстанове дзейнічаюць 9 класаў інтэграванага навучання і выхавання і адзін інклюзіўны клас, у якім вучацца трое дзяцей з АПФР. Усяго ў школе 995 навучэнцаў, і 46 з іх — з АПФР. Мы прымаем дзяцей з ДЦП, інвалідаў-калясачнікаў, дзяцей з аўтызмам, з сіндромам Даўна, дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, з цяжкасцямі ў навучанні, навучэнцаў першага дапаможнага аддзялення, дзяцей з парушэннямі зроку і з парушэннем слыху. Прэтэндаваць на навучанне ў нашай школе могуць практычна ўсе дзеці з абмежаваннямі, незалежна ад характару іх асаблівасцей”. Анжэла Яўгенаўна прызнаецца, што са з’яўленнем у школе дзяцей з АПФР узніклі і праблемы. Самая галоўная з іх тычылася спецыяльных і інтэграваных класаў. Некаторыя настаўнікі, напрыклад, пры размеркаванні класнага кіраўніцтва імкнуліся выбраць традыцыйны клас. Непакоіліся, што не справяцца з незвычайнымі вучнямі. Камусьці з педагогаў не хапала псіхалагічнай, прафесійнай падрыхтоўкі. Насцярожана ставіліся да навучання сваіх дзяцей у інтэграваным класе і бацькі звычайных дзяцей. Часам настойвалі, каб іх дзіця вучылася ў традыцыйным класе. Але паступова эмацыянальнае напружанне і негатыў у бацькоў змяніліся, прыйшло разуменне і прыняцце ўсіх дзяцей.
У далёкім 1996-м у сярэднюю школу № 18 Барысава ўладкавалася настаўнік-дэфектолаг Галіна Аляксандраўна Парамонава. Адразу ж яна пагадзілася выкладаць у спе-цыяльным класе, чым паказала добры прыклад іншым педагогам. Ёй давялося вучыць тых дзяцей, якія раней па сваіх магчымасцях маглі навучацца толькі ў спецыяльнай школе. На занятках з імі педагог рэалізоўвала праграмы спецыяльнай адукацыі. Галіна Аляксандраўна бліскуча спраўлялася з выкладаннем у спецкласе і з поспехам ажыццявіла два выпускі такіх навучэнцаў. Выпускнікі яе атрымалі не проста атэстат аб заканчэнні агульнаадукацыйнай школы, большасць з іх набылі падчас вучобы прафесію і ўладкаваліся на работу.
У 2009 годзе школа стала апорнай для навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Апорнымі ўстановамі такога кірунку з’яўляюцца яшчэ дзве сярэднія школы Барысава — № 3 і № 23. Яны маюць вопыт навучання дзяцей з АПФР і могуць падзяліцца сваімі напрацоўкамі з установамі, якія ўпершыню прымаюць у сябе асаблівых навучэнцаў. Работа апорных школ — на перспектыву, на развіццё. Трывалая матэрыяльная база, клопат аб прафесійным удасканаленні педагогаў такіх школ робяць іх сучаснымі ўстановамі адукацыі, фарміруюць іх імідж.

Асаблівыя ўмовы

Асаблівыя дзеці не з’яўляюцца ў апорных школах знянацку. Згодна з улікам дзяцей у мікрараёне, дзе знаходзіцца адукацыйная ўстанова, сумесна з ЦКРНіР класы на наступны навучальны год фарміруюцца задоўга да яго пачатку. У жніўні традыцыйна праводзіцца бацькоўскі сход, дзе абмяркоўваюцца нюансы сумеснага навучання звычайных і асаблівых дзяцей. І на ўрачыстай лінейцы 1 верасня бацькі і дзеці адчуваюць сябе ўпэўнена і спакойна, будучае навучанне школьнікаў у значнай ступені акрэслена, яго можна спрагназаваць. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з ЦКРНіР, сярэдняя школа № 18 Барысава ў поўным аб’ёме забяспечваецца падручнікамі і метадычнымі матэрыяламі. Па рашэнні раённага выканаўчага камітэта з 2010 года ва ўстанове ўведзена стаўка памочніка настаўніка. Арганізаваны падвоз вучняў. Згодна з абласной праграмай на 2011—2015 гады па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для жыццядзейнасці фізічна аслабленых навучэнцаў, школу абсталявалі пандусамі, поручнямі, сродкамі для перамяшчэння і іншым неабходным абсталяваннем. У стане распрацоўкі і дакументацыя па будаўніцтве ліфта. Кабінет спецыяльнага класа адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, ён стаў пераможцам раённага конкурсу “Кабінет года-2013”.
“Па меры назапашвання вопыту работы з асаблівымі навучэнцамі пераканалася, што паняцце “безбар’ерны” комплекснае, — адзначыла Анжэла Яўгенаўна. — Яно ўключае не толькі належнае абсталяванне. Важна стварыць адзіную адукацыйную прастору для навучання звычайных дзяцей і дзяцей з АПФР і забяспечыць іх далейшае жыццеўладкаванне. Толькі тады можна гаварыць, што дзеці з асаблівасцямі сталі паўнапраўнымі членамі грамадства.
Новыя падыходы да сумеснага навучання ўсіх дзяцей патрабуюць высокай кампетэнтнасці ад педагогаў. Яны адчуваюць неабходнасць удасканалення сваіх ведаў менавіта ў галіне спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі і штогод павышаюць сваю кваліфікацыю ў гэтым кірунку на базе АПА, МАІРА. Для нас важна, што ў перыяд з 2013 па 2015 год школа далучылася да педагагічных інавацый у галіне інклюзіўнай адукацыі па прафесійнай падрыхтоўцы выкладчыкаў у рамках рэалізацыі міжнароднага праекта “Тэмпус”. У супрацоўніцтве са шведскай няўрадавай арганізацыяй “Надзея XXI стагоддзя” пры садзейнічанні Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і Мінскага абласнога ЦКРНіР у 2013 годзе быў зняты відэафільм “На шляху да інклюзіўнай школы” аб дзейнасці нашай школы ў кірунку інтэграцыі і сацыялізацыі дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Фільм выкарыстоўваецца зараз у рабоце з педагогамі і бацькамі з мэтай распаўсюджвання ідэй інклюзіўнай адукацыі.
У 2013/2014 навучальным годзе на базе 18-й школы рэалізоўваўся эксперыментальны рэспубліканскі праект “Апрабацыя зместу вучэбных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, распрацаваных з улікам інклюзіўных падыходаў у адукацыі”. Вынікі гэтага эксперымента дапамаглі вырашыць многія праблемы сумеснага навучання дзяцей”.

Галоўнае — сацыялізацыя

Традыцыйна праблемы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, разглядаліся ў нашай краіне праз прызму вырашэння праблем самога дзіцяці. Работа з бацькамі такіх дзяцей у большасці выпадкаў абмяжоўвалася кансультацыямі па пытаннях іх навучання і выхавання. Па-за ўвагай быў эмацыянальны стан бацькоў, іх уплыў на сваіх дзяцей. Між тым сем’і, якія выхоўваюць асаблівае дзіця, даволі часта распадаюцца, нярэдкія выпадкі так званых “прыхаваных” разводаў, якія ўтойваюцца ад грамадства. Не заўсёды час вылечвае псіхалагічныя раны бацькоў, у многіх з кожным годам нарастае трывога за будучыню дзяцей. Далёка не кожная сям’я можа самастойна справіцца з падобнымі праблемамі. І вінаваціць бацькоў у гэтым нельга: часта ім не хапае ведаў, элементарнай педагагічнай і псіхалагічнай культуры зносін з дзіцем, а таксама падтрымкі і разумення блізкага акружэння.
Дапамагчы сям’і могуць настаўнікі, школьныя псіхолагі, медыцынскія работнікі, а пры неабходнасці і сацыяльныя педагогі, калі будуць успрымаць бацькоў дзяцей з АПФР як паўнапраўных удзельнікаў школьнага жыцця, знаёміць іх са станоўчымі бакамі і спецыфікай арганізацыі сумеснага навучання і выхавання іх асаблівых дзяцей з дзецьмі, якія нармальна развіваюцца. Плюсы такога навучання ў наяўнасці адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя ў школе, добразычлівых узаемаадносінах, псіхолага-педагагічным суправаджэнні дзяцей з АПФР. Педагогі 18-й барысаўскай школы праводзяць для бацькоў індывідуальныя гутаркі і кансультацыі. Функцыянуе ва ўстанове і педагагічны ўніверсітэт “Мастацтва быць бацькамі”, кіраўніком якога з’яўляецца школьны псіхолаг. На пасяджэннях клуба бацькі абменьваюцца вопытам, ведамі па праблемах развіцця і выхавання дзяцей, вырашаюць набалелыя псіхалагічныя праблемы.
“Нашы бацькі часта абмяркоўваюць магчымасці жыццеўладкавання сваіх дзяцей, іх сацыялізацыі, выбару імі прафесіі. Дапамагаць дзецям у гэтым — адна з асноўных задач педагогаў школы, — працягвае Анжэла Яўгенаўна. — Радуе, што працэнтаў 70 нашых выпускнікоў з АПФР атрымліваюць прафесію, знаходзяць работу, ствараюць сем’і. Яны становяцца работнікамі па азеляненні горада, садоўнікамі, майстрамі па рамонце абутку, малярамі-тынкоўшчыкамі. Адна наша выпускніца з ДЦП атрымала прафесію бухгалтара ў каледжы. У раённым аддзеле адукацыі працуе бухгалтарам малады чалавек з ДЦП. Гадоў 15—20 назад мы не маглі нават уявіць такое. Выпускнік нашай школы з сіндромам Даўна працуе дома як памочнік прыватнага прадпрымальніка, займаецца сарціроўкай паперы. Юнак умее чытаць, валодае навыкамі работы на камп’ютары.
Нашы навучэнцы з АПФР сябруюць і са спортам. У 2009—2012 гадах у школе рэалізоўваўся абласны педагагічны праект “Фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа па стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя для дзяцей з АПФР”. Школьнікі інтэграваных і спецыяльных класаў актыўна ўключыліся ў пазаўрочную фізкультурна-спартыўную дзейнасць разам са сваімі звычайнымі аднагодкамі: удзельнічалі ў сумесных трэніроўках па настольным тэнісе, спаборніцтвах па міні-футболе ў рамках юніфайд-спорту, іншых пазакласных мерапрыемствах. У 2011 годзе за бюджэтныя сродкі Барысаўскага райвыканкама праведзена рэканструкцыя спартыўнага гарадка школы, пабудавана сучасная хакейная пляцоўка, набыта аснашчэнне, канькі для фігурнага катання і гульні ў хакей”.

Права быць самім сабой

У бягучым навучальным годзе ў школе ўпершыню быў адкрыты інклюзіўны клас у рамках рэалізацыі эксперыментальнага рэспубліканскага праекта па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі.
“Перш чым адкрыць такі клас, мы рэальна ацанілі гатоўнасць нашых спецыялістаў да работы ў ім, а таксама адаптаванасць да асяроддзя нашай школы і свайго класа дзяцей з АПФР і моц жадання бацькоў бачыць сваіх дзяцей у такім класе, — адзначае Анжэла Яўгенаўна. — Дзеці, якія прыйшлі ў інклюзіўны клас, вучацца ў нашай школе не першы год. На працягу двух гадоў яны займаліся ў інтэграваным класе, які пасля і стаў інклюзіўным. Урокі тут вядуць адначасова два спецыялісты — настаўніца пачатковых класаў Алена Васільеўна Лялюк, якая выкладае і канцэнтруе асноўную ўвагу вучняў, і настаўнік-дэфектолаг Ірына Леанідаўна Скачок, якая аказвае дзецям з АПФР дапамогу ў асваенні праграмы. Навучэнцы інклюзіўнага класа займаюцца па падручніках і праграмах агульнаадукацыйнай школы. Настаўнік толькі карэкціруе іх для кожнага навучэнца з улікам яго індывідуальных асаблівасцей, робіць акцэнт на пэўных пытаннях. Тэму ён аб’яўляе агульную для ўсяго класа, але мэты і задачы (адукацыйныя і развіццёвыя) перад кожным школьнікам розныя.
Не выклікае сумненняў, што інклюзіўны падыход да навучання эфектыўны як для дзяцей з асаблівымі патрэбамі, так і для звычайных дзяцей, іх бацькоў і ўсяго грамадства ў цэлым. Ужо ў наступным годзе мы будзем вырашаць пытанне аб адкрыцці яшчэ аднаго інклюзіўнага класа”.
Згодна з Канцэпцыяй развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, зацверджанай нядаўна ў нашай краіне, у найбліжэйшыя гады плануецца павялічыць колькасць устаноў адукацыі, якія будуць ажыццяўляць інклюзіўнае навучанне, у іх будуць створаны ўмовы для развіцця і сацыялізацыі дзяцей з рознымі адукацыйнымі патрэбамі. У больш далёкай перспектыве кожная ўстанова адукацыі зможа стаць інклюзіўнай. У школах стане менш спецыяльных і інтэграваных класаў і павялічыцца колькасць інклюзіўных. Працэс гэты будзе ісці паступова, спакойна і без прымусу, таму што не кожнае дзіця зможа вучыцца ў інклюзіўным класе ці ў інклюзіўнай школе. Але абавязковай перадумовай перамен з’яўляецца паэтапная падрыхтоўка спецыялістаў праз семінары, курсавыя лекцыі. Важна крок за крокам рухацца ў гэтым кірунку.
Вопыт работы педагогаў у апорнай школе № 18 Барысава паказвае, што дзеці дзякуючы інклюзіўным працэсам вучацца больш тонка і натуральна ўспрымаць адносіны паміж людзьмі, бачыць іх адрозненні і індывідуальнасць кожнага чалавека, вучацца супрацоўнічаць, спачуваць, радавацца адно за аднаго. Сумеснае навучанне дзяцей спрыяе развіццю сацыяльнай кампетэнтнасці, фарміраванню навыкаў вырашэння канфліктных сітуацый, з’яўленню ўпэўненасці ў сваіх сілах. Талерантнасць, сфарміраваная ў школьныя гады, стане ўмовай паспяховай рэалізацыі духоўнага патэнцыялу дзяцей у будучыні. Праз 10—15 гадоў сённяшнія школьнікі, выхаваныя ва ўмовах інклюзіі, дзякуючы набытым маральным каштоўнасцям паўплываюць на фарміраванне новых узаемаадносін паміж людзьмі ў краіне, такіх узаемаадносін, якія заснаваны на шчырасці і цярплівасці, на прызнанні права кожнага чалавека быць самім сабой.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.