Першы ШАГ з міністрам

У праекце “Школа актыўнага грамадзяніна” пачаўся новы навучальны год. Ва ўсёй краіне першая сустрэча прайшла па тэме “Беларусь — краіна міру, дружбы і добрасуседства”. У сярэднюю школу № 217 Мінска на адкрыты дыялог завітаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Сустрэча праходзіла ў фармаце ток-шоу, а яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы 8—11 класаў. Дружба і яднанне народаў, міратворчая мінская пляцоўка і прымірэнне народаў на спартыўным п’едэстале, міжнародны прэстыж краіны — гэтыя тэмы вызначылі кірунак адкрытага дыялогу і сталі магчымасцю для школьнікаў выказаць уласнае меркаванне.

— Менавіта гэта — выказацца і абазначыць сваю пазіцыю наконт пытанняў, якія хвалююць юных грамадзян, — і ёсць галоўная ідэя праекта “ШАГ”, — зазначыў І.В.Карпенка і дадаў: — І школьнікі, і настаўнікі, і бацькі, і грамадскасць, і кіраўнікі сістэмы адукацыі — усе зацікаўлены ў тым, каб выбудаваць адукацыйны працэс з улікам патрэб кожнай асобы, а таксама патрэб грамадства і дзяржавы. І для нас немалаважныя зносіны, бо, задаючы пытанні альбо выказваючы сваё меркаванне, вы даяце нам уяўленне, што вас хвалюе, якія праблемы вас цікавяць, на што нам неабходна звярнуць увагу. Магчыма, у перспектыве гэта выльецца ў ажыццяўленне пэўных кіраўніцкіх рашэнняў, якія мы прымем на высокім узроўні.

Падчас дыскусіі школьнікі вызначалі паняцці талерантнасці, міру паміж народамі, акрэслівалі ролю спорту і мастацтва ў яднанні народаў, міжнароднага маладзёжнага турызму і праграм міжнароднага супрацоўніцтва. Тэмай гутаркі стала і тое, што сёння робіцца ў Беларусі для развіцця спорту ў цэлым. Ігар Карпенка звярнуў увагу, што Міністэрства адукацыі курыруе Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі і развівае гэты від спорту ва ўстановах адукацыі краіны. Акрамя таго, міністэрства падтрымлівае ўсе федэрацыі і асацыяцыі па відах спорту, якія развіваюцца на базе школ, каб фарміраваць спартыўны рэзерв.

Натуральна, не абышлі ўвагай і II Еўрапейскія гульні і прыгадалі самыя яркія іх моманты. Школьнікі сышліся на думцы, што спартыўныя спаборніцтвы сусветнага ўзроўню, арэнай для якіх становіцца Беларусь, павышаюць прэстыж нашай краіны, прыцягваюць турыстаў, падштурхоўваюць дзяржаву да інтэнсіўнага развіцця.

Спрыяе сацыяльна-эканамічнаму развіццю Беларусі і перапіс насельніцтва, які пройдзе з 4 па 30 кастрычніка. Школьнікі паразважалі, якія варыянты перапісу найбольш зручныя будуць для насельніцтва, наколькі важна дзяржаве ведаць сабраныя даныя і як іх можна выкарыстоўваць, будуючы прагнозы па развіцці краіны ў цэлым.

Пасля блока тэорыі вучні атрымалі магчымасць звярнуцца напрамую з пытаннямі да міністра. Натуральна, што будучых абітурыентаў хвалявалі тэмы выбару спецыяльнасці і асаблівасцей паступлення. Ігар Карпенка адзначыў, што сёння назіраецца тэндэнцыя, калі прафесіі гуманітарнага профілю адыходзяць на другі план, зніжаюцца наборы, напрыклад, на юрыдычныя спецыяльнасці, і ў той жа час на рынку вакансій робіцца акцэнт на спецыяльнасці, звязаныя з хіміяй і біялогіяй. Што да новаўвядзенняў пры паступленні, Ігар Ва­сільевіч супакоіў прысутных: істотных змен не чакаецца, за выключэннем таго, што, выбіраючы спецыяльнасці, якія патрабуюць дадатковай праверкі прафесійных навыкаў (напрыклад, лінгвістычныя спецыяльнасці), абітурыентам трэба быць гатовым здаваць пры паступленні ўнутраныя экзамены ці прахо­дзіць сумоўе.

Ігар Карпенка выказаў сваё стаўленне да абмежавання выкарыстання гаджэтаў падчас урока, а не катэгарычнай іх забароны, як часта гэта трактуецца. Міністр адзначыў, што на занятках гаджэты могуць быць і карыснымі, напрыклад, пры вывучэнні 3D-ілюстрацый у падручніках або праслухоўванні аўдыя­кніг. Але наколькі актыўна гаджэты павінны выкарыстоўвацца на ўроку, вырашае толькі настаўнік.

Падчас ток-шоу паралельна працавала аналітычная група, збіраліся меркаванні і тэзісы ад старшакласнікаў, якія можна было б выкарыстоўваць на практыцы. Развіваючы тэму мірных ініцыятыў, школьнікі прапанавалі працягнуць распрацоўку новых агра­экамаршрутаў па Беларусі, пашырыць межы супрацоўніцтва і сустрэчы на фестывальных і спартыўных пляцоўках з рознымі краінамі (асабліва з Расіяй і Кітаем). Каб спорт аб’ядноўваў усіх беларусаў, школьнікі прапанавалі ладзіць сумесныя трэніроўкі з лепшымі спартсменамі і мець магчымасць наведваць іх майстар-класы.

Адзіны дзень інфармавання ў рамках праекта “ШАГ” для старшакласнікаў у новым навучальным годзе, як і ў мінулым, будзе праходзіць у апошні чацвер кожнага месяца. На мерапрыемствы традыцыйна будуць запрашацца прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, спартсмены, медыйныя персоны. За год старшакласнікі кожнай установы адукацыі зробяць 9 тэматычных крокаў і пастараюцца пашырыць свае веды пра палітычныя і сацыяльна-эканамічныя падзеі ў Беларусі, павучацца аналізаваць інфармацыю аб сацыяльных з’явах і працэсах, уключацца ў дыскусію па праблемах развіцця сучаснага грамадства.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і БелТА.