Першы выпуск завочнага аддзялення, але, дакладна, не апошні

- 12:55"Настаўніцкай газеце" — 70

Далёкі 1947 год. У Мазырскім настаўніцкім інстытуце выпускаюцца першыя настаўнікі, што вучыліся завочна, — 36 чалавек, якія пасля атрымання дыплома пайшлі працаваць у школы Палесся. Такая падрыхтоўка настаўнікаў у гэтай установе вышэйшай адукацыі вядзецца і сёння. Прыпынялася яна толькі аднойчы: з 1961 па 1965 год.

Зараз студэнты-завочнікі складаюць 56% ад усёй колькасці студэнтаў, якія вучацца ва ўніверсітэце. Звычайна гэта жыхары розных раёнаў Гомельскай вобласці. Тым не менш сустрэць можна студэнтаў і з іншых раёнаў іншых абласцей, напрыклад, з Лунінецкага, Любанскага, Мінскага, Магілёўскага, Свіслацкага, Слуцкага, Салігорскага, Столінскага.
“У студэнтаў-завочнікаў ёсць магчымасць на працягу вучэбнага года не наведваць у такой колькасці семінары і лекцыі, як гэта робяць студэнты дзённай формы навучання, што дазваляе не адцягвацца ад работы, зберагчы свой свабодны час і сэканоміць грошы”, — паведаміў Болбас Валерый Сяргеевіч, першы прарэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна.
Тым не менш студэнты завочнай формы навучання вучацца па тых жа падручніках і праграмах, што і студэнты дзённай формы. Двойчы ў год здаюць яны і сесію.
“У сярэднім паспяховасць студэнтаў завочнай формы атрымання вышэйшай адукацыі на 2% ніжэйшая, чым на дзённай”, — расказаў Валерый Сяргеевіч.
Што дапамагае ім амаль не ўступаць у ведах сваім аднакурснікам стацыянара? На факультэтах універсітэта праводзяцца кансультацыі. Звычайна робіцца гэта па суботах у так званыя дні завочніка. У гэтыя дні таксама можна ліквідаваць і свае акадэмічныя запазычанасці.
Каб студэнты-завочнікі былі ў курсе, якія дакладна кансультацыі і калі будуць праводзіцца, на пачатку навучальнага года яны атрымліваюць графікі вучэбнага працэсу на бягучы год. Згодна з гэтым графікам, за месяц да пачатку экзаменацыйнай сесіі дэканаты рассылаюць ім даведкі-выклікі. Выдача даведак-выклікаў і яўка на экзамены абавязкова падлягаюцца ўліку.
Завочная форма навучання ў абітурыентаў карыстаецца папулярнасцю. Сёлета на завочную форму навучання ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна набор будзе весціся на такія спецыяльнасці, як “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, “Прафесійнае навучанне (машынабудаванне)”, “Прафесійнае навучанне (будаўніцтва)”, “Фізічная культура”. На гэтыя спецыяльнасці маюць права паступаць толькі тыя абітурыенты, за плячыма якіх ёсць сярэдняя спецыяльная адукацыя, якая адпавядае выбранаму профілю.
Дарэчы, на спецыяльнасці “Прафесійнае навучанне (машынабудаванне)”, “Прафесійнае навучанне (будаўніцтва)” і “Пачатковая адукацыя” па скарочанай форме навучання ў мінулым годзе быў найбольшы конкурс. Як складзецца сітуацыя сёлета, хутка пакажа час. Тым не менш на завочную форму навучання за кошт бюджэту ўніверсітэт плануе набраць 180 чалавек, на платнай аснове — 140.
Як звычайна, каб стаць студэнтам завочнай формы, зда ць трэба тры ўступныя экзамены: ЦТ па рускай ці беларускай мове на выбар, а таксама іспыты па дзвюх дысцыплінах вучэбнага плана спецыяльнасці (кірунку спецыяльнасці). На скарочаную форму навучання паступаць могуць асобы, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю па адпаведнай спецыяльнасці. На навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту дакументы будуць прымацца з 8 па 15 ліпеня, на платнай аснове — па 2 жніўня.

Святлана ШЫЯН.