Першыя ідэі юных

- 10:57Адукацыйная прастора

Крэатон для старшакласнікаў “Першыя ідэі: інклюзія” адбыўся надоечы ў Магілёве.

Мерапрыемства праводзілася ў рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта “Першыя”, які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Яго галоўныя мэты — прыцягненне мола­дзі да грамадска важных праблем, павышэнне цікавасці навучэнцаў да беларускай мовы і культуры, тэхналагічных інавацый, інклюзіі, экалогіі, укараненне высокатэхналагічных фарматаў навучання.

— Адна з галоўных задач нашага конкурсу, нашай актыўнасці “Першыя” — прадастаўленне магчымасці старшакласнікам адкрыць сваю ідэю для вялікай колькасці лю­дзей. Прэзента­ваць яе не толькі ў Беларусі, а і па ўсім свеце. Мы ўпэўнены: тыя ідэі, якія ёсць сёння сярод мола­дзі, вартыя распаўсюджвання. Менавіта таму мы арганізуем такія праекты. Праект “Першыя” ла­дзіцца ўжо другі раз. Летась былі знойдзены 10 перспектыўных ідэй, якія пасля маштабнай прэзентацыі зараз знаходзяцца на этапе рэалізацыі. Мы інвесціруем у гэтыя праекты. Чакаем, што тыя ідэі, якія згенерыруюць хлопцы і дзяўчаты з Магілёўшчыны, будуць такімі ж цікавымі, — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.   

Удзельнікамі магілёўскага крэатона сталі каля 130 вучняў 9—11-х класаў з усёй вобласці, якім цікава патрэніравацца генерыраваць ідэі, а таксама прадстаўляць іх на публіцы і атрымліваць парады і каментарыі ад экспертаў. Папярэдні крэатон у Віцебску аб’яднаў старшакласнікаў для абмеркавання праектаў у музейнай справе, дызайне і архітэктуры. Тэмай крэатона ў Магілёве стала інклюзія ў Беларусі.

Разам са спецыялістамі школьнікі разважалі пра камфорт­насць гарадской прасторы для людзей з асаблівымі патрэбамі і магчымасцямі іх удзелу ў грамадскім жыцці. Мерапрыемства прайшло ў інтэрактыўным фармаце. Прысутным быў прадстаўлены трэці эпізод беларускамоўнага падкаста, які паведамляе пра паняцце інклюзіі і дзейнасць у гэтым кірунку ў нашай краіне. Пасля школьнікі прагледзелі відэавыступленні сусветна вядомых спікераў. Убачанае для іх патлумачылі эксперты. Яны ж паставілі ўдзель­нікам канкрэтныя задачы, якія моладзь вырашала калектыўна, працуючы ў камандах. Разам навучэнцы генерыравалі ідэі, а пасля прэзентавалі свае задумы перад аўдыторыяй.

— Я ўдзельнічаю ў крэатоне “Першыя” другі раз. Даведалася пра гэтае мерапрыемства ад сваёй настаўніцы беларускай мовы. У мінулым годзе прадстаўляла праект на тэму інклюзіі, але ён крыху не задаўся. Сёлета прапаную ідэю па экалогіі. Яна заключаецца ў стварэнні мабільнага дадатку, які дапаможа лю­дзям раздзельна збіраць смецце. Крэатон не проста збірае, а сапраўды аб’ядноўвае моладзь. Мы разам працуем, разам прапануем ідэі, абменьваемся думкамі. Гэта робіць нас адзінай камандай, — паведаміла вучаніца сярэдняй школы № 25 Магілёва Марыя Церахава.

Па выніках абмеркавання журы з ліку экспертаў выбрала лепшыя выступленні. Самыя адметныя, яскравыя ідэі прапанавалі шасцёра школьнікаў. Так, вучаніца сярэдняй школы № 33 Магілёва Хрысціна Кузьмянкова лічыць, што трэба друкаваць дзіцячыя кнігі з гісторыя­мі пра тое, што такое інклюзіўная прастора, утульная для ўсіх. Навучэнка сярэдняй школы № 31 Магілёва Настасся Макась мяркуе, што ў навучальных установах варта вучыць мове жэстаў. А Ксенія Карпянкова з сярэдняй школы № 25 Магілёва пераканала прысутных, што ў мадэлі трэба браць розных людзей.

— Акцёрамі і мадэлямі, якія задзейнічаны на здымках фільмаў, рэкламы, павінны быць розныя лю­дзі. Такі падыход дапаможа зразумець: мы ўсе розныя, і таму важна паважаць адно аднаго, прымаць чалавека такім, які ён ёсць, — упэўнена дзяўчына.

Усе аўтары лепшых ідэй атры­малі ўзнагароды ад арганізатараў. Крэатон у Магілёве стаў яскравай па­дзеяй для моладзі. У хуткім часе падобныя мерапрыемствы зноў збяруць школьнікаў краіны. Тэмай крэатона ў Гродне ста­нуць тэхналагічныя інавацыі, а ў Гомелі — экалогія.

“Першыя” — гэта рэспубліканскі конкурс маладзёжных ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. Кожны ўдзельнік конкурсу на працягу навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю. У сакавіку журы выбера для ўдзелу ў фінале дзесяць лепшых праектаў. Кожны фіналіст атрымае прыз — iPhone Xs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Галіны ХІТРЫКАВАЙ.