Першыя, краязнаўчыя, сталічныя

- 10:08Выхаваўчая прастора

У аўторак на базе гімназіі № 25 Мінска прайшлі першыя гарадскія краязнаўчыя чытанні, арганізаваныя камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтрам дзяцей і моладзі, упраўленнем адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы, калектывам 25-й гімназіі. Чытанні сталі своеасаблівым падвядзеннем вынікаў плённай працы сталічных навучэнцаў і педагогаў па вывучэнні роднага краю ў рамках рэспубліканскіх акцый навучэнскай моладзі “Я — грамадзянін Беларусі” і “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Першы блін не заўсёды бывае камяком, асабліва калі ён выпякаўся рукамі сапраўдных майстроў. Калі гаварыць больш канкрэтна, то няма нічога дзіўнага ў тым, што першыя сталічныя краязнаўчыя чытанні навучэнцаў і педагагічных работнікаў прайшлі на высокім узроўні. Падобнае мерапрыемства ярка, маштабна, урачыста ладзіцца калектывам 25-й гімназіі не першы год. А пачыналася ўсё з яшчэ гімназічнага конкурсу вучнёўскіх краязнаўчых работ, потым быў раённы ўзровень. І вось новая высокая планка — гарадскі, сталічны ўзровень, гэта значыць яшчэ больш маштабны, яшчэ больш значны. Пра гэта сведчыць хаця б колькасць удзельнікаў. Больш за 70 навучэнцаў і іх педагогаў-кіраўнікоў з усіх раёнаў Мінска сабраліся на маштабны форум, каб прадставіць палітру краязнаўчых даследаванняў.
Сёлета гэтая палітра асабліва разнастайная, бо праводзіліся чытанні ў юбілейную гадавіну Вялікай Перамогі. Менавіта секцыя “70 сімвалаў Перамогі”, названая ў адпаведнасці з гарадской патрыятычнай акцыяй, стала цэнтральнай. Не менш значныя і цікавыя даследаванні прадстаўляліся на секцыях “Нам засталася спадчына” (паказваўся вопыт работы аб’яднанняў па інтарэсах, факультатываў, асобных педагогаў па арганізацыі краязнаўчай даследчай дзейнасці навучэнцаў), “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (вопыт удзелу ўстаноў адукацыі ў мерапрыемствах акцыі), “Горад майстроў”, у якім сабраліся ўдзельнікі творчых аб’яднанняў па вывучэнні народных рамёстваў.
— Калі глядзіш на блакітнае неба, на нашу чыстую мірную зямлю, хочацца сказаць толькі адно: перадавайце сваім дзецям, унукам, аднакласнікам тую любоў і павагу да роднай зямлі, якая пануе ў вашых сэрцах і душах. Важна, каб у Год моладзі вы не забывалі здзяйсняць добрыя справы на карысць нашай светлай, незалежнай роднай зямлі. Заўсёды клапаціцеся пра сваю зямлю, беражыце яе так, як гэта робяць нашы паважаныя ветэраны. Наша моладзь сфарміравана на вашым выхаваўчым патэнцыяле. Нізкі паклон за вашы справы, — звярнулася да малодшых і старэйшых удзельнікаў чытанняў намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Міхайлаўна Вялікая.
Асаблівыя словы падзякі ветэранам за мірнае неба, за іх клопат у справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі выказала і начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Людміла Расціславаўна Ляхновіч. Ад імя прадстаўнікоў старэйшага пакалення, тых, хто 70 гадоў назад выратаваў Еўропу ад фашызму, выступіла Яўгенія Васільеўна Канавалава. Яна адзначыла важнасць таго клопату, які праяўляюць да ўдзельнікаў і сведак Вялікай Айчыннай вайны вучні, настаўнікі, прадстаўнікі органаў улады. Наогул, першыя гарадскія краязнаўчыя чытанні — унікальнае мерапрыемства. У адной зале 25-й гімназіі сабраліся чатыры пакаленні патрыётаў. Ад ветэранаў, якія даказвалі сваю любоў да Радзімы на франтах вайны, у партызанскіх атрадах, і да сучасных вучняў, якія даказваюць любоў да роднага краю на краязнаўчых франтах мірнага жыцця.
Падзеі на гэтых франтах надзвычай насычаныя. Кожны дзень тут адбываюцца “баявыя” аперацыі па пошуку невядомых раней фактаў з жыцця знакамітых людзей, з гісторыі вёсак, якія ператварыліся ў сталічныя мікрараёны, вывучэнні юнымі краязнаўцамі малой радзімы сваіх бацькоў. За паспяховае правядзенне “баявых” аперацый вучні атрымліваюць своеасаблівыя ўзнагароды. Канечне, гэта не медалі і ордэны, аднак і дыпломы камітэта па адукацыі — значная ўзнагарода. Менавіта такія ўзнагароды атрымалі па выніках работы секцый удзельнікі чытанняў.
Так, дыпломам І ступені ў секцыі “70 сімвалаў Перамогі” ўзнагароджана навучэнка сярэдняй школы № 139 Валерыя Герасімовіч за работу “Сямейная рэліквія: гісторыя і лёсы”, у секцыі “Нам засталася спадчына” лепшай прызнана работа навучэнкі гімназіі № 50 Дар’і Агароднік “Прыдарожныя крыжы Беларусі”, у секцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” — работа Яраслава Бардзілоўскага з сярэдняй школы № 77 “Люблю цябе я, Свіршчына мая!..”, у секцыі “Горад майстроў” — работа навучэнкі сярэдняй школы № 157 Ксеніі Плішч “Дзіўная прафесія”.
Лепшыя работы ўвойдуць у спецыяльны зборнік, які будзе выдадзены па выніках чытанняў, а найбольш вопытныя сталічныя педагогі-краязнаўцы выступяць на міжнароднай краязнаўчай канферэнцыі, якая, як плануецца, пройдзе ў Мінску ў канцы красавіка і пра якую мы абавязкова паведамім на старонках нашага выдання.

Ігар ГРЭЧКА.