“Першыя”: крэатыўныя рашэнні для горада і не толькі

У Віцебску дадзены старт серыі крэатонаў для старшакласнікаў у рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта “Першыя”, што ажыццяўляецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk.

Падобны адукацыйны праект velcom YOUTH кампаніі А1 у мінулым навучальным годзе зацікавіў вялікую мала­дзёжную аўдыторыю. Сёлетнія “Першыя” разгортваюцца яшчэ больш маштабна. Магчымасц­ь паўдзельні­чаць у рэспубліканскім конкурсе ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства або жыццё людзей да лепшага, разам з навучэнцамі старшых класаў атрымалі дзевяцікласнікі. Адначасова з ростам колькасці зарэгістраваных удзельнікаў пашыраецца геаграфія праекта: акрамя Мінска, месцам правядзення воркшопаў і адукацыйных мерапрыем­стваў вызначаны чатыры абласныя цэнтры. Узбагацілася і тэматыка конкурсу: да трох ранейшых дадаўся экалагічны блок. На працягу навучальнага года канкурсанты будуць распрацоўваць свае ідэі, затым дзесяць фіналістаў прадста­вяць іх на маладзёжнай канферэнцыі [email protected] Кожны ўдзельнік фіналу атрымае прыз — iPhone Xs.

Горад мастакоў і фестываляў стаў зыходным пунктам акцыі. Крэатон “Першыя ідэі: культура” сабраў у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва навучэнцаў больш як 20 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з Віцебска, Маладзечна, Мінска і Наваполацка — усяго амаль 120 юнакоў і дзяўчат, каго зацікавіла прапанова патрэніравацца генерыраваць ідэі і прэзентаваць іх на публіцы, атрымаць парады і кансультацыі экспертаў. Удзел у крэатоне быў бясплатным, па папярэдняй рэгістрацыі.

— Наша мэта — даць школьнікам пляцоўку, дзе яны змогуць паказаць, што ўмеюць нестандартна думаць. Такі фармат зносін эфектыўны і патрэбны моладзі, — адзначыў спікінг-коўч TEDxMinsk радыёвядучы Дзмітрый Смірноў. — У нас не было сумненняў, якія тэмы прапанаваць, бо менавіта Віцебск — наймацнейшы цэнтр прыцягнення талентаў, унікальны феномен на айчыннай культурнай прасторы, які фарміруе і ў многім вызначае яе аблічча.

Для наступнага абмеркавання навучэнцам паказалі некалькі ролікаў TED з выступленнямі вядомых спікераў, прысвечанымі маштабным праектам у музейнай справе, дызайне і архітэктуры. Для таго каб азнаёміць моладзь з культурнай праблематыкай і дапамагчы паглыбіцца ў яе, напярэдадні воркшопа арганізатары праекта выпусцілі другі эпізод беларускамоўнага падкаста для падлеткаў: у гутарцы з вядучым Дзмітрыем Смірновым акцёр і рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Раман Падаляка расказвае, якія спектаклі варта наведваць, да каго звяртацца па дапамогу пры рэалізацыі праектаў у сферы культуры і як да іх рыхтавацца. Дарэчы, да наступных крэатонаў таксама будуць выходзіць новыя эпізоды падкаста.

Пасля прагляду відэа ўдзельнікаў размеркавалі па дзесяці камандах, дзе пад кіраўніцтвам ментараў — студэнтаў-валанцёраў з філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава — яны шукалі адказы на пытанні: “Як зрабіць так, каб сучасная моладзь больш хадзіла ў музеі?” і “Як культура можа стаць асновай для развіцця рэгіёна і нават цэлай краіны, дапамагчы стварыць вобраз крэатыўнага горада?” На кожным з двух этапаў крэатона маладыя людзі выказвалі ўласныя ідэі, абмяркоўвалі іх перспектыўнасць і ўзгаднялі фармат вусных прэзентацый, з якімі прадстаўнікі каманд потым выступалі перад аўдыторыяй і журы. Агучаныя прапановы ацэньвалі кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці Віктар Пазнякоў і спецыяліст групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці Кацярына Севасцьянчук (кампанія А1), каардынатар Vitebsk4me Уладзімір Булаўскі, дырэктар Цэнтра ўрбаністычных праектаў і ініцыятыў “Прастора” Аксана Кузіна, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ імя П.М.Машэрава Генадзь Арцямёнак і дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў.

— Сёння вы, магчыма, паспрабуеце змяніць віцебскія музеі, і мы б гэтага вельмі хацелі, — падкрэсліў Уладзімір Булаўскі,— бо сучасны музей — не проста памяшканне з тэматычнай выставай, куды наведвальнікі прыходзяць з экскурсіямі, а адкрытая пляцоўка, прастора, якую можна мяняць, варта мяняць і якую кожны наведвальнік мяняе хаця б тым, што ён там знаходзіцца.

На думку навучэнцаў, музеі павінны быць інтэрактыўнымі і арыентаванымі на розныя мэтавыя аўдыторыі, у тым ліку адаптаванымі для наведвання людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Сярод ідэй, агучаных навучэнцамі, — стварэнне ў музеях пустых белых пакояў — зон для творчасці і адпачынку, зручных мабільных дадаткаў, вулічных грамадскіх бібліятэк; інтэграцыя музеяў у інтэрнэт і сацыяльныя сеткі (Instagram, YouTube, Like, Tik-Tok), распрацоўка захапляльных віртуальных экскурсій для турыстаў, адкрыццё арыгінальных тэматычных вулічных лакацый — ад прысвечаных пэўным эпохам або вядомым беларусам да графіці або сцяны каментарыяў, на якой кожны турыст зможа занатаваць свае ўражанні і прапановы, і домікаў на дрэвах, дзе будуць размешчаны кафэ і зоны адпачынку.

Пры вызначэнні самых яркіх і цікавых прапаноў журы звяртала ўвагу на крэатыўнасць, навізну, рэалістычнасць і магчымасць рэалізацыі ідэй, арыгінальнасць і нестандартнасць рашэння, паспяховасць прэзентацыі. У выніку шэсць ідэй былі вылучаны экспертамі і адзначаны ўзнагародамі.

— Пра крэатон расказалі настаўнікі. Нас тут шасцёра з дванаццатай школы — шкада толькі, апынуліся мы ў розных камандах, — падзялілася ўражаннямі адна з пераможцаў конкурсу адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 12 Віцебска Настасся Шчаглова. — Асабіста мяне найперш прывабіла беларускамоўнасць праекта. Я захапляюся роднай мовай, таму і прыйшла. Цікава стала, што будзе адбывацца. Ад сваёй групы мы параілі актыўней задзейнічаць сучасныя тэхналогіі ў музеях і далучаць падлеткаў да правядзення экскурсій, выпускаць тэматычныя фільмы і серыялы пра музеі, экспазіцыі і экспанаты, ствараць незвычайныя новыя музеі — напрыклад, музей мемаў. Не чакала, канечне, перамогі, але атрымалася здорава. Калі яно не стане перашка­джаць падрыхтоўцы да паступлення ва ўніверсітэт (збіраюся на філалагічны факультэт), буду працягваць гэтым займацца. Чаму б не?

Наступныя крэатоны пройдуць 1 лютага ў Магілёве (“Першыя ідэі: інклюзія”), 15 лютага ў Гродне (“Першыя ідэі: тэхналогіі”) і 29 лютага ў Гомелі (“Першыя ідэі: экалогія”). Прыём заявак яшчэ працягваецца. Прапанаваць сваю ідэю можна да 8 сакавіка. Больш падрабязнай інфармацыі — на сайце праекта “Першыя” generation.a1.by.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.