Першыя крокі да інклюзіі

- 11:00Навіны рэгіёнаў

На Магілёўшчыне адбылося чарговае пасяджэнне Савета кіраўнікоў спецыяльных навучальных устаноў краіны. Сумесна дырэктары спецыяльных і дапаможных школ, загадчыкі цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, прадстаўнікі абласнога ўпраўлення адукацыі і Міністэрства адукацыі абмеркавалі асаблівасці пераходу да інклюзіўнага навучання.

Адметна, што ў Магілёўскай вобласці ўжо дасягнулі пэўных станоўчых напрацовак у гэтым кірунку. Была прынята і планамерна рэалізоўваецца рэгіянальная мадэль спецыяльнай адукацыі, атрымалася палепшыць суправаджэнне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Яно стала комплексным і вядзецца ўстановамі адукацыі, аддзеламі сацыяльнай абароны насельніцтва і медыцынскімі ўстановамі. Дзякуючы ўсеагульнай зацікаўленасці, асаблівыя дзеткі больш актыўна ўключаюцца ў сумесную са здаровымі аднагодкамі дзейнасць, паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў спецыяльнай адукацыі, павышаецца прафесійная кампетэнтнасць педагагічных калектываў.— Усё гэта дазваляе нам дасягаць паляпшэнняў у фізічным стане дзяцей з АПФР, больш поўнай іх сацыялізацыі ў грамадстве, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова.
Удзельнікі пасяджэння наведалі ўстановы спецыяльнай адукацыі Шклоўскага раёна. У раённым ЦКРНіР педагогі арыентуюцца не на складанасці дыягназу, а на патэнцыяльныя магчымасці кожнага дзіцяці. Своечасовая дыягностыка, карэкцыйна-развіццёвая работа, правільны выбар адукацыйных маршрутаў дазваляе выпускнікам цэнтра эфектыўна інтэгравацца ў грамадства.
Не менш старанна працуюць у Шклоўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку. Ва ўстанове створаны ўсе неабходныя ўмовы для пражывання і навучання выхаванцаў. Матэрыяльна-тэхнічная база тут адпавядае апошнім патрабаванням часу. Акрамя абсталяваных класаў, ва ўстанове ёсць сенсорны сад, кабінеты прасторавага арыентавання, развіцця зрокавага ўспрымання, сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, дзе ажыццяўляецца работа па фарміраванні ў навучэнцаў уменняў і навыкаў, неабходных для самастойнага жыцця.
Асаблівы гонар школы — рэсурсны цэнтр. Вучэбны кабінет, выдзелены пад гэтыя мэты, абсталяваны навейшымі спецыяльнымі сродкамі навучання: тактыльна-моўная вучэбная сістэма, прынтар для друку шрыфтам Брайля, калькулятар з галасавой функцыяй, чарцёжны механізм. Але не толькі тэхнічным перааснашчэннем займаюцца педагогі школы. Для павышэння якасці вучэбнага працэсу яны імкнуцца да ўкаранення інавацыйных форм і метадаў навучання. Як заўважыла падчас пленарнага пасяджэння дырэктар установы Інга Аляксандрава, вынік падобнага падыходу адпаведны.
Выпускнікі школы — неаднаразовыя пераможцы розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, прызёры конкурсаў і фестываляў дзіцячай творчасці, спартакіяды для дзяцей з АПФР, яны паспяхова сацыялізуюцца ў грамадстве. Установа прызнана лепшай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школай-інтэрнатам краіны.
— Нашаму педагагічнаму калектыву ўдалося дасягнуць пэўных вынікаў, назапашаны вялікі вопыт работы. Мы гатовы падзяліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі, — выказала прапанову Інга Віктараўна.
На яе думку, варта задумацца над наладжваннем сеткавага ўзаемадзеяння паміж установамі спецыяльнай адукацыі, а таксама магчымасцямі перападрыхтоўкі педагогаў на базе рэсурсных цэнтраў.
Па словах начальніка аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніны Змушко, рэсурсныя цэнтры, як і спецыяльныя навучальныя ўстановы ў цэлым, іграюць асаблівую ролю ў развіцці інклюзіўнай адукацыі.
— Зараз мы робім толькі першыя крокі, знаходзімся на пачатковым этапе ўкаранення інклюзіўнай адукацыі. Але ўжо многа чаго зроблена. Прынята Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі, у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі будуць прадугледжаны адпаведныя артыкулы. Такім чынам, мы паступова, але ўпэўнена рухаемся да інклюзіі, — адзначыла Антаніна Міхайлаўна, падрабязна расказаўшы калегам пра ўсе аспекты рэалізацыі інклюзіўных працэсаў у навучальных установах.
Інтэнсіўны рух да інклюзіі вядзецца ў сярэдняй школе № 45 абласнога цэнтра і Магілёўскім эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы. У 45-й школе дзейнічае пункт карэкцыйна-развіццёвай дапамогі, створана безбар’ернае асяроддзе, функцыянуюць інтэграваныя класы. Акрамя арганізацыі ўмоў для навучання ў агульнаадукацыйнай школе, дзетак з асаблівасцямі ўсяляк далучаюць да сумеснай дзейнасці са здаровымі аднагодкамі, агульнашкольных мерапрыемстваў. Актыўна развіваюць тут і карэкцыйны працэс, укараняючы новыя формы правядзення ўрокаў, распрацоўваючы спецыяльныя вучэбныя гульні.
Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж на шляху да інклюзіі знаходзіцца ўжо 18 гадоў, з моманту ўзнікнення Цэнтра прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з АПФР. Зараз у цэнтры арганізавана навучанне па пяці спецыяльнасцях, на заняткі дзяцей дастаўляе спецыялізаваны транспарт, а створанае безбар’ернае асяроддзе дазваляе ім свабодна перамяшчацца па ўсёй установе, таму пры жаданні і магчымасцях, атрымаўшы дыплом аб прафесійнай адукацыі на базе цэнтра, дзеці з асаблівасцямі могуць працягнуць навучанне на ўзроўні ССА, займаючыся ў інтэграваных групах. Падзелу на дзяцей здаровых і асаблівых тут ніколі не рабілі.
Удзельнікі пасяджэння прапанавалі прадоўжыць фарміраванне талерантнага стаўлення да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў грамадстве, развіццё інклюзіўнай культуры праз арганізацыю міжведамаснага ўзаемадзеяння з установамі аховы здароўя, сацыяльнай абароны. Быў таксама распрацаваны шэраг прапаноў у План мерапрыемстваў рэалізацыі Канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі з пункту гледжання ролі і месца спецыяльных навучальных устаноў у інклюзіўнай прасторы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.