Першыя крокі да крэатыўнай эканомікі

Ці магчыма сумясціць эканоміку і творчасць? Лёгка! У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны паказалі як гэта зрабіць.

Нараджэнне ідэі

Цікава, што задума такая нарадзілася спантанна за кубачкам чаю і не ў каго-небудзь, а ў выкладчыкаў факультэта псіхалогіі і педагогікі Наталлі Новак, Аліны Жураўлёвай і Галіны Грамыка-Заулінай, якая і стала асноўным натхняльнікам.

— Хацелася зрабіць нешта незвычайнае, па-сапраўднаму захапляльнае, што выклікае цікавасць у шырокага кола людзей і — галоўнае, — што прыцягне студэнтаў без усялякага адміністрацыйнага рэсурсу, — дзеліцца намеснік дэкана па прафарыентацыйнай дзейнасці кандыдат псіхалагічных навук Н.Г.Новак. — Больш за тое, быў намер паказаць таленавітым юнакам і дзяўчатам, як можна сваё хобі ператварыць у заробак, стаўшы часткай набіраючай папулярнасць крэатыўнай эканомікі.

Супрацоўнікі ўніверсітэта звярнуліся ў каворкінг-цэнтр майстроў і рамеснікаў “Свая палiчка” з прапановай паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Далей інфармацыя пра фэст пайшла па сацыяльных сетках, і спіс жадаючых прыняць удзел штодня папаўняўся. Так нарадзілася тыднёвая арт-падзея “Крэатыўная хваля”, якая разгарнулася ў выставачнай зале ГДУ імя Ф.Скарыны і аб’яднала таленавітых крэатыўных людзей, дазволіла ім абменьвацца творчымі і інтэлектуальнымі ідэямі. Атрымалася нешта накшталт маленькага гарадка, у якім жывуць і кіруюць рамеснікі, мастакі, паэты і пісьменнікі, фатографы, дызайнеры, тэатральныя дзеячы.

Прыемна і з карысцю

На выставачных стэндах размясціліся разнастайныя аўтарскія работы мастакоў і фатографаў, па імправізаваным подыуме дэфіліравалі мадэлі розных узростаў, дэманструючы калекцыю show-room “Аўтарская мода” ад вядомага беларускага дызайнера Людмілы Лабковай і калекцыю галаўных убораў ад майстра Вольгі Шуліко. Так ажыўлена пачалося дзейства.

Арт-падзея была даволі разнастайная. Кожны, хто наведаў мерапрыемства, знайшоў тут нешта цікавае для сябе. Музычна-літаратурны салон, выступленні ансамбляў і міні-тэатраў, шэраг майстар-класаў па розных кірунках — вось чым быў насычаны кожны дзень “Крэатыўнай хвалі”.

Майстар-клас — адна з найбольш удалых форм не толькі для таго, каб павысіць сваё майстэрства ў той ці іншай справе, але і навучыцца чамусьці новаму. Арт-падзея дала такую магчымасць усім наведвальнікам. Настасся Залатая-Канцавенка прапанавала майстар-клас па стварэнні фота-вобраза.

З народнай прыкладной творчасцю госці маглі пазнаёміцца на майстар-класе “Стварэнне птушкі шчасця”, які праводзіла практыкуючы псіхолаг-коўч і педагог Таццяна Калачова. Матаннем лялек-абярэгаў Таццяна займаецца пяць гадоў, і пад яе кіраўніцтвам з лёгкасцю засвоіць тэхніку лялька-матанка змаглі нават самыя маленькія гледачы. Зробленую сваімі рукамі чароўную птушку шчасця кожны пакінуў сабе.

Для тых, каму цікава было размяць рукі, перабіраючы пруткі і кручкі, на мерапрыемстве працавала Вольга Ачарэтная, якая ўжо некалькі гадоў з’яўляецца супрацоўнікам цэнтра дапамогі анкапацыентам і іх блізкім “Мерыдыян надзеі”. Разам з Вольгай жадаючыя вязалі сувенір пад назвай “Чалавек-сэрца”.

Ланцужок майстар-класаў у першы дзень завяршалі практыкуючыя псіхолагі, якія выкарыстоўваюць у сваёй рабоце таксама і крэатыўныя метады псіхалагічнай дапамогі. Так, Наталля Новак прадэманстравала магчымасці пясочнай тэрапіі, а Святлана Шчакудава расказала пра прымяненне ў псіхалогіі прафесійных коўчынгавых асацыятыўных карт. Варта сказаць, што псіхалогія вабіла многіх, тут назіраўся сапраўдны ажыятаж.

Адным з найбольш запамінальных і глыбокіх у праграме арт-падзеі стала выступленне псіхалагічнага інтэграцыйнага тэатра MOON з перформансам “Выбар”. Асноўная ідэя гэтай пастаноўкі ў тым, што ў любой, нават самай складанай, і на першы погляд бязвыхаднай сітуацыі ў чалавека заўсёды ёсць выбар. Што лепш: акунуцца ў вір нянавісці, помсты, крыўды, дэпрэсіі ці звярнуцца да ўнутранага свету, захаваўшы цяпло і любоў да жыцця? На гэтае пытанне і далі аргументаваны адказ акцёры.

Вельмі кранулі гледачоў таксама і ўдзельнікі Эматыўнага Тэатра Асацыяцый (“Э.Т.А.”), які створаны пры цэнтры дапамогі анкапацыентам і іх блізкім “Мерыдыян надзеі”. Калектыў гэтага незвычайнага тэатра прадставіў тры перформансы, з якімі ён выступае перад анкалагічна хворымі людзьмі. Выступленні складаюцца з жыццесцвярджальных мініяцюр, прызваных абуджаць надзею і ўмацоўваюць веру.

Такім насычаным і разнастайным стаў першы дзень “Крэатыўнай хвалі”, які прыпадаў на суботу. Завяршыўся ён утульным “Французскім вечарам”, які арганізаваў народны калектыў Рэспублікі Беларусь “Арт-кафэ на Ірынінскай” сумесна з літаратурна-музычным салонам Гомельскай абласной бібліятэкі.

Як хобі становіцца брэндам

Пасля нядзельнага адпачынку выставачная зала Гомельскага дзяржуніверсітэта зноў чакала гасцей. На працягу ўсяго тыдня наведвальнікам прапанавалі псіхалагічныя трэнінгі і гульні, выступленні спевакоў і артыстаў тэатра, цікавыя адукацыйныя майстар-класы, на якіх можна было навучыцца рэалізоўваць і прадаваць свае ідэі.

Як адзначыла прадстаўнік каворкінг-цэнтра “Свая палiчка” і суарганізатар фэсту Наталля Цялегіна, чаканні арганізатараў апраўдаліся. “Крэатыўная хваля” стала месцам, дзе пазнаёміліся прадстаўнікі розных напрамкаў мастацтва. Дарэчы, у каворкінг-цэнтры ўжо ёсць прыклады таго, як творчыя людзі знайшлі адно аднаго на падобных мерапрыемствах і зараз прасоўваюць агульны брэнд. Адна з такіх асоб выпускніца эканамічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны Яна Маркелава, якая сёння з’яўляецца сузаснавальнікам брэнда адзення “Крокi”. А яшчэ Яна можа служыць добрым доказам таго, што крэатыўная эканоміка мае месца быць і становіцца актуальным напрамкам бізнесу, які, несумненна, будзе цікавым творчай моладзі.

— Я наведвала такія мерапрыемствы ў якасці гледача падчас вучобы ва ўніверсітэце, — расказала дзяўчына. — А цяпер ужо сама прымаю ўдзел як саўладальнік брэнда. Такія фестывалі сапраўды важныя для творчых людзей, бо дазваляюць не толькі паказаць сябе, але і ўзяць нейкія веды, натхніцца на новыя здзяйсненні.

Станоўчыя эмоцыі ад удзелу ў арт-падзеі, здаецца, былі ва ўсіх без выключэння.

— Я атрымала велізарнае задавальненне ад мерапрыемства, — падзялілася загадчык кафедры фінансаў і крэдыту ГДУ імя Ф.Скарыны Вольга Башлакова. — Толькі творчыя людзі здольныя мадэляваць традыцыйныя рэсурсы і атрымліваць зусім новы прадукт — усё гэта якраз кладзецца ў аснову фарміравання новага і перспектыўнага сектара эканомікі — крэатыўнай эканомікі. Гомельскі ўніверсітэт стаў сапраўднай крэатыўнай пляцоўкай для ўвасаблення творчых ідэй і пошуку аднадумцаў. Дарэчы, калі я была студэнткай нашага ўніверсітэта, таксама праводзілася падобнае грандыёзнае мерапрыемства пад назвай “Арт-сесія”. Такім чынам, мы працягваем добрыя традыцыі ўстановы.

Упісаць “Крэатыўную хвалю” ў лік традыцыйных мерапрыемстваў універсітэта паабяцаў прарэктар па выхаваўчай рабоце Юрый Нікіцюк. Ён адзначыў, што такога фармату фестывалі накіраваны на карыснае баўленне часу і развіццё творчых і прафесійных навыкаў, таму важныя як для студэнтаў, так і для выкладчыкаў.

Да арт-падзеі падключыліся таксама старшыня гомельскай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіна Пашэд і дырэктар прыватнай установы “Тэрыторыя развіцця — ХХІ стагоддзе”, каардынатар Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы (Мінск), каардынатар праграмы “Навучальны горад для крэатыўнай эканомікі” па Гомельскай вобласці, якая рэалізуецца прадстаўніцтвам Нямецкіх народных універсітэтаў, Ірына Багданец.

— Напэўна, пакуль не ўсе разумеюць, што сёння нараджаецца новая падзея для Гомеля і вобласці, — сказала на адкрыцці мерапрыемства Ірына Іванаўна. — Гэта я кажу з улікам актуальных кірункаў развіцця краіны — развіццё малога і сярэдняга бізнесу, развіццё турызму, крэатыўная эканоміка, зялёная эканоміка, IT-сфера і лічбавізацыя.

Насамрэч, “Крэатыўная хваля” стала яркім прыкладам развіцця крэатыўнай эканомікі, якую будуюць менавіта рамеснікі, дызайнеры, архітэктары, мастакі і фатографы, сродкі масавай інфармацыі, стваральнікі рэкламных і IT-прадуктаў — усе, хто ў працэсе інтэлектуальнай працы знаходзіць крэатыўны падыход і ведае як зарабляць на гэтым грошы.

Галіна Пашэд адзначыла, літаральна нядаўна стартаваў праект “Навучальны горад для крэатыўнай эканомікі”, і дзякуючы ідэйным выкладчыкам універсітэта Гомельская вобласць стала піянерам у яго рэалізацыі.

Толькі ў першы дзень арт-падзея сабрала больш як 250 чалавек, колькі наведвальнікаў мерапрыемства было за ўвесь тыдзень, нават немагчыма падлічыць. І гэта пры тым, што ініцыятыва зыходзіла ад саміх творцаў.

— Атрымалася нават лепш, чым мы чакалі, — прызнаецца намеснік дэкана факультэта псіхалогіі і педагогікі Наталля Новак. — Часта здараецца, што першы раз не ўсё атрымліваецца складна, з’яўляюцца думкі, як выправіць тое ці іншае ў наступны раз. А нам застаецца хіба толькі пашыраць праграму і прыцягваць новых удзельнікаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.