Першыя крокі да STEM-адукацыі

Развіццё ІТ-індустрыі, курс на пабудову ІТ-краіны і пераход да лічбавай эканомікі патрабуе атрымання STEM-адукацыі, а значыць, усё больш школьнікаў павінны ўцягвацца ў матэматыку, дакладныя навукі, робататэхніку, інжынерыю і дэманстраваць поспехі ў гэтых галінах, а таксама развіваць праактыўнасць, сістэмнае і праектнае мысленне.

Больш за 250 устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку сярэдняя школа № 16 Мазыра, паўдзельнічалі ў конкурсе “Хачу вучыцца ў STEM-класе!”, які праводзіла асацыяцыя “Адукацыя для будучыні”. Настаўнікі матэматыкі, інфарматыкі і фізікі падалі анкету, у якой адзначылі свае дасягненні ў дакладных навуках, а навучэнцы школы — відэаролік, дзе расказалі пра тое, для чаго ім хацелася б вучыцца ў STEM-класе.

Па выніках першага этапу наша школа ўвайшла ў лік 70 лепшых і перайшла ў другі тур. Для далейшага ўдзелу педагогі школы распрацавалі і правялі пазаўрочнае мерапрыемства па тэме “Лабараторыя вагавых вымярэнняў” і заняткі гуртка па робататэхніцы “Выхад караблёў у віртуальную прастору”. Кожныя заняткі арганізоўваліся на аснове праектнага падыходу. Навучэнцы былі сарыентаваны на практычную праблему, якую вырашалі з улікам міжпрадметных сувязей, з высокай ступенню самастойнасці, каманднай работы.

У снежні педагогі нашай школы правялі калядныя “ІТ-канікулы” ў Мінску, на якіх наведалі ІТ-кампаніі, дзе змаглі асабіста пагута­рыць са спецыялістамі, даведацца пра шлях у ІТ-індустрыю і зразумець, як можна дапамагчы ў гэтым навучэнцам выпускных класаў, якія цікавяцца інфармацыйнымі тэхналогіямі і жадаюць пасля заканчэння школы вучыцца і працаваць у гэтай галіне.

Па выніках конкурсу наша шко­ла была ўдастоена дыплома фіналіста, а настаўнік фізікі А.М.Кравец, настаўнікі матэматыкі А.І.Еўжык, Л.А.На­вумік і настаўнік інфарматыкі М.Ф.Федарэнка за ініцыятыву і ўклад у развіццё STEM-адукацыі ў Беларусі прызнаны STEM-лідарамі 2018 года. Удзел у гэтым конкурсе стаў стымулам для далейшага развіцця ў школе STEM-адукацыі.

Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” ў канцы студзеня правяла на базе нашай школы дзве канферэнцыі: ProIT — для навучэнцаў 8—11 класаў і ProSTEM — для настаўнікаў прадметаў прыродазнаўчанавуковага цыкла.

Прафарыентацыйная канферэнцыя ProIT для школьнікаў праходзіла з мэтай прадстаўлення навучэнцам актуальнай інфармацыі пра сучасныя прафесіі, азнаямлення з ІТ-галіной і магчымасцямі работы ў ёй, інфармавання пра розныя прафесіі і ролі ў індустрыі інфармацыйных тэхналогій і распрацоўцы праграмнага забеспячэння. Для навучэнцаў былі арганізаваны міні-лекцыя і майстар-класы ад спецыялістаў ІТ-сферы.

Каардынатар адукацыйных праек­таў асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” Варвара Злобіна расказала пра магчымасці асацыяцыі для школьнікаў і ІТ-канікулы. Інжынер па тэсціраванні ў Quality Lab Ганна Палей пагутарыла з навучэнцамі пра тэсціраванне ПЗ. Інжынер па радыёэлектроніцы Раман Дзяшковіч правёў майстар-клас “Тайм-менеджмент для непрафесіяналаў”.

Цікава прайшла сустрэча з інжынерам-праграмістам з Rozum Robotics студэнтам ФПМІ БДУ Ільёй Грозавым, які прыйшоў з сюрпрызам для школьнікаў і настаўнікаў — робатам-маніпулятарам Pulse. Не менш цікава прайшоў майстар-клас “Што такое зручны інтэрфейс?”, які правяла для навучэнцаў А.С.Баранава.

Канферэнцыя ProSTEM для педагогаў была прысвечана распаўсюджванню перадавога педагагічнага вопыту, звязанага з інфармацыйна-тэхналагічнымі метадамі. Змястоўнымі атрымаліся майстар-класы па канструяванні з кардону (Я.М.Таўсцякова, настаўніка матэматыкі сярэдняй школы № 12 Светлагорска), па стварэнні кіруемых прылад на базе вылічальнай платформы Arduino (А.А.Свірыдава, настаўніка інфарматыкі лельчыцкай сярэдняй школы № 1), па асновах 3D-друку (С.В.Мешчанка, арганізатара раённага STEM-цэнтра, настаўніцы інфарматыкі і англійскай мовы лельчыцкай сярэдняй школы № 1). На заканчэнне канферэнцыі ProSTEM Варвара Злобіна асвятліла пытанні падтрымкі настаўніцкіх ініцыятыў і прэзентавала даследаванні STEM-падыходу ў адукацыі.

Удзел у згаданых мерапрыем­ствах даў штуршок для далейшай работы па развіцці STEM-адукацыі ў нашай школе.

Максім ФЕДАРЭНКА,
настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 16 Мазыра.