Першыя крокі ў навуку

- 17:26Нам пішуць

Грамадству сёння неабходны людзі, якія валодаюць словам, умеюць абараніць свае перакананні, погляды, творча ўключыцца ў працэс міжасобаснай камунікацыі. Менавіта таму на сучасным этапе, калі выкарыстоўваецца кампетэнтнасны падыход да арганізацыі адукацыйнага працэсу, даследчыя метады навучання дазваляюць фарміраваць у вучняў кампетенцыі, якія дазволяць паспяхова дзейнічаць у розных жыццёвых сферах. Які сучасны настаўнік не марыць, каб дзеці на яго ўроку працавалі з цікавасцю, творча? Менавіта таму неабходна раскрываць і развіваць творчыя здольнасці вучняў, супрацоўнічаць з імі, выхоўваць жаданне шукаць новыя веды.

Каб выявіць адораных і высокаматываваных вучняў, уключыць іх у навукова-даследчую дзейнасць, на базе Рагозніцкай сярэдняй школы прайшла школьная навукова-практычная канферэнцыя “Першыя крокі ў навуку”, у якой узялі ўдзел 8 вучняў 4—11 класаў.

Да канферэнцыі вучні карпатліва рыхтаваліся пад кіраўніцтвам дасведчаных педагогаў: выбар тэмы даследаванняў, фармуліроўка мэт і задач, вывучэнне літаратуры. Было прадстаўлена 7 даследчых работ па такіх напрамках, як: матэматыка, беларуская мова, руская літаратура, біялогія, краязнаўства.

Цікавы матэрыял прадставілі самыя маленькія ўдзельнікі канферэнцыі Мілана Сасноўская і Ілья Гарадок аб гісторыі Рагозніцкага крухмальнага завода (брэнд “Крухмалыч”). Кацярына Рагацэвіч даследавала віды дрэў і хмызнякоў, якія растуць на прышкольнай тэрыторыі, выявіла адрозненні іх паходжання.

Вучні цікавяцца мінулым нашай мясцовасці. Работа Кацярыны Крэўскай прысвечана адметнасцям вясельнага абраду вёскі Вялікая Рагозніца Мастоўскага раёна. Па выніках фальклорнай экспедыцыі, арганізаванай у сваёй мясцовасці, а таксама дзякуючы запісам успамінаў старажылаў вёскі стала магчымым апісаць усе этапы вясельнага абраду.

Дзве даследчыя работы прысвечаны матэматыцы. Вучні даказалі, што матэмытыка адыгрывае вялікую ролю пры выбары далейшага жыццёвага шляху, а таксама вызначылі, для якіх прафесій матэматыка прыярытэтная. 9-класніца Хрысціна Раманенка для даследавання выбрала тэму “Фразеалагізмы са значэннем “разумовай дзейнасці чалавека” ў беларускай мове”.

Журы было няпроста вызначыць пераможцаў. У выніку пяць лепшых работ вырашылі накіраваць на раённую навукова-практычную канферэнцыю “Пошук. Творчасць. Пазнанне”.

Лілія САСНОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Рагозніцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.