Першыя крокі ў прафесію

- 9:40Навіны рэгіёнаў

На Ляхавіччыне падвялі вынікі раённага конкурсу “Педагагічны дэбют” сярод настаўнікаў другога года работы.

— Каб стаць кампетэнтным спецыялістам, трэба прайсці доўгі і нялёгкі шлях прафесійнага станаўлення. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць конкурсы прафмай­стэрства, прычым не толькі сярод вопытных педагогаў. На Ляхавіччыне ўдзя­ляюць вялікую ўвагу рабоце з маладымі спецыялістамі. Конкурс “Педагагічны дэбют” праводзіўся з мэтай выяўлення маладых актыўных педагогаў, якія добра валодаюць эфектыўнымі метадамі, прыёмамі, сродкамі і тэхналогіямі навучання. Спаборніцтва складалася з двух этапаў — завочнага і вочнага. На першы этап рыхтаваліся канспекты вучэбных заняткаў і электронныя партфоліа маладых спецыя­лістаў, справаздачы іх куратараў за два мінулыя навучальныя гады. Другі этап праходзіў на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ляхавіч у форме самапрэзентацыі “Мае першыя крокі ў прафесію”. Журы ацэньвала здольнасць аналізаваць уласны прафесійны вопыт, уменне абгрунтоўваць сваю пазіцыю канкрэтнымі прыкладамі, валоданне педагагічнай тэхнікай, а таксама арыгінальны і творчы падыход, — расказала метадыст Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета В.В.Бецька.

Пераможцам конкурсу стаў настаўнік фізікі і астраноміі В.І.Лемяшэўскі з сярэдняй школы № 1 Ляхавіч. Лепшым куратарам маладога педагога прызнана выхавальніца А.Я.Лаўрэнава з ясляў-сада № 4 Ляхавіч. За творчы падыход да арганізацыі адукацыйнага працэсу адзначаны педагог-псіхолаг Д.А.Увараў з ясляў-сада № 4 Ляхавіч і настаўніца фізікі Т.У.Кузакова з сярэдняй школы № 1 Ляхавіч.

Конкурс паказаў, што на Ляхавіччыне працуюць таленавітыя, творчыя, мэтанакіраваныя і ініцыятыўныя педагогі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.