Першыя крокі — упэўненыя

- 10:56Навіны рэгіёнаў

VI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Замежныя студэнты — беларускай навуцы” адбылася ў Віцебскай дзяржаўнай ордэна “Знак Пашаны” акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Штогод акадэмія запрашае на канферэнцыю замежных студэнтаў і магістрантаў з устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны заявіць аб сваіх дасягненнях у галіне ветэрынарнай медыцыны і фармацыі, ветэрынарна-санітарнай экспертызы, жывёлагадоўлі, біялогіі і іншых сферах навуковай дзейнасці. Рабочыя мовы — руская і англійская.

Традыцыйна найбольшую цікавасць да форуму праяўляюць маладыя вучоныя і даследчыкі з Туркменістана, Азербайджана, Таджыкістана, Лівана, Кітая і Расіі. За апошнія гады да іх актыўна далучыліся прадстаўнікі Узбекістана. Сёлета свае даследаванні прэзентавалі таксама студэнты і магістранты з Бангладэш, Марока і Украіны. Зборнікі апублікаваных па выніках канферэнцый матэрыялаў сведчаць пра тое, што геаграфія форуму ахоплівае больш за два дзясяткі краін.

Па словах прарэктара ВДАВМ па выхаваўчай рабоце Дзмітрыя Фядотава, галоўная мэта форуму — адаптацыя замежных студэнтаў, падтрымка іх ініцыятыў, развіццё здольнасцей і даследчыцкіх кампетэнцый. Навуковыя даследаванні адкрываюць перад моладдзю прывабныя перспектывы. Для юнакоў і дзяўчат, якія прыехалі вучыцца з-за мяжы, гэта найперш пашырэнне магчымасцей паспяховага працаўладкавання пасля вяртання на радзіму або далейшага працягу навучання ў Беларусі на ступені магістратуры і аспірантуры.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскай дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны.