Першыя, лепшыя, дастойныя

- 11:09Навіны рэгіёнаў

У карагодзе святочных мерапрыемстваў было мноства цудаў і прыемных момантаў. Тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія добра сябе паводзілі ў мінулым годзе, атрымалі падарункі ад Дзеда Мароза. А тыя, хто пры гэтым яшчэ добра вучыўся, удзельнічаў у інтэлектуальных конкурсах і грамадскім жыцці, валанцёрскім руху, атрымалі падарункі і ганаровае званне ад кіраўніцтва Мінскай вобласці. Упершыню на Міншчыне адбылося ўшанаванне лепшых навучэнцаў цэнтральнага рэгіёна з прысуджэннем звання “Вучань года Мінскай вобласці”.

У некаторых раёнах Міншчыны і раней вызначалі лепшых вучняў свайго рэгіёна, але гэта не было паўсюднай практыкай. Год моладзі падштурхнуў да таго, каб на больш высокім узроўні ўшанаваць тых хлопчыкаў і дзяўчынак, чый малады ўзрост не з’яўляецца перашкодай для работы над сабой і дасягнення вялікіх мэт. “За мінулы год вучнямі Міншчыны здзейснена мноства творчых, інтэлектуальных, валанцёрскіх праектаў і ініцыятыў, — расказвае Таццяна Валянцінаўна Апраніч, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — Гэтым мерапрыемствам мы падводзім вынікі Года моладзі і вызначаем нашы прыярытэты, уваходзячы ў Год культуры”.
У кожным раёне прайшоў адбор кандыдатаў, дастойных звання “Вучань года Мінскай вобласці”. Улічвалася мноства крытэрыяў. Зразумела, уплывалі на выбар адзнакі вучня, удзел і перамогі ў алімпіядах, творчых конкурсах. Але лепшы вучань — не толькі той, што сядзіць за падручнікамі, але і той, які паспявае рабіць добрыя і карысныя справы, той, каго можна назваць дастойным чалавекам і грамадзянінам. Таму ўлічвалася таксама сацыяльная актыўнасць дзяцей. Напрыклад, Валерыя Кабак, нввучэнка вілейскай гімназіі № 2, два гады паспяхова займаецца даследчай дзейнасцю. Дзяўчына вывучае гісторыю вёскі Порса, дзе жыве яе бабуля. Работы Валерыі былі адзначаны дыпломамі на многіх, у тым ліку міжнародных конкурсах. Пры гэтым яна паспявае займацца танцамі, спевамі і ігрой на фартэпіяна. Дар’я Лугіна, якая вучыцца ў валожынскай гімназіі № 1, таксама ўдзельнічае ў конкурсах даследчых работ, спаборнічае ў прадметнай алімпіядзе. Дзяўчына лічыць, што чалавек павінен развівацца рознабакова, таму актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, яна стала дэпутатам маладзёжнага парламента пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў. вучань года (1)(Сайт) 25 хлопчыкаў і дзяўчынак прыехалі ў Барысаў на ўрачыстую цырымонію. Гэта прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці, Жодзіна, а таксама абласнога кадэцкага вучылішча і Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Кожны з іх на сцэне атрымаў пасведчанне, спецыяльны значок і падарунак. У новы год яны горда ўваходзяць у новым званні, няхай жа яно прынясе ім радасць і натхненне на далейшыя перамогі і дасягненні.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.