Як убачыць гук? Ці цяжка быць ляўшой? Карась і ратан — сябры ці ворагі? Як захаваць папуляцыю жаб? Пра што гавораць гадавыя колцы дрэў? Кніга будучыні — якая яна? На гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі адказаць юныя навукоўцы сталіцы на гарадскім фестывалі праектна-даследчых работ навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі “Пазнанне і творчасць”. Вынікі гэтага фестывалю падвялі ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў прайшло ўчора ў актавай зале гімназіі № 23.
Сёлета фестываль праводзіўся другі раз. Яго арганізатарамі выступілі Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі разам з Саветам маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Асноўныя задачы фестывалю — з аднаго боку, фарміраваць даследчую культуру і асновы навуковага светапогляду навучэнцаў пачатковых класаў, стымуляваць іх пазнавальную актыўнасць і інтарэс да навуковых ведаў, а з другога боку, выпрацоўваць у педагогаў навыкі арганізацыі вучэбна-даследчай і праектнай дзейнасці, вызначыць найбольш эфектыўныя формы яе арганізацыі.
Фестываль быў арганізаваны сярод навучэнцаў 2—4 класаў. Кіраўнікамі работ школьнікаў маглі выступаць як педагогі, так і бацькі. Гарадскі этап фестывалю право-дзіўся ў два туры — завочны і вочны. На завочны тур, які прайшоў з 21 па 31 кастрычніка, было пададзена 312 работ. Высокую актыўнасць прадэманстравалі малодшыя школьнікі з устаноў адукацыі Ленінскага, Першамайскага, Фрунзенскага і Цэнтральнага раёнаў горада. Прычым у некаторых раёнах, напрыклад, у Фрунзенскім, Партызанскім, прайшлі свае адборачныя туры.
Па словах метадыста аддзела пачатковага навучання МГІРА Галіны Браніславаўны Шпакоўскай, сёлетні фестываль вучэбна-даследчых работ і праектаў пачаткоўцаў меў свае асаблівасці. Па-першае, ён пашырыў свае межы: у гэтым годзе ў ім упершыню прынялі ўдзел расійскія школьнікі — навучэнцы ўстаноў адукацыі Саранска. Па-другое, да трох намінацый “Незвычайнае ў звычайным”, “Мае першыя адкрыцці”, “Тваё здароўе ў тваіх руках” дадалася яшчэ адна новая намінацыя — “7 цудаў Беларусі”, якая была вызначана для таго, каб прыцягнуць увагу малодшых школьнікаў да гістарычнай спадчыны нашай радзімы. Яшчэ адно новаўвядзенне — абавязковае прадстаўленне ўдзельнікамі на першы тур фестывалю разам з папяровай работай відэазапісу яе прэзентацыі. Гэта дазволіла падчас публічнай абароны весці з дзіцем змястоўную гаворку, даведацца пра самастойнасць правядзення работы і глыбіню пагружэння ў тэму.
Самымі запатрабаванымі і папулярнымі аказаліся намінацыі “Мае першыя адкрыцці” — 141 работа, “Незвычайнае ў звычайным” — 86 работ. 24 работы малодшых школьнікаў былі заяўлены ў намінацыі “7 цудаў Беларусі”. 5 вучнёўскіх работ сёлета было прадстаўлена на англійскай мове.
Кола інтарэсаў малодшых школьнікаў вельмі шырокае і разнастайнае. Сёння пачаткоўцаў хвалюе праблема забруджвання паветра, уплыў гаджэтаў на здароўе людзей, роля кальцыю ў цвёрдасці яечнай шкарлупіны і ўздзеянне “Кока-Колы” на эмаль зубоў. Малодшыя школьнікі высвятлялі, як працягласць светлавога дня ўплывае на настрой, працаздольнасць і здароўе дзяцей класа, вывучалі арфаграмы рускай мовы на абгортаках ад цукерак, незвычайныя ўласцівасці звычайнага крухмалу, атрымлівалі рэдкія адценні руж у дамашніх умовах.
Другакласніца гімназіі № 16 Эмілія Церахава пад кіраўніцтвам свайго таты правяла даследаванне “Як захаваць папуляцыю жаб” (дыплом ІІІ ступені). Аднойчы на дачы дзяўчынка ўбачыла ў лужы ікру і задалася пытаннем, ці можна з яе вырасціць жабяня. “Мы ўзялі ікру і змясцілі яе ў вядро, дадалі пітной вады і дачакаліся, пакуль з’явяцца апалонікі. Падчас назірання за імі высветлілася, што апалонікі найбольшую актыўнасць праяўляюць пры тэмпературы 18—23°C, лепшая асветленасць для іх — сярэдняя, а лепшая падкормка — яйка, тварог і белы хлеб. Прыкладна праз 1,5 месяца ў нас з’явіліся першыя травяныя жабяняты. Усяго іх вывелася 115, і мы выпусцілі іх у траву”, — расказала Эмілія. Юная даследчыца распрацавала рэкамендацыі па вырошчванні жабянят у дамашніх умовах і вяртанні іх у прыроднае асяроддзе. У планах аўтара работы — пабудаваць садовую сажалку, дзе з апалонікаў будуць расці жабяняты.
Цікавы і той факт, што сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел пачаткоўцы, якія прадстаўлялі свае работы ў мінулым годзе. Навучэнцы пачатковай школы № 29 Іван Велікодны і Варвара Шайкіна прадставілі работу “Карась і ратан — сябры ці ворагі?”(у мінулым годзе дзеці даследавалі салаўёў у Лошыцкім парку); Улад Бялоў з гімназіі № 17 — “Як людзі лічылі ў даўніну” (летась прадстаўляў даследаванне пра Паўла Сухога); Мікіта Гузаў, Дар’я Лукашэнка з гімназіі № 16 — “Шакалад і яго ўплыў на настрой і паспяховасць” (у мінулым годзе навучэнцы даследавалі казкі).
Журы конкурсу, якое ўзначалілі першы прарэктар МГІРА доктар гістарычных навук Сяргей Пятровіч Странкоўскі і загадчык лабараторыі Інстытута агульнай неарганічнай хіміі, старшыня савета маладых вучоных НАН Беларусі, кандыдат хімічных навук Андрэй Іванавіч Іванец, вывучалі прадстаўленыя матэрыялы, ацэньвалі іх актуальнасць, адпаведнасць патрабаванням. Сярод асноўных крытэрыяў ацэнкі вучэбна-даследчых работ — адпаведнасць зместу пастаўленым мэтам і прадмету даследавання, узровень аналізу аб’екта ці з’явы, узровень вылучэння гіпотэз, узровень самастойнай дзейнасці, наяўнасць ілюстрацыйных матэрыялаў. У праектах пад увагу бралася практычная значнасць, фармуляванне задачы, наяўнасць даследаванняў, выпрацоўка ідэй і іх разнастайнасць, тэхналогія вырабу і рэалізацыя выбранай ідэі, апрабаванне і ацэнка праекта, якас ць прадукту (вырабу). У выніку ў другі тур выйшлі 145 работ, якія набралі ад 25 да 30 прызавых балаў.
Другі тур фестывалю праводзіўся 10—14 лістапада ў форме вуснага прадстаўлення. Тут вызначаліся пазнавальныя інтарэсы і творчыя здольнасці навучэнцаў, уменне прэзентаваць вынікі сваёй дзейнасці, выказваць уласны пункт гледжання, выяўляліся арыгінальныя і нестандартныя рашэнні праблемы. Дарэчы, змест і форма вуснага прадстаўлення праектна-даследчай работы (а яно павінна было доўжыцца да 7 хвілін) вызначаліся даследчыкамі самастойна і маглі ўключаць дэманстрацыю эксперымента, відэароліка, мультымедыйнай прэзентацыі, стэндавую абарону.
Сёлета журы фестывалю вельмі парадавала разнастайнасць тэматыкі вучнёўскіх работ, іх змястоўнасць і глыбіня, практыка-арыентаванасць даследаванняў. У параўнанні з мінулым годам менш стала работ рэфератыўнага характару, узрасла самастойнасць навучэнцаў у правядзенні даследаванняў і афармленні іх вынікаў.
— Хацелася б параіць педагогам і бацькам, якія выступаюць кіраўнікамі работ малодшых школьнікаў, больш уважліва чытаць палажэнне аб фестывалі, бо многія работы былі нізка ацэнены менавіта з-за адсутнасці відэаабароны. У праектах і вучэбна-даследчых работах варта таксама захоўваць апарат даследавання (мэты, задачы, гіпотэза і г.д.). Акрамя таго, вельмі хочацца, каб колькасць прадстаўленых работ сапраўды перайшла ў якасць, — адзначыла Г.Б.Шпакоўская.
Усяго на фестывалі малодшыя школьнікі заваявалі 145 дыпломаў (33 дыпломы І ступені, 48 — ІІ ступені, 64 — ІІІ ступені). Вынікова выступілі навучэнцы Фрунзенскага, Маскоўскага, Савецкага, Ленінскага раёнаў. Сярод уладальнікаў дыпломаў І ступені — чацвёртакласнік сярэдняй школы № 175 Павел Кратовіч з работай “Вывядзенне вялікага трапічнага матылька ў дамашніх умовах”, навучэнец 4 класа гімназіі № 1 Аляксей Тумаркін з работай “Народная калыханка як складнік сна і развіцця дзіцяці”, трэцякласнікі пачатковай школы № 29 Іван Велікодны і Варвара Шайкіна з работай “Карась і ратан — сябры ці ворагі?”, навучэнка 4 класа гімназіі № 5 Ксенія Краснікава з работай “Мой Мінск”. А таксама чацвёртакласнік сярэдняй школы № 202 Мікалай Пенкрат з работай “І ўсё-такі яны выжылі”, другакласнік сярэдняй школы № 51 Павел Кавальчук з работай “Як працягласць светлавога дня ўплывае на настрой, працаздольнасць і здароўе дзяцей нашага класа”, чацвёртакласніца гімназіі № 40 Дар’я Саснова з работай “Падарожжа ў краіну Марфея” і інш.
Пераможцы фестывалю былі адзначаны дыпломамі, атрымалі значкі з лагатыпам фестывалю і памятныя падарункі. Віншуем!
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.