Першыя педкласы адкрыліся ў Мінску

У суботу, 30 жніўня, на базе сталічнай гімназіі № 20 адбылося ўрачыстае адкрыццё першых у Мінску профільных педагагічных класаў. Удзельнікамі ўрачыстасці сталі намеснік міністра адукацыі нашай краіны Васіль Будкевіч і рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук.

Адкрыццё педагагічных класаў стала заканамерным працягам супрацоўніцтва гімназіі № 20 Мінска і БДПУ імя Максіма Танка. У чэрвені бягучага года паміж гэтымі ўстановамі адукацыі была заключана дамова аб супрацоўніцтве, якая прадугледжвае каардынацыю сумеснай дзейнасці, звязанай з адукацыйнай, выхаваўчай, вучэбна-метадычнай, навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасцю. Акрамя таго, гэты дакумент прадугледжвае выяўленне таленавітых і адораных навучэнцаў, якія схільны да педагагічнай дзейнасці і навучання ў педуніверсітэце.
З новага навучальнага года ў гімназіі пачалі дзейнічаць чатыры дзясятыя педагагічныя класы фізіка-матэматычнага і філалагічнага напрамкаў. Як адзначаюць у гімназіі, педкласы — гэта не толькі павышэнне гадзін на вывучэнне фізікі, матэматыкі, рускай, беларускай моў, гэта яшчэ і развіццё лідарскіх якасцей.
Такую пазіцыю падзяляюць і ў педагагічным універсітэце, рэктар якога адзначыў, што ўніверсітэт будзе аказваць дапамогу як навучэнцам педагагічных класаў, так і педагогам, якія ў іх працуюць. БДПУ ініцыіруе адкрыццё школ юных матэматыкаў, фізікаў, хімікаў, нацэленых на педагагічную дзейнасць. Разам з тым на базе педуніверсітэта для гімназістаў будуць арганізаваны дадатковыя заняткі.
— Адкрыццё педагагічных класаў у гімназіі — гэта толькі першы крок. Мы планум пашыраць такую дзейнасць. Будзе стварацца вучэбна-навуковы інавацыйна-педагагічны кластар на чале з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. Мы ў гэтай схеме будзем вядучымі, а ў кластары ў сеткавым узаемадзеянні будуць знаходзіцца ўсе рэгіянальныя ўніверсітэты, якія рыхтуюць педагагічныя кадры.

У планах — стварэнне педагагічных класаў па ўсёй краіне, а ў перспектыве — і педагагічных гімназій. Неабходна, каб у рэгіёне была хаця б адна такая гімназія, каб пачынаць працаваць з дзецьмі не з дзясятага класа, а раней. Для такіх школьнікаў мы будзем ствараць адпаведныя вучэбныя праекты, якія дазволяць ім пагрузіцца ў педагагічную сферу. Напрыклад, пабыць важатымі ў малодшых класах, валанцёрамі ў летніках.
Акрамя таго, будзе праводзіцца работа і з настаўнікамі, якія будуць працаваць у педагагічных класах. У структуры нашага ўніверсітэта ёсць інстытут павышэння кваліфікацыі. Такая ж струкутарная адзінка існуе і ў рэгіянальных універсітэтах, таму мы будзем выкарыстоўваць гэты патэнцыял для павышэння кваліфікацыі педагогаў. Будзе распрацавана неабходная праграма павышэння кваліфікацыі з патрэбнымі метадычнымі, псіхолага-педагагічнымі акцэнтамі. Сістэма адукацыі павінна рыхтаваць сабе кадры сама, тым больш, што патэнцыял у нас ёсць, — адзначыў Аляксандр Жук.

Ідэю адкрыцця сеткі педагагічных класаў падтрымлівае і Міністэрства адукацыі нашай краіны. Тым больш, што яна не новая і ў свой час паспела зарэкамендаваць сябе як прадукцыйная.
— Нездарма гавораць: “Усё новае — добра забытае старое”. Усе мы добра памятаем дзейнасць і эфектыўнасць тых педагагічных класаў, якія дзейнічалі ў школах 10-15 гадоў назад. Міністэрства адукацыі вельмі ўдзячна Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту за гэтую ініцыятыву, за аднаўленне традыцый, якія зададуць новы імпульс тым прафесійным адносінам універсітэта і школы, якія склаліся за апошнія гады.
Безумоўна, праваднікамі гэтых адносін будуць педагагічныя калектывы школ. У нашай сістэме адукацыі працуюць невыпадковыя людзі, а тыя, хто знайшоў сябе ў прафесіі настаўніка. І, думаю, кожны з іх хацеў бы знайсці свой працяг у сваіх вучнях. Я ўжо неаднаразова гаварыў, што з усёй прафарыентацыйнай работы ў школе на першым месцы павінна быць прафарыентацыя на прафесію педагога. Сёння з настаўніка, са школы пачынаецца і медык, і афіцэр, і інжынер, і вадзіцель тралейбуса.

Усе бацькі мараць, каб з яго дзіцем працавалі высокапрафесійныя педагогі, таму ўвага дзяржавы і грамадства да гэтай прафесіі вельмі сур’ёзная. Прыходзячы ў педагагічную прафесію, найперш трэба любіць дзяцей і разумець, што педагог не толькі дае веды па прадмеце, але і накіроўвае вучня ў жыццё, дае яму асновы грамадзянскасці, патрыятызму.
Думаю, што выпускнікі педагагічных класаў прыйдуць у прафесію ўсвядомлена, бо ўжо будуць ведаць яе асновы і прызначэнне, — сказаў Васіль Будкевіч.
Словы Васіля Антонавіча поўнасцю пацвердзіліся, калі на сцэну актавай залы гімназіі выйшлі 10 настаўнікаў гэтай навучальнай установы, якія былі выпускнікамі педагагічных класаў тады яшчэ сярэдняй школы № 176. Справа ў тым, што 15 гадоў назад на базе цяперашняй гімназіі № 20 ужо дзейнічалі педкласы. І вопыт іх дзейнасці быў вельмі ўдалы. Многія выпускнікі і сёння працуюць у сістэме адукацыі.
Вельмі хочацца, каб тыя 104 дзесяцікласнікі, якія пачалі вучыцца ў педагагічных класах, сталі сапраўднымі педагогамі. Можна спадзявацца, што так яно і будзе, бо ў 20-й гімназіі ёсць не толькі традыцыі педагагічнай адукацыі, але і патэнцыял для развіцця ў гэтым кірунку. Тым больш пад патранажам галоўнай кузні педагагічных кадраў — БДПУ імя Максіма Танка.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.