Першыя сустрэчы ў Бішкеку

Сёння, 11 кастрычніка, у Бішкеку пачаў работу V з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. А ўчора ў прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі, якія раніцай у сераду прыбылі ў міжнародны аэрапорт Манас, была добрая магчымасць пазнаёміцца са славутасцямі сталіцы Кыргызскай Рэспублікі, рытмам жыцця сучаснага горада, а таксама наведаць установы адукацыі і даведацца пра асаблівасці арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсу. У рамках з’езда ўжо прайшлі першыя сяброўскія сустрэчы.

Як адзначыла дырэктар школы-гімназіі № 20 Бішкека Чалпон Айдарбекаўна Кудайбергенава, калі кыргызскія настаўнікі даведаліся, што ў іх горадзе будзе праходзіць такі прадстаўнічы форум, то вельмі ўзрадаваліся. “Гэта выдатная магчымасць сустрэцца калегам з дружалюбных краін. Мы разам павінны шукаць адказы на пытанні: хто такі настаўнік? што такое адукацыя? Мы павінны падтрымліваць адзін аднаго, працаваць разам. Нашы дзверы заўсёды для вас адчыненыя, мы хочам больш цесна супрацоўнічаць з беларусамі, заключаць дамовы, працаваць у далейшым”, — падзялілася педагог.

“Мы не маглі сабе дазволіць прыехаць у вашу краіну і не ўбачыць ўстановы адукацыі на свае вочы. Дзякуй за такую магчымасць. Мы таксама ў сваю чаргу гатовы дзяліцца вопытам, паказваць, што ў нас ёсць, таму сардэчна запрашаем у Рэспубліку Беларусь”, — адзначыла кіраўнік беларускай дэлегацыі намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка.

А дапамогуць кыргызскім настаўнікам папярэдне і як мага больш глыбока азнаёміцца з асаблівасцямі нашай краіны сувеніры: кнігі, работы навучэнцаў, створаныя ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнай творчасці. Беларусы таксама павязуць дадому ў якасці напаміну пра дні, праведзеныя ў Кыргызстане, вырабы, створаныя ўмелымі рукамі кыргызаў.

Знаёмства ў Бішкеку з сістэмай адукацыі было насычанае і прадукцыйнае. У школе-гімназіі № 20, гімназіі № 6, Кыргызскім нацыянальным аграрным універсітэце імя К.І.Скрабіна, Кыргызскай акадэміі адукацыі на канкрэтных прыкладах разглядалася павышэнне якасці навучальнага працэсу, вывучэнне малой радзімы і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Больш падрабязна ўдзельнікі з’езда разгледзяць гэтыя пытанні падчас работы тэматычных секцый, якія пройдуць 11 і 12 кастрычніка.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.