Першыя сярод лепшых

З 7 па 11 снежня ў Мінскай гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка праходзіў XVIII Рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў. Перамогу атрымалі адразу дзве зборныя — адна з каманд сталічнай гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага і зборная Ліцэя БДУ.

Турнір юных матэматыкаў — гэта інтэлектуальнае спаборніцтва каманд навучэнцаў школ і ліцэяў не толькі па выкананні заданняў, але і па абароне атрыманых вынікаў у публічнай дыскусіі. Удзельнікі спрабуюць свае сілы ў ролі апанентаў і рэцэнзентаў, а таксама ва ўменні прачытаць і разабрацца ў пісьмовых матэрыялах сапернікаў і нават падрыхтаваць пісьмовыя адказы на іх. Такім чынам, юныя матэматыкі дэманструюць не толькі матэматычныя здольнасці, але, што не менш важна, і аратарскае ўменне, і пісьмовае выказванне сваіх думак.

Сёлета 16 каманд спаборнічалі за права называцца лепшымі на рэспубліканскім узроўні. Сярод іх — ліцэісты БДУ і БНТУ, старшакласнікі гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска, дзве каманды сталічнай гімназіі № 41, зборная гімназіі № 1 Віцебска, каманда Смалявіцкай раённай гімназіі, гімназіі № 1 Чэрвеня, зборныя ўстаноў адукацыі Салігорска, Гомеля, а таксама зборная Лабараторыі бесперапыннай матэматычнай адукацыі Санкт-Пецярбурга. Акрамя таго, у гэтым годзе ліцэісты БДУ выступілі ў складзе дзвюх каманд: “Ліцэй БДУ” і зборнай “Ліцэй БДУ і гімназія № 1 імя Францыска Скарыны”. Менавіта другая ліцэйская зборная, у якую ўвайшла яшчэ і адна дзяўчына з мінскай гімназіі № 1, заваявала “серабро”, апынуўшыся на другім радку турнірнага рэйтынгу. Бронзавымі прызёрамі сталі 3 каманды: юныя матэматыкі гімназіі № 41(другая каманда гімназіі № 41) падзялілі “бронзу” са зборнай сталічных гімназій (гімназіі № 75, № 56 і № 20) і зборнай салігорскіх гімназістаў (гімназій № 5 і № 3).

— Лепшыя юныя матэматыкі трапяць у каманду, якая летам прадставіць нашу краіну на Міжнародным турніры юных матэматыкаў у Румыніі. Узмоцненая падрыхтоўка навучэнцаў да спаборніцтва пачнецца з сярэдзіны студзеня. Дарэчы, сярод сёлетніх удзельнікаў ёсць некалькі мінулагодніх дыпламантаў міжнароднага этапу, — адзначыў намеснік дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Барыс Валянцінавіч Задворны.

Алёна КРЫВЯНКОВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *