ПЕРШЫЯ Ў ВОБЛАСЦІ!

Другі год запар каманда акцябрат піянерскай дружыны імя М.М.Мінчанкава Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна прымае ўдзел у Рэспубліканскай інтэлектуальна-творчай гульні “Пароль — “Акцябронак”: тэрыторыя асаблівага значэння”. За гэты невялікі час дзеці здолелі праявіць свае таленты і паказаць усім, на што яны здольны!

Юныя падпісчыкі газеты “Зорка” з захапленнем сачылі за кожным з васьмі тэматычных маршрутаў, заданні якіх друкаваліся на старонках газеты на працягу васьмі месяцаў. Акцябраты творча падышлі да выканання 40 інтэлектуальна-творчых, рухавых і спартыўных заданняў. Кожны маршрут быў не падобны да папярэдняга, па-свойму цікавы. Асабліва запомніўся дзецям “Прафесаратронік” — блок “Навука” з захапляльнымі эксперыментамі: вывяржэнне вулкана, вырошчванне крышталя, выраб нябачнага чарніла. “Рабінзоны” — блок “Турызм” таксама не пакінуў нікога абыякавым. З якім стараннем хлопчыкі будавалі шалаш з галінак, размалёўвалі камяні і запускалі караблікі з лагатыпам Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі!

“СуперДзеткі” — блок “Творчасць” паказаў, наколькі бязмежнай можа быць дзіцячая фантазія. Выраб фігурак з паветраных шароў, стварэнне дзіўных здымкаў з аптычнай ілюзіяй, шыццё лялек для пальчыкавага тэатра і творчасць у розных папяровых тэхніках — далёка не ўвесь пералік таго, у чым змаглі паспрабаваць і праявіць сябе вучні!

Камандзе “Сюрпрыз” удалося заваяваць тэрыторыю асаблівага значэння, выканаўшы ўсе заданні, склаўшы карту і сабраўшы “скарб”, а ад гульні ў акцябрат засталіся толькі пазітыўныя эмоцыі!

Свой дзённік з успамінамі пра гульню хлопчыкі аформілі ў выглядзе хаткі, у якой пасяліліся цацкі-акцябраты — такія ж вясёлыя, кемлівыя, творчыя і рознабакова развітыя “дзяўчынкі” і “хлопчыкі”, як і яны самі. Творчы дзённік акцябрат заняў 1 месца на раённым і абласным этапах інтэлектуальна-творчай гульні “Пароль — “Акцябронак”: тэрыторыя асаблівага значэння”! Жадаем удзельнікам новых творчых поспехаў і перамогі ў фінальным этапе гульні.

Ганна МАРФОНАВА,
педагог-арганізатар Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна.