Першыя вяршыні пакарылі

15 студзеня ў рамках Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі адбыліся спаборніцтвы па спартыўным скалалажанні для самых маленькіх. Удзел у турніры ўзялі хлопчыкі і дзяўчынкі 8—9 гадоў (1 група), 7 гадоў і менш (2 група).

На скаладроме Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства для спартсменаў падрыхтавалі 12 кароткіх трас рознага ўзроўню складанасці. За праходжанне кожнай давалася пэўная колькасць балаў. У дзяцей было 2 гадзіны, каб даследаваць і пакарыць як мага больш трас.

Удзельнікі паводзілі сябе як прафесійныя спартсмены: калі пэўная траса не давалася, адыходзілі (часта са слязамі на вачах), пераводзілі дыханне і тут жа вярталіся на новы штурм. Часам паміж спробамі падоўгу раіліся з трэнерам: скалалажанне патрабуе не толькі фізічнай сілы, але і развітога прасторавага мыслення. Трэба прааналізаваць зачэпы і загадзя пабудаваць маршрут, каб не марнаваць сілы, калі ўжо знаходзішся на трасе, і кожны рух патрабуе канцэнтрацыі і вялікага напружання.

— Удзельнікі паказваюць сябе даволі паспяхова, — расказала галоўны суддзя спаборніцтваў майстар спорту Ларыса Аляксандраўна Малыжанкава. — Між іншым з маленькімі дзецьмі асабліва складана працаваць. Акрамя саміх трэніровак, з імі трэба шмат гуляць, да кожнага неабходна знайсці падыход: кагосьці пасля няўдалай спробы лепш падбадзёрыць і суцешыць, кагосьці, наадварот, настроіць на барацьбу.

— Сёння ў спартакіядзе ўдзельнічаюць каля 90 дзяцей з усіх рэгіёнаў краіны, — паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур. — Яны паказалі сябе ўжо ў рэгіянальных спаборніцтвах, а цяпер абараняюць гонар сваёй вобласці ці горада ў камандным заліку і змагаюцца за перамогу ў асабістым.

Па выніках спаборніцтваў, першае месца ў камандным заліку ў абедзвюх групах заняла каманда Мінска, Мінская вобласць заняла 2-е месца ў першай і 3-е — у другой групе, Магілёўская — наадварот. Пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі, кіраўнікам каманд уручылі кубкі.

Калі ўсе вяршыні скарыліся чэмпіёнам, яны зноў ператварыліся ў звычайных дзетак і з задавальненнем танцавалі і спявалі ля навагодняй ёлкі з калектывам “Тры кракадзілы”.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.