Першыя вяршыні

- 10:48Спартыўныя падзеі

У суботу на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства прайшлі традыцыйныя, ужо пятыя па ліку, Адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па спартыўным скалалажанні ВАВY FEST. Фестываль праводзіцца з мэтай папулярызацыі і прапаганды скалалажання як аднаго са сродкаў фізічнага выхавання дзяцей і моладзі, павышэння спартыўнага майстэрства і выяўлення наймацнейшых юных спартсменаў.

Скалалажанне актыўна набірае папулярнасць, і ўжо многія нашы землякі, нягледзячы на тое, што Беларусь не горная краіна, не ўяўляюць свайго вольнага часу без пакарэння вяршынь. Адна з галоўных прычын папулярнасці заключаецца ў тым, што скалалажанне — гэта не толькі своеасаблівая рамантыка, яно садзейнічае развіццю ў дзяцей усіх груп мышцаў, дазваляе падтрымліваць фізічную форму ў належным стане. Многія бацькі запісваюць дзяцей у адпаведныя гурткі па рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў. Згодна з медыцынскімі назіраннямі, калі чалавек залазіць на сценку, то ў яго адначасова працуюць мышцы рук, ног, дэльтападобныя мышцы, мышцы спіны, якія з’яўляюцца гарсэтнымі і трымаюць пазваночнік у належным становішчы. Такім чынам, скалалажанне садзейнічае фарміраванню правільнай паставы. Удасканальвае яно і каардынацыю рухаў, бо дзіцяці неабходна на абмежаванай плошчы паверхні як мага хутчэй правільна згрупавацца і такім чынам дасягнуць пастаўленай трэнерам мэты.

— Праводзіць фестываль вырашана невыпадкова, паколькі, напрыклад, для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў праявіць свае здольнасці, абараніць гонар сваёй каманды, рэгіёна да нядаўняга часу не было магчымасці. Дзякуючы фестывалю, гэтая недарэчнасць выпраўлена. Спадзяёмся, што ВАВY FEST стане больш папулярным, пашырыцца геаграфія яго ўдзельнікаў і, акрамя беларускіх удзельнікаў, сустрэнем нашых сяброў з суседніх краін. Геаграфія ўдзельнікаў даволі шырокая. Гэта і Гомель, Пінск, Мар’іна Горка, Старыя Дарогі, Слуцк, Бабруйск — тыя гарады, дзе ёсць магчымасць займацца скалалажаннем. Скалалажанне, якое нядаўна стала алімпійскім відам спорту, імкліва набірае папулярнасць. У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства гэта адзін з самых масавых відаў, працуе 10 адпаведных гурткоў, адзначыў загадчык аддзела турызму і спартыўнага арыентавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Васіль Мікалаевіч Канавальчык.

Праграмай фестывалю прадугледжана правядзенне спаборніцтваў у выглядзе боўлдэрынга (праходжанне серыі 11 кароткіх трас) на штучным скаладроме Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, а таксама асабістыя кваліфікацыйныя спаборніцтвы. Да ўдзелу ў іх дапускаюцца навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах, каманды ўстаноў адукацыі, упраўленняў (мінскага гарадскога камітэта) і аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, спартыўных клубаў і грамадскіх арганізацый краіны, а таксама спартсмены (каманды) іншых дзяржаў. Колькасць удзельнікаў не абмежавана. Спартсмены выступаюць у трох узроставых групах. Першая група — гэта дзяўчынкі і хлопчыкі 2006—2007 гадоў нараджэння, другая група — 2008—2009, трэцяя група — 2010 года нараджэння і маладзейшыя ўдзельнікі.

Усе трасы, падрыхтаваныя педагогамі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, разнастайныя па сваёй складанасці. Каб паспяхова іх пераадолець, неабходна “ўзяць” усе зачэпы, дабрацца да прамежкавых фінішаў (бонусаў), абазначаных спецыяльным колерам. Найбольш паспяхова з пераадоленнем трас і пакарэннем сваіх першых вяршынь у самай малодшай узроставай катэгорыі паспяхова справіўся сярод хлопчыкаў Міхаіл Шчарбачэня з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Цэнтральнага раёна Мінска, сярод дзяўчынак лепшы вынік паказала Кацярына Высоцкая з Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. У групе 2006—2007 гадоў нараджэння лепшымі сталі Улад Церлюкевіч і Марго Баярына з Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. У другой узроставай групе сярод хлопчыкаў лепшымі сталі Аляксей Клімовіч з Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска і Марына Пушачкіна з сярэдняй школы № 4 Шклова.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.