Перспектыўнае супрацоўніцтва

Днямі адбылася сустрэча галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Вадзіма Аляксандравіча Кнышава з начальнікам упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргеем Іванавічам Парошыным.

Асноўнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне работы карэспандэнцкага пункта на Гомельшчыне. З кастрычніка 2011 года “Настаўніцкая газета” пачала рэалізацыю праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” па інфармацыйным узаемадзеянні з рэгіёнамі. І першым рэгіёнам, які далучыўся да гэтага праекта, стала менавіта Гомельшчына.
— Знаходжанне ўласнага карэспандэнта ў вобласці дазволіла наблізіць нас да чытача, не губляць тыя цікавыя падзеі, якія адбываюцца ў сферы адукацыі рэгіёна, — адзначыў Вадзім Аляксандравіч. — Вельмі ўдзячны Сяргею Іванавічу за падтрымку і дапамогу, дзякуючы чаму наш праект ажыццявіўся, і зараз ужо карэспандэнцкія пункты “Настаўніцкай газеты” працуюць ва ўсіх абласцях.
Добрае пачынанне заўсёды акрыляе і натхняе на новыя ідэі. А таму не выключана, што ў хуткім часе мы парадуем сваіх чытачоў новымі праектамі. Тым больш што Сяргей Іванавіч, як і раней, гатовы да эксперыментаў.
— Па сутнасці, мы робім адну справу, — сцвярджае начальнік упраўлення адукацыі. — “Настаўніцкая газета” не толькі нясе нашым педагогам пэўную інфармацыю, але і дапамагае ў рабоце. А ўвогуле, у нас склалася вельмі добрае паразуменне, таму я ўпэўнены ў перспектыўным супрацоўніцтве.

Наталля ЛУТЧАНКА.