Перспектыўныя кадры

Абласны семінар-фестываль маладых спецыялістаў “Перспектыва” шосты раз сабраў у Віцебску амаль 200 педагогаў-пачаткоўцаў.

Фота да матэрыялу: Перспектыўныя кадры.Штогод настаўніцтва паўночнага рэгіёна рыхтуецца да гэтай падзеі з вялікім уздымам і адказнасцю: кожнаму хочацца, каб менавіта яго раён ці горад быў прадстаўлены найлепш і каманда маладых калег атрымала перамогу. Канцэнтруюцца і абмяркоўваюцца ідэі, адпрацоўваюцца сцэнарыі, праводзяцца рэпетыцыі. І, канечне ж, самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы прымае моладзь. Так нараджаюцца калектывы аднадумцаў, выяўляюцца таленты, робяць першыя крокі будучыя лідары рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Пытаннем “Ці дастойна праявіць сябе педагагічная змена, ці зможа здзівіць і парадаваць сваімі выступленнямі?” ніхто не задаецца: зразумела, што абавязкова ўразяць, і здзівяць, і парадуюць. Таму віцебская “Перспектыва” найперш не спаборніцтва, а свята — доўгачаканае і незабыўнае свята маладосці, эрудыцыі, ініцыятывы. Арганізатарамі семінара-фестывалю традыцыйна выступаюць галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама, абласны інстытут развіцця адукацыі і абласны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Першы фестывальны дзень запомніўся конкурсам прэзентацый, падчас якога каманды дэманстравалі візітныя карткі на агульную тэму “Развіццё творчага патэнцыялу моладзі ў Год малой радзімы” і ўдзельнічалі ў педагагічным брэйн-рынгу.

— Выказана багата цікавых ідэй, і прагучалі яны добра, — падзялілася ўражаннямі старшыня журы рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Сляпцова. — Напрыклад, мы пазнаёміліся з формулай эфектыўнага настаўніка. Аказваецца, яе можна вывесці, яна выведзена і працуе, прычым вынікова. Дзякуй за цікавую прэзентацыю Кастрычніцкаму раёну Віцебска. Педагогі Чашніцкага раёна эфектна прадставілі свой “Кодэкс маладога спецыяліста”. Была каманда проста шыкоўная як па назве, так і па змесце выступлення: “Паляўнічыя за інавацыямі”. Цяпер мусім засцерагацца, бо ведаем: Першамайскі раён Віцебска пільна сочыць, ледзь што новае і карыснае з’яўляецца — адразу яго ў сваю скарбонку. І гэта правільна! Сенненцам хацелася паказаць усё, чым багата малая радзіма — учора, сёння і, можа быць, заўтра. У іх атрымалася. Не буду спыняць увагу на змесце выступлення прадстаўнікоў Віцебскага раёна — там усе элементы спалучаліся прадумана і паслядоўна, нанізваліся адзін за адным на сюжэт, як прыгожыя пацеркі, але не магу не згадаць выдатны рэквізіт і яго прафесійнае выкарыстанне. Сваю адметнасць знайшлі палачане: праз выступленне тэатра мод яны змаглі зафіксаваць сваё бачанне роднага горада, ролі настаўніка ў яго жыцці. Моцнае ўражанне пакінула прэзентацыя педагогаў Чыгуначнага раёна Віцебска, якім прыйшлося, магчыма, складаней за астатніх: выступленне значылася апошнім у праграме, а звышзадачай было ўтрымаць лідарства, заваяванае іх папярэднікамі на мінулагоднім конкурсе. З чым, дарэчы, каманда пераканаўча справілася.

Па выніках выступленняў журы аддало перамогу маладым педагогам Чыгуначнага раёна Віцебска. На другім месцы — каманда Віцебскага раёна, на трэцім — Полацка. Як паведаміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч, у вобласці ў гэтым навучальным годзе на першае працоўнае месца прыбыў 521 малады настаўнік. У другі дзень семінара-фестывалю тыя з іх, каму калегі даверылі прадстаўляць свае раёны і гарады на абласным узроўні, атрымалі цудоўную магчымасць зазірнуць у метадычныя скарбонкі лепшых педагогаў рэгіёна. Больш за 20 майстар-класаў і кансультацый па пытаннях педагагічнай практыкі для моладзі правялі пераможцы і лаўрэаты конкурсаў прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, члены абласнога клуба “Прызнанне”, спецыялісты абласнога інстытута развіцця адукацыі, абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

— Паўстагоддзя назад быў пакладзены пачатак унікальнаму руху настаўніцтва. Мы працягваем гэтую добрую традыцыю, — адзначыў старшыня Віцебскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валерый Кунашка. — Ганаруся, што наша педагагічная сям’я папоўнілася такой таленавітай моладдзю.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.