Перспектыўныя педагогі

- 12:02Адукацыйная прастора

Якім павінен быць сучасны настаўнік? Якімі важнымі якасцямі павінен валодаць, каб заслужыць любоў і давер вучняў, падрыхтаваць іх да дарослага жыцця? Як павінен працаваць, каб выклікаць павагу ў калег? Гэтыя і многія іншыя пытанні хвалююць членаў клуба творчых педагогаў “Перспектыва”, які з мінулага года працуе ў Пінску.

— Метадычнае аб’яднанне злучыла людзей з агульнымі прафесійнымі інтарэсамі, імкненнем да самаразвіцця, пошуку новых форм работы і абмену цікавым вопытам, — расказала кіраўнік клуба настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 18 Алёна Уладзіміраўна Данілішына. — Членамі клуба з’яўляюцца настаўнікі-метадысты, удзель-нікі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” розных гадоў, творчыя і актыўныя педагогі горада. Сярод іх — настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 10 Алена Уладзіміраўна Ярашук, выхавальніца ясляў-сада № 10 Вікторыя Зіноўеўна Драбышэўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 10 Вольга Мікалаеўна Абламейка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Віталія Барысаўна Атліванава, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 9 Святлана Фёдараўна Грыцэвіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 10 Святлана Аляксандраўна Жук, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 12 Іна Юр’еўна Кавальчук, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 Тамара Ігараўна Аліхвер, настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 16 Андрэй Васільевіч Тарэлкін, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Алена Рыгораўна Шумак.

— Усе члены клуба надзвычай творчыя педагогі, якія не толькі актыўна шукаюць і генерыруюць цікавыя ідэі, але і смела ўвасабляюць іх у жыццё, — адзначыла А.У.Данілішына. — Дэвіз аб’яднання: “Новай школе — новы настаўнік. Усё пачынаецца з нас!”. “Перспектыва” для педагогаў — гэта пастаяннае самаразвіццё, мэтанакіраваны шлях да прафесійнага поспеху, фарміравання лепшых якасцей настаўнікаў і вучняў. Клубаўцы вельмі неспакойныя, пазітыўныя і актыўныя людзі. Мы смела запрашаем да сябе і ахвотна даём адкрытыя ўрокі для калег. Мы аўтары цікавых майстар-класаў па рэалізацыі розных педагагічных ідэй і інавацый, метадычных распрацовак, артыкулаў і іншых карысных матэрыялаў, актыўныя ўдзельнікі канферэнцый, рэспубліканскіх творчых груп настаўнікаў-метадыстаў і рэспубліканскіх фестываляў педмайстэрства, пастаянныя лектары курсаў павышэння кваліфікацыі ва ўстановах дадатковай адукацыі дарослых.

Клуб ствараўся з мэтай падтрымкі і стымулявання педагагічных ініцыятыў творчых педагогаў, распаўсюджвання інавацыйнага вопыту дзейнасці, суправаджэння конкурсаў прафесійнага майстэрства, пашырэння дыяпазону прафесійных зносін і супрацоўніцтва педагогаў, інфармацыйна-кансультацыйнай дапамогі пры здачы экзамену на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, а таксама дапамогі маладым педагогам.

Своеасаблівым вынікам першага года работы клуба стаў гарадскі фестываль педагагічнага майстэрства “Навучанне для будучыні”, які прайшоў мінулай вясной на базе сярэдняй школы № 18 з мэтай выяўлення новага педагагічнага вопыту, актуальных ідэй, эфектыўных педагагічных тэхналогій, форм і метадаў навучання, выхавання і развіцця дзяцей дзеля дасягнення новых адукацыйных вынікаў. Акрамя таго, члены клуба прынялі ўдзел у выніковым выязным пасяджэнні “Школы маладога настаўніка”, якую ўзначальвае С.А.Жук. Майстар-класы для 24 маладых спецыялістаў паказалі важнасць і карысць прафесійных стасункаў.

— У бягучым навучальным годзе члены клуба ўзначальваюць гарадскія фарміраванні і аб’яднанні, паказваючы ўласным прыкладам адносіны да работы і прафесіі, — расказала А.У.Данілішына. — Так, гарадская праблемная група настаўнікаў працоўнага навучання пад кіраўніцтвам Андрэя Васільевіча Тарэлкіна рэалізоўвае праграму для дзесяцікласнікаў па прафесійнай падрыхтоўцы рабочых. Таццяна Віктараўна Пархамчук разам з педагогамі, якія ўваходзяць у “Школу ўдасканалення педагагічнага майстэрства настаўнікаў біялогіі”, распрацоўвае кантрольна-вымяральныя матэрыялы па біялогіі для 8 класа. У цэнтры ўвагі гарадской творчай групы настаўнікаў гісторыі, якую ўзначальвае Алена Уладзіміраўна Ярашук, — рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу пры вывучэнні гісторыі. Творчая група настаўнікаў рускай мовы і літаратуры пад кіраўніцтвам Алены Рыгораўны Шумак распрацоўвае тэму “Сучасныя тэхналогіі і прыёмы ў рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў моўнай і літаратурнай адукацыі”. Іна Юр’еўна Кавальчук кіруе гарадскім пастаянна дзеючым семінарам “Сучасны ўрок: падыходы, тэхнікі і метады”. У творчых педагогаў Пінска шмат цікавых ідэй і планаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.