У ходзе рабочай паездкі на Віцебшчыну намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Сідарэнка прыняла ўдзел у пасяджэнні Лепельскага райвыканкама, сустрэлася з кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна ў фармаце круглага стала і наведала некаторыя з устаноў.
Паводле даных уліку дзяцей, на Лепельшчыне пражываюць 5702 непаўналетнія ва ўзросце да 18 гадоў. Педагагічны калектыў раёна складае 707 чалавек. Сістэму адукацыі прадстаўляюць 43 установы, у тым ліку 17 агульнай сярэдняй і 18 — дашкольнай адукацыі. На жнівеньскім пасяджэнні з удзелам прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса і ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама райвыканкам заслухаў інфармацыю аб рабоце аддзела адукацыі, спорту і турызму па забеспячэнні эфектыўнасці функцыянавання ўстаноў адукацыі, а таксама абмеркаваў пытанні падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Як паведаміў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валерый Быкаў, на сёння 77 працэнтаў педагогаў Лепельшчыны маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, і гэты паказчык стабільна расце. Сярэдняя заработная плата па сістэме адукацыі ў чэрвені 2015 года склала больш за 4,6 млн, заработная плата педагогаў — 7,8 млн рублёў. Ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй у раёне ў 2015 годзе дасягнуў 82,2 працэнта. Забяспечанасць месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі складае 102,9 працэнта, усе дзеці пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да навучання ў школе. Паказальна, што за апошнія 4 гады ўзровень захваральнасці дашкольнікаў не перавышаў 6 дзён, прапушчаных у сярэднім адным дзіцем па хваробе за год, а ў 2015 годзе гэтая лічба склала ўсяго 2,2 дня. У раёне функцыянуюць гімназія, 11 сярэдніх і 4 базавыя школы, вучэбна-педагагічны комплекс “дзіцячы сад — пачатковая школа”. У выніку аптымізацыі сярэдняя напаўняльнасць класаў у гарадскіх школах павялічылася да 21,6 навучэнца, у сельскіх — да 8,5.
— На працягу некалькіх гадоў мы ажыццяўляем работу па ўкараненні інавацыйных і творчых (даследчых) праектаў рэспубліканскага і абласнога ўзроўню, — расказаў Валерый Мікалаевіч. — У новым навучальным годзе 5 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі працягнуць рэалізацыю абласных творчых (даследчых) праектаў, а дзве ўстановы адукацыі далучацца да рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”. Лічу, што для задавальнення патрэб кожнага навучэнца ў атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі з улікам індывідуальных асаблівасцей, схільнасцей, інтарэсаў створаны спрыяльныя ўмовы. Так, факультатыўныя заняткі ў мінулым навучальным годзе наведвалі 92 працэнты навучэнцаў. Акрамя таго, ва ўсіх установах адукацыі была арганізавана работа спартыўных факультатываў. З 2013 года ў раёне арганізавана вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, у 2014/2015 навучальным годзе 89 навучэнцаў 10—11 класаў сярэдніх школ і 73 навучэнцы гімназіі вывучалі на павышаным узроўні прадметы фізіка-матэматычнага, хіміка-біялагічнага і філалагічнага напрамку. Вялікую ўвагу мы ўдзяляем развіццю алімпіяднага руху і даследчай дзейнасці навучэнцаў. У мінулым навучальным годзе на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды каманда раёна заваявала 6 дыпломаў, больш за 1000 дзяцей сталі ўдзельнікамі абласных і міжнародных дыстанцыйных алімпіяд і конкурсаў, 639 з іх адзначаны дыпломамі.
Згодна з інфармацыяй аддзела адукацыі, спорту і турызму, узровень паспяховасці (сярэдні па раёне бал 7,1) пацвярджаецца статыстыкай выніковай атэстацыі пасля завяршэння навучання на другой і трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У 2015 годзе з 519 выпускнікоў 13 атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым і сярэбраным медалямі, 28 — пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай, 49 узнагароджаны пахвальнымі лістамі. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання раён займае першае месца ў вобласці. Паказчыкі сярэдняга бала па матэматыцы, рускай, беларускай, англійскай, нямецкай мове, біялогіі, геаграфіі, гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі ў раёне вышэйшыя за абласныя і рэспубліканскія. Вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням захавання і ўмацавання здароўя дзяцей, арганізацыі і правядзенню спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Зборная раёна па футболе — чэмпіён абласнога турніру “Скураны мяч”. Па выніках абласных спаборніцтваў XXVI Абласной спартакіяды каманда Лепеля заняла 5-е месца сярод 19 каманд-удзельніц.
Штогод да пачатку навучальнага года праводзяцца касметычныя рамонты. Сёлета агульная сума выдаткаў на бягучыя і капітальныя рамонты склала каля 4,2 млрд рублёў, з іх за кошт сродкаў бюджэту — больш за 3,4 млрд. Сума набыткаў перавысіла 491,5 млн рублёў. Пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у гімназіі імя І.М.Ерашова і сярэдняй школе № 1 Лепеля ўстаноўлены сучасныя кабінеты фізікі; запланавана ўстаноўка яшчэ аднаго такога кабінета ў сярэдняй школе № 3 Лепеля. Па стане на жнівень усе ўстановы агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі забяспечаны камп’ютарнай тэхнікай і рэкамендаваным Міністэрствам адукацыі праграмным забеспячэннем для падтрымкі выкладання вучэбных прадметаў з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Разам з тым забяспечанасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі мэбляй і сродкамі навучання, спартыўным інвентаром і абсталяваннем выклікае сур’ёзную заклапочанасць. Невысокай застаецца і колькасць выпускнікоў школ, якія паступаюць ва ўстановы ССА і ПТА. Вырашэнне гэтых праблем райвыканкам паставіў на жорсткі кантроль.
Прыярытэтныя для сістэмы адукацыі задачы на новы навучальны год — стварэнне на раённым узроўні мэтазгоднай мадэлі профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі з улікам кадравых, фінансавых магчымасцей устаноў адукацыі, запытаў вучняў і іх законных прадстаўнікоў, арганізацыя міжшкольных факультатываў з мэтай забеспячэння выніковага ўдзелу навучэнцаў раёна ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах і рэспубліканскім конкурсе работ навучэнцаў даследчага характару, а таксама забеспячэнне ва ўстановах адукацыі выканання санітарна-гігіенічных патрабаванняў, неабходных матэрыяльных рэсурсаў, метадычнага суправаджэння профільнага навучання і своечасовага павышэння кваліфікацыі педагогаў, якія працуюць у профільных класах.
Раіса Сідарэнка адзначыла, што Лепельшчына дэманструе прыклад паспяховага вырашэння набалелых для іншых рэгіёнаў пытанняў. Больш за тое, у іх вырашэнні раён трымае лідарскія пазіцыі ў вобласці, а па некаторых паказчыках — у краіне. Але ў той жа час падстаў для самазаспакаення няма: як толькі перастаў ісці ўгору, коцішся ўніз. Раіса Станіславаўна заклікала кіраўнікоў раёна, дэпутатаў, дырэктараў і калектывы ўстаноў адукацыі задзейнічаць усе рэзервы для работы па прафілактыцы падлеткавай злачыннасці і работы з дзецьмі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.
Таксама па просьбе намесніка міністра адукацыі былі падрабязна прааналізаваны пытанні падрыхтоўкі да новага навучальнага года, у прыватнасці, матэрыяльная дапамога сем’ям, якія маюць у ёй патрэбу.
— Да новага навучальнага года школы Віцебскай вобласці былі гатовы да 15 жніўня. Лепельскі раён не выключэнне. Але кожны педагог і тым больш кіраўнік установы адукацыі павінен усведамляць: нават вельмі добра падрыхтаваць да пачатку навучальнага года школьны будынак і кожнае яго памяшканне, мэблю, абсталяванне недастаткова, пытанне трэба разглядаць у больш шырокім аспекце, — выказаў меркаванне ўпраўлення адукацыі Леанід Сцяпанаў. — Школа гатова — значыць яна поўнасцю забяспечана кадрамі, падручнікамі, метадычнымі дапаможнікамі. Настаўнік 16 жніўня можа запрасіць дзяцей у клас і пачаць урок. Адпаведна, кожны навучэнец мае на руках поўны камплект падручнікаў і сшыткаў, усё неабходнае для вучобы і разумее: ён гатовы да школы. Дробязей не бывае, звяртаць увагу трэба літаральна на ўсё.
Падчас круглага стала размова ішла найперш аб пераходзе на профільнае навучанне. Удзельнікі абмеркавалі непазбежныя ў будучым змяненні ў сістэме набору ў профільныя класы і гімназіі, форме выніковага кантролю за курс базавай і сярэдняй школы.
— Сёлета мы прасілі максімальна захоўваць базавыя і не павялічваць колькасць профільных класаў проста дзеля працэнта, — нагадала Раіса Сідарэнка. — Але праз два гады магчымы больш высокі прахадны бал у профільныя класы, і адначасова актуальным стане падыход “у базавы клас ідзе той, хто па стане здароўя не можа паступіць ва ўстанову ПТА”, або пры наборы будуць улічвацца іншыя спецыфічныя і выключныя ўмовы. Такім чынам, прафесійна-тэхнічную адукацыю мы плануем разглядаць як складнік профільнай адукацыі. Два гады дадзена на тое, каб мы маглі падрыхтаваць да такога пераходу і бацькоў, і настаўнікаў, і саміх дзяцей.
Акрамя таго, Раіса Станіславаўна ўдакладніла: у перспектыве ажыццяўленне працоўнага навучання бачыцца менавіта ў цесным узаемадзеянні з установамі ПТА, прычым праграмы будуць разлічаны на мясцовы кампанент з улікам мясцовых магчымасцей. У дачыненні да паступлення ў гімназіі намеснік міністра адукацыі праінфармавала, што на сёння ў Беларусі 8 гімназій, прахадны бал у якія склаў 22 і ніжэй. Вырашэннем гэтай праблемы бачыцца змяненне ў правілах паступлення ў гімназію, у выніку чаго плануецца ўстанавіць агульны для ўсіх ніжэйшы парогавы бал. Плануецца, што праз 2 гады іншай стане форма экзаменаў за сярэднюю школу. Ініцыятары змяненняў упэўнены: беларуская мадэль не стане аналагам расійскага АДЭ, яна будзе максімальна адпавядаць інтарэсам выпускнікоў. Па словах Раісы Сідарэнка, праз 5 гадоў дакладна, а, верагодна, і раней мы прыйдзем да незалежнай атэстацыі за курс 9 класа. А ў найбліжэйшы час магчыма замена дыктанта як формы іспытаў за курс базавай школы на пераказ.
Асобны акцэнт быў зроблены на размежаванне паняццяў прафілізацыі па вучэбных прадметах і паглыбленай падрыхтоўкі будучых педагогаў: для падрыхтоўкі на павышаным узроўні навучэнец выбірае вучэбны прадмет. І толькі потым, калі ён выказвае здольнасці і жаданне ў перспектыве прысвяціць сябе педагагічнай дзейнасці, яму прапануюць дадатковы факультатыў, пасля завяршэння якога праз 2 гады плануецца сістэма паступлення на педагагічныя спецыяльнасці УВА, аналагічная той, што існуе ў кадэцкіх вучылішчах: пры бале атэстата не ніжэй за 7 (па профільных прадметах ён будзе вызначаны асобна) і пры наяўнасці характарыстыкі і рэкамендацыі педагагічнага савета паступленне ў педагагічны ўніверсітэт будзе ажыццяўляцца па-за конкурсам.
— За відавочным спакоем у сістэме адукацыі — у нас няма ніякіх рэформ, рэвалюцыйных пераўтварэнняў — вельмі выразна вызначаецца перспектыва далейшага руху, — падкрэсліла намеснік міністра адукацыі.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.