Перспектыва ў новым фармаце

- 12:54Навіны рэгіёнаў

Традыцыйны рэгіянальны фестываль маладых педагогаў Віцебшчыны трансфармаваўся
ў конкурс.

— Дагэтуль фестываль “Перспектыва” адрозніваў ярка выражаны вучэбны вектар — фактычна гэта была метадычная вучоба маладых спецыялістаў, — адзначыла начальнік аддзела вывучэння і абагульнення перадавога педагагічнага вопыту Віцебскага абласнога ІРА Святлана Тарарышка. — Сёлета маладым педагогам таксама была прадстаўлена цэлая панарама метадычных мерапрыемстваў, у тым ліку майстар-класы, якія правялі найлепшыя настаўнікі-метадысты вобласці. Разам з тым гэты фестываль быў прымеркаваны да Года моладзі і рэспубліканскай акцыі “Вопытныя педагогі вырастаюць з маладых”, у сувязі з чым на першы план вылучыўся конкурсны кампанент. Абласны этап фестывалю праводзіўся з мэтай выяўлення навукова-метадычнага і практычнага вопыту работы метадыстаў вучэбна-метадычных кабінетаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, якія арганізоўваюць работу з маладымі спецыялістамі, развіцця прафесійнага і творчага патэнцыялу маладых спецыялістаў.На конкурсе візітовак зборныя раёнаў і Наваполацка пастараліся паказаць не толькі арыгінальныя творчыя ідэі, патэнцыял сваёй каманды, але і асабістыя, прафесійныя якасці кожнага яе ўдзельніка. І такім чынам здолелі пераканаць журы і гледачоў: ва ўстановы адукацыі рэгіёна прыйшла працаваць таленавітая, надзейная педагагічная змена.
— Мы сталі сведкамі сапраўднага парада маладосці, прафесіяналізму, крэатыву, — падзялілася ўражаннямі галоўны спецыяліст аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Таццяна Ульянава. — Каманды сабраліся моцныя, узровень канкурэнцыі быў вельмі высокі. Але пытанне, хто ж выйдзе ў пераможцы, знікла пасля выхаду на сцэну маладых педагогаў Чыгуначнага раёна Віцебска. Прадуманы змест выступлення і бездакорнае выканальніцкае майстэрства, удалы сцэнарый і выдатныя імправізацыі, стыльны рэквізіт — гэтая каманда адразу прыцягнула ўвагу і ўпэўнена выйшла ў лідары. Усе каманды ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі за актыўны ўдзел у фестывалі маладых спецыялістаў “Перспектыва”. Падчас фестывалю былі падведзены вынікі абласных этапаў завочных конкурсаў: эсэ на тэмы “Я абраў шлях”, “Мой першы ўрок”, “Малады педагог — перавагі і цяжкасці” і сцэнарыяў метадычных мерапрыемстваў для маладых педагогаў. У конкурсе эсэ ўдзельнічалі 54 работы. Пераможцамі журы прызнала настаўніцу гімназіі № 1 Віцебска Святлану Захаранка, педагога-арганізатара сярэдняй школы № 4 Віцебска Таццяну Валуй і настаўніцу Полацкай дзяржаўнай гімназіі імя Францыска Скарыны Наталлю Лабоха. Дыпломамі за актыўны ўдзел у конкурсе эсэ маладых педагогаў узнагароджаны Андрэй Аліхвер (сярэдняя школа № 1 Бешанковіч), Ганна Апанчонак (Кансталінская базавая школа Браслаўскага раёна), Наталля Глушанава (Даўжанская сярэдняя школа Віцебскага раёна), Аляксандра Рэўзіна-Цітова (сярэдняя школа № 10 Віцебска), Кацярына Полацкая (гімназія № 8 Віцебска), Сяргей Сафончык (Старалепельская базавая школа Лепельскага раёна) і Марыя Лазарава (шумілінская сярэдняя школа № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Акуцыёнка). На конкурс сцэнарыяў метадычных мерапрыемстваў для маладых педагогаў было накіравана 29 работ. У выніку пераможцамі сталі Ала Лукашонак (Боркавіцкая сярэдняя школа Верхнядзвінскага раёна), Ірына Касцянка (сярэдняя школа № 4 Чашнікаў) і Наталля Валынец (метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Верхнядзвінскага райвыканкама). У рамках панарамы метадычных мерапрыемстваў пераможцы правялі практыкумы і майстар-класы з маладымі педагогамі. Дыпломамі за актыўны ўдзел у конкурсе сцэнарыяў адзначаны Святлана Бабахіна (сярэдняя школа № 2 Віцебска), Ірына Гаўдур (метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама), Таццяна Малько (сярэдняя школа № 12 Наваполацка), Алена Буда (метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Лепельскага райвыканкама), Таццяна Камарова (метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Гарадоцкага райвыканкама). Пераможцы фестывалю рыхтуюцца да ўдзелу ў рэспубліканскіх мерапрыемствах у рамках акцыі “Вопытныя педагогі вырастаюць з маладых”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.