Перспектывы далейшага ўдасканалення

У канцы мінулага тыдня на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта адбыўся Рэспубліканскі савет рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі. У пасяджэнні прынялі ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, мітрапаліт Веньямін, міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Асноўнай тэмай савета стала “Удасканаленне адукацыйнага працэсу ва ўстановах вышэйшай адукацыі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій: тэарэтыка-метадалагічныя і арганізацыйна-тэхналагічныя аспекты”. Акрамя таго, у полі зроку былі пытанні далейшага развіцця і ўдасканалення вышэйшай адукацыі, арганізацыя актуальнай выхаваўчай работы са студэнтамі.

Пытанні, звязаныя з лічбавізацыяй, у тым ліку лічбавізацыя адукацыйных працэсаў, актыўна разглядаюцца на міжнародным узроўні: у лічбавым парадку Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года, у плане Еўрапейскай камісіі па развіцці лічбавай адукацыі на 2021—2027 гады, у нацыянальным плане ў галіне адукацыйных тэхналогій, распрацаваным на 2021 год у ЗША, і г.д. У сіс­тэме вышэйшай адукацыі краіны сфарміраваны асноўныя задачы развіцця інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя адукацыйнай прасторы, якія знайшлі адлюстраванне ў Канцэптуальных падыходах да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года і на перспектыву да 2030 года.

Пашырэнне выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе набыло высокую актуальнасць. Як адзначыў старшыня савета рэктараў, рэктар БДУІР Вадзім Богуш, драйверамі развіцця лічбавізацыі ў сістэме адукацыі з’яўляюцца змены тэхналагічнага забеспячэння (развіццё мультымедыйных камунікацыйных тэхналогій, дапоўненая і віртуальная рэальнасць, распрацоўка мадэлей і праграмных рашэнняў аналізу вялікіх даных, тэхналогіі штучнага інтэлекту), сацыяльныя фактары, укараненне лічбавых тэхналогій (аўтаматызацыя і аптымізацыя працэсаў кіравання, пераход да масавага карыстання лічбавымі тэхналогіямі ў сацыяльнай сферы).

Універсітэты ў адукацыйным працэсе выкарыстоўваюць разнастайны пералік ІКТ: электронныя сродкі навучання; розныя электронныя рэсурсы лакальнай акадэмічнай сеткі (электронная бібліятэка, электронны каталог, віртуальныя выставы, віртуальная даведачная служба); анлайн-рэсурсы інтранэту і інтэрнэту; вучэбнае праграмнае забеспячэнне; сродкі камунікацый на розных адукацыйных платформах (у рэжыме выкладчык — студэнт, студэнт — студэнт); разнастайныя тэхнічныя сродкі падтрымкі навучання; ERP-сістэмы.

У 2020—2021 гадах ва ўмовах пандэміі, а таксама з улікам складанай эпідэмічнай сітуацыі і санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, распрацаваных Міністэрствам аховы здароўя, універсітэты перайшлі на арганізацыю адукацыйнага працэсу з пашыраным выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій. Варта адзначыць, што сістэма вышэйшай адукацыі паспяхова справілася з задачай забеспячэння якасці адукацыі ў такім фармаце навучання.

Разам з тым развіццё дыстанцыйнага навучання ў сіс­тэме вышэйшай школы патрабуюць ўдасканалення і вырашэння шэрага праблемных пытанняў. Найперш гаворка ідзе пра арганізацыю неабходнага нарматыўнага забеспячэння арганізацыі і рэалізацыі адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем дыстанцыйнага навучання. Акрамя таго, развіцця патрабуюць сеткавая форма падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, сеткавае навукова-адукацыйнае ўзаемадзеянне, фарміраванне і выкарыстанне кластарных між­універсітэцкіх платформ дыстанцыйнага навучання.

Рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Юрый Бондар гаварыў пра развіццё магістратуры і месца магістранта ў сектаральных рамках кваліфікацыі. Прапанаваў праект сектаральнай рамкі кваліфікацый у сферы адукацыі.

Пра развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі краіны на 2021—2025 гады ў межах праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2021—2025 гады” расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч. Згодна з праграмай, работа сістэмы вышэйшай адукацыі будзе канцэнравацца на наступных задачах. Першая — стварэнне ўмоў для павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці вышэйшай адукацыі, яе ўдасканалення ў адпаведнасці з цяперашнімі і перспектыўнымі патрабаваннямі нацыянальнага рынку працы і сусветнымі тэндэнцыямі эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця. Другая — павышэнне экспартнага патэнцыялу вышэйшай адукацыі.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў: “Ад вас, рэктарскага корпуса, шмат у чым залежыць, у якім кірунку будзе развівацца далей наша вышэйшая адукацыя. Пры гэтым неабходна ўліч­ваць змены, прадугледжаныя новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі. Трэба адзначыць, што структура вышэйшай адукацыі таксама зведае сур’ёзныя змены. Гэта абумоўлена ў першую чаргу неабходнасцю ўдасканалення механізма падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для нацыянальнай эканомікі і сацыяльнай сферы з улікам рэалізацыі Стратэгіі развіцця нацыянальнай сістэмы кваліфікацый.

Акрамя гэтага, у развіццё рашэнняў VI Усебеларускага народнага сходу, Канцэптуальных падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года і на перспектыву да 2030 года, адобраных Рэспубліканскім педагагічным саветам з ­удзелам кіраўніка дзяржавы ў 2017 го­дзе, Міністэрствам адукацыі распрацаваны праект Канцэпцыі развіцця сіс­тэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года. У ёй знайшлі адлюстраванне асноўныя тэндэнцыі развіцця сістэмы адукацыі з улікам міжнароднага вопыту, прааналізаваны бягучы стан сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, вызначаны мэты, задачы і асноўныя напрамкі развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі на перыяд да 2030 года”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.