Перспектывы супрацоўніцтва ў сферы дашкольнай адукацыі

Канферэнцыя высокага ўзроўню “Умацаванне сістэм адукацыі ў раннім узросце: інвестыцыі на раннім этапе для забеспячэння эфектыўнага навучання” прайшла на пачатку красавіка ў Бухарэсце (Румынія). Арганізатарам мерапрыемства выступіла Міністэрства нацыянальнай адукацыі Румыніі пры падтрымцы Сусветнага банка, ЮНІСЕФ і Фонду “Адкрытае грамадства”. Беларускую дэлегацыю на такім прадстаўнічым форуме ўзначаліў намеснік міністра адукацыі Васіль Будкевіч.

У канферэнцыі прынялі ўдзел 18 дэлегацый краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі. На пленарным пасяджэнні выступілі Прэм’ер-міністр Румыніі Віктар Понта, міністр нацыянальнай адукацыі Румыніі Рэмус Прыкопія, выконваючы дырэктар групы Сусветнага банка па пытаннях адукацыі Альберта Радрыгез, дырэктар Цэнтра інавацый у раннім узросце Генцкага ўніверсітэта прафесар Ян Пітэрс.
Усе выступоўцы, незалежна ад краіны пражывання, адзначалі неабходнасць інвесціравання ў інфаструктуру адукацыі дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, павышэння заработнай платы педагагічным работнікам дзіцячых садоў, абавязковай дашкольнай адукацыі для дзяцей 5-гадовага ўзросту, павышэння патрабаванняў да адукацыйнага ўзроўню спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі ранняга ўзросту. Удзельнікі форуму абмеркавалі пытанні адукацыйных стандартаў дашкольнай адукацыі, распрацоўкі праграм ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі. Асаблівая ўвага ўдзялялася пытанням пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі, аптымізацыі працэсу пераходу дзіцяці на наступны ўзровень адукацыі з пункту гледжання арганізацыйных форм, метадаў і прыёмаў навучання, прыцягнення прыватнага сектара ў інвесціраванне разнастайных праграм па дашкольнай адукацыі.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі прыняў удзел у рабоце секцый “Даступнасць і інклюзія”, “Вызначэнне гатоўнасці дзяцей да навучання ў школе”. У ходзе пасяджэнняў члены беларускай дэлегацыі прынялі ўдзел у дыскусіях па тэмах “Ацэнка якасці дашкольнага навучання: інструментарый SABER”, “Забеспячэнне даступнасці якаснай дашкольнай адукацыі”, “Ацэнка ўмоў, якія ствараюцца ўстановамі дашкольнай адукацыі, для аказання адукацыйных паслуг дзецям ранняга і дашкольнага ўзросту”.
Беларускія ўдзельнікі вывучалі вопыт Румыніі па рэалізацыі праграм інклюзіўнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту, стварэння мультыфункцыянальных цэнтраў, рэалізацыі прыватна-дзяржаўнага партнёрства ў сферы дашкольнай адукацыі; Малдовы — па кіраванні якасцю адукацыі (павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню педагагічных работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі), Літвы — па фінансаванні дашкольнай адукацыі, Швецыі — па ацэнцы ўмоў, якія ствараюцца ўстановай адукацыі для аказання адукацыйных паслуг дзецям дашкольнага ўзросту, Канады — па ацэнцы гатоўнасці дзяцей да навучання ў школе, асацыяцыі ISSA — па распрацоўцы інструментарыю для ацэнкі якасці работы педагогаў ва ўстановах адукацыі, якія аказваюць паслугі для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 10 гадоў.

Атрыманы вопыт будзе спрыяць пашырэнню адукацыі ў раннім узросце, забеспячэнню роўнага доступу да якаснай дашкольнай адукацыі для ўсіх дзяцей з улікам сусветных тэндэнцый. Намеснік міністра адукацыі Васіль Будкевіч таксама правёў рабочыя сустрэчы з міністрам нацыянальнай адукацыі Румыніі Р.Прыкопія, намеснікамі міністраў адукацыі Малдовы і Грузіі, прадстаўніком Міністэрства адукацыі і навукі Літвы, прэзідэнтам Акадэміі адукацыі Таджыкістана І.Карымавай, дырэктарам інстытута псіхолага-педагагічных праблем дзяцінства Расійскай акадэміі адукацыі Т.У.Валасавец, а таксама са спецыялістамі ЮНІСЕФ і Сусветнага банка. Падчас сустрэч былі абмеркаваны магчымыя варыянты дзяржаўнай палітыкі, накіраваныя на забеспячэнне роўнага доступу дзяцей да якаснай дашкольнай адукацыі, эфектыўныя падыходы да фінансавання сістэмы дашкольнай адукацыі, распрацоўкі зместу дашкольнай адукацыі. Акрамя таго, былі намечаны перспектывы для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў названых напрамках.
Таксама падчас работы канферэнцыі адбылася сустрэча прадстаўнікоў Беларусі з рэгіянальным саветнікам ЮНІСЕФ Дыпай Гроўвер. Яна адзначыла значныя поспехі Рэспублікі Беларусь у сферы дашкольнай адукацыі і дасягненні мэт Дакарскіх рамак дзеянняў у галіне адукацыі для ўсіх, якія былі прыняты ў 2000 годзе. Агучвалася неабходнасць працягваць работу, накіраваную на пашырэнне і ўдасканаленне спектра адукацыйных паслуг, якія аказваюцца дзецям ранняга і дашкольнага ўзросту, павышэнне якасці дашкольнай адукацыі.

Актыўную дыскусію ва ўдзельнікаў канферэнцыі выклікала пытанне неабходнасці ацэнкі індывідуальных вынікаў дзіцяці. Значная частка спецыялістаў выказала меркаванне аб неабходнасці ацэнкі якасці праграм, узроўню падрыхтокі педагагічных кадраў, якія ажыццяўляюць адукацыйны працэс, умоў, якія ствараюцца ўстановай адукацыі для паўнавартаснай падрыхтоўкі да навучання на наступным этапе адукацыі.

 

Прэс-цэнтр
Міністэрства адукацыі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *