Пескатэрапія: цікава і эфектыўна

- 10:40Навіны рэгіёнаў

Самая любімая дзейнасць дзяцей — гульня. У ёй яны ствараюць уласны свет, які жыве па іх правілах. Да гульні дзеці адносяцца вельмі сур’ёзна і шчодра ўкладваюць у яе свае эмоцыі. Першае месца, куды мама вядзе свайго малыша, — гэта пясочніца, дзе ён можа доўга перасыпаць пясок з лапаткі ў вядзерца, рабіць “кулічыкі” ці проста браць пясок у кулачок і назіраць за тым, як ён высыпаецца скрозь пальцы.

Пясок — выдатны матэрыял для гульняў: ён пластычны і сыпкі, яго можна намачыць, з яго можна ляпіць розныя формы, разбураць іх і зноў будаваць. Гульня з пяском — добры спосаб ­зняць унутранае напружанне. 

На карэкцыйных занятках з дзецьмі дашкольнага ўзросту прымяняю песка-, арт-, музыка- і казкатэрапію, псіхаэмацыянальныя эцюды і трэнінгі, развіццёвыя гульні і практыкаванні. Асабліва падабаецца выхаванцам пескатэрапія, якая развівае пазнавальныя і творчыя здольнасці, дапамагае педагогу ўстанавіць кантакт з замкнутым дзіцем, знізіць эмацыянальную няўстойлівасць, зняць павышаную трывожнасць і стрэсы.  

Працаваць з пяском можна змалку, калі малыш толькі знаёміцца з рознымі матэрыяламі і спрабуе іх сыпаць, змешваць і г.д. Дзецям падабаецца ўздзеянне пяску на рукі, пальцы і далоні, таму яны вельмі хутка расслаб­ляюцца, адчуваюць сябе камфортна. Малышы вучацца прыслухоўвацца да сябе, прагаворваць свае адчуванні. У іх развіваюцца ўвага, мысленне, памяць, дробная маторыка, камунікатыўныя навыкі.   

Пясок для дашкольнікаў — гэта не проста забава, а важная частка развіцця, таму пачынаю заняткі з фарміравання агульнага ўяўлення дзяцей пра пясок і яго ўласцівасці. Прашу зрабіць на пяску адбітак кулачка ці далонькі, пасля чаго пытаюся пра адчуванні, што ўзнікаюць пры гэтым. Затым выкарыстоўваю практыкаванні, дзе трэба намаляваць што-небудзь на пяску, а потым расказаць пра сваю “карціну”.

Уважліва назіраю за паводзінамі дзяцей за пясочным сталом. Асаблівую ўвагу ўдзяляю тым, хто доўгі час не можа выбраць цацкі для сваёй кампазіцыі. Як правіла, такім дзецям патрабуецца комплекснае псіхолага-педагагічнае суправаджэнне ў адаптацыйны перыяд.

Пра характар малыша вельмі многае можа раска­заць фігурка, якую ён узяў першай. Рашучыя і моцныя дзеці выбіраюць супергерояў, сабак, салдацікаў і рыцараў, сарамлівыя — самую маленькую цацку: мышку, кветку, кацяня. У залежнасці ад гульнявога сюжэта малышы могуць памяняць свайго персанажа. Як правіла, гэта з’яўляецца крытэрыем паспяховай адаптацыі.

Размяшчэнне фігур і пабудоў у пясочніцы адлюстроўвае ступень псіхалагічнага камфорту. Дзеці з ярка выяўленымі лідарскімі здольнасцямі выбіраюць для сваёй пабудовы цэнтральную частку пясочніцы, замкнутыя — адгароджваюць сваю прастору плотам. Больш за тое, яны могуць увогуле адмовіцца ад групавой работы, спаслаўшыся на тое, што ў пясочніцы ўсім будзе цесна.

Асаблівую патрэбу ў пескатэрапіі маюць дзеці з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, найперш з парушэннем апорна-рухальнага апарату. Гульні на развіццё дробнай маторыкі пальцаў і кісцяў рук рэгулююць мышачны тонус, зніжа­юць напружанне. 

Добры эфект пескатэрапія прыносіць у рабоце з эмацыянальна няўстойлівымі дзецьмі, з парушаным самакантролем і агрэсіўнымі паводзінамі, а таксама з мітуслівымі, няўважлівымі дзецьмі, няздольнымі прыстасавацца да калектыву, частай зменай настрою.

У рабоце выкарыстоўваю драўляную скрыню памерам 70 × 10 × 50 см з рознымі відамі сертыфікаванага пяску, крэсламі для ўдзельнікаў, лапаткамі, лейкай, сітам, дробнымі каменьчыкамі, ракавінкамі, цацкамі ў выглядзе раслін, чалавечкаў, жывёл, казачных істот, прадметаў побыту, архі­тэктурных аб’ектаў, транспартных сродкаў, біжутэрыі і інш.

Пясок для гульняў можа быць рачным ці марскім. Галоўнае — чыстым. Яго можна замяніць нават маннымі крупамі. У хатніх умовах пясочніцай можа стаць паднос прамавугольнай формы ці звычайны кантэйнер памерам не менш за 50 × 70 см. Пясочніцу трэба запоўніць пяском на 2/3. Неабходны таксама вада для змочвання пяску і набор мініяцюрных цацак.

Працуючы з пяском, клапачуся пра бяспеку. Перад выкарыстаннем пясок мыю і награваю. Раз у год мяняю. 

Віды заняткаў выбіраю ў адпаведнасці з мэтамі псіхакарэкцыі. Так, на дыягнастычных занятках вывучаю асаблівасці эмацыянальна-валявой сферы дзяцей, выяўляю іх асобасныя праблемы. На гульнявых занятках пескатэрапія спалучаецца з казкатэрапіяй і абыгрываннем пэўнай сітуацыі. Псіхакарэкцыйныя заняткі право­джу індывідуальна, у тым ліку ў якасці дапаможнага метаду лячэння неўрозаў. Кансультацыйныя заняткі дапамагаюць візуалізаваць праблему, зразумець пэўную жыццёвую сітуацыю і знайсці выйсце з яе. Пасля курса заняткаў даю бацькам агульныя рэкамендацыі.

Прапаную дзецям практыкаванні “Пясочны вецер” (неабходна праз трубачку “вы­дзьмуць” малюнак), “Пясочная аплікацыя” (трэба выканаць на светлавым стале з дапамогай трафа­рэта малюнкі на зададзеную ці вольную тэму), “Сляды” (неабходна стварыць адбіткі сваіх пальчыкаў і далонек ці фігурак жывёл), “Далонькі” (трэба стварыць на пяску, у тым ліку ў парах, кампазіцыю з адбіткаў далонек, а пальцамі намаляваць сляды жывёл) і “Сакрэцік” (неабходна адшукаць схаваныя ў пяску цацкі, абмацаць іх і на аснове сенсорнага абследавання сказаць, што гэта). Прапаную таксама намаляваць што-небудзь на пяску з дапамогай стылуса. Калі малюнак гатовы, аналізую яго і задаю пытанні, якія прымушаюць зазірнуць ва ўнутраны свет дзіцяці. Гэта дапамагае яму навучыцца разумець уласныя эмоцыі і пачуцці. 

У карэкцыйнай рабоце на сямейных трэнінгах пескатэрапія з’яўляецца сродкам рэлаксацыі і творчага самавыяўлення. Адчуванні, якія ­ўзнікаюць у дарослых пры дотыку да пяску, вяртаюць іх у дзяцінства. 

Пескатэрапію можна выкарыстоўваць у якасці трэнінгаў і для педагогаў: напрыклад, стварыць на пяску кампазіцыі мінулага, сённяшняга і будучыні, каб усвядоміць сваё месца ў жыцці і вызначыць кірункі самаразвіцця.

Пескатэрапія — выдатны метад карэкцыі эмацыянальнага і псіхічнага стану дзяцей, рэлаксацыі і самарэгулявання дарослых. Уладкуйце пясочніцу дома. Яна прынясе ра­дасць усім, а сумесныя гульні ў хатняй пясочніцы толькі ўмацуюць маральны мікраклімат у сям’і.

Дар’я ЖЭРКО,
педагог-псіхолаг Ляхавіцкага раённага ЦКРНіР.