Песня, танец і батлейка

- 12:23Навіны рэгіёнаў

Убачыць і падтрымаць юныя таленты, дапамагчы дзецям стаць сапраўды творчымі асобамі — такія задачы вырашае конкурс музычнай творчасці “Дамісолька”. У гэтым годзе ў Лідскім раёне ў яго фінальны этап выйшлі 23 установы дашкольнай адукацыі, а першы этап адбыўся ў 44 установах.

Дзеці выступалі ў намінацыях “Харэаграфічная творчасць”, “Вакальная творчасць”, “Цудоўны свет беларускай музычнай культуры”. У гэтай намінацыі былі прадстаўлены не толькі песні і танцы, але і выступленне батлеечнага тэатра. Выхаванцы ясляў-сада № 19 Ліды паказалі музычную казку па матывах твора Міколы Захаранкі “Разумная ўнучка”.

— Такі конкурс правялі ў Лідскім раёне трэці раз, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Алена Іванаўна Маціяс. — Мерапрыемства набывае папулярнасць, расце ўзровень выканання, нягледзячы на юны ўзрост удзельнікаў — ад 3 да 7 гадоў. Цікавасць да конкурсу праяўляюць не толькі супрацоўнікі дзіцячых садоў, але і бацькі. Вось, напрыклад, разам з выхаванцамі ясляў-сада № 7 Ліды танец “Рамонкавае поле” выконвалі таты. Мы рады, што ў нас такія таленавітыя выхаванцы, прафесійныя педагогі, зацікаўленыя бацькі.

Прысутнічаў на свяце і начальнік упраўлення адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай, што паказвае значнасць, якую надае ўпраўленне адукацыі правядзенню конкурсу “Дамісолька”.

Журы, ацаніўшы мастацкі ўзровень рэпертуару, выканальніцкае майстэрства, сцэнічную культуру, арыгінальнасць і навізну ў падачы матэрыялу, артыстычнасць юных выканаўцаў, якасны ўзровень музычнага суправаджэння, у намінацыі “Харэаграфічная творчасць” адзначыла яслі-сад № 2 Ліды (дыплом І ступені), яслі-сад № 7 (дыплом ІІ ступені), яслі-сад № 31 і № 37 (дыпломы ІІІ ступені). У намінацыі “Вакальная творчасць” лепшымі прызнаны яслі-сад № 40 (дыплом І ступені), дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 (дыплом ІІ ступені) і яслі-сад № 22 (дыплом ІІІ ступені). Лепшыя нумары ў намінацыі “Цудоўны свет беларускай музычнай культуры” прадставілі яслі-сад № 9 і № 23 (дыпломы І ступені), яслі-сад № 4 (дыплом ІІ ступені), яслі-сад № 8 і № 26 (дыпломы ІІІ ступені).

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.