Песняй расказаць пра Беларусь спартыўную

Заяўкі на конкурс песні цырымоній адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў 2019 года прымаюцца да 15 мая.

Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве культуры.

Гэта паўторны конкурс. Аб’яўлены раней журы прызнала неправедзеным у сувязі з тым, што прысланыя песні не ў поўнай меры адпавядалі ідэйным, змястоўным і творчым задачам конкурсу.

Песні павінны раскрываць тэмы яднання народаў, мірнага спартыўнага спаборніцтва, гасціннасці Беларусі, адлюстроўваць шчырасць і цеплыню краіны, якая прымае Еўрапейскія гульні. Мэта конкурсу — выяўленне і падтрымка таленавітай моладзі, прыцягненне шырокага кола аўтараў да ўдзелу ў фарміраванні творчага кантэнту Еўрагульняў, стварэнне музычных твораў з нацыянальнымі матывамі, якія маглі б быць выкананы на цырымоніях адкрыцця і закрыцця гульняў.

Аўтарамі музыкі і (або) слоў песень на рускай, беларускай і англійскай мовах могуць выступіць як грамадзяне Беларусі, так і замежныя грамадзяне. Адзін удзельнік можа прадставіць не больш за дзве песні.

Заяўкі падаюцца на паштовы або электронны адрас Беларускай дзяржаўнай філармоніі (220005, Мінск, пр.Незалежнасці, 50, e- mail: philharmonic@tut.by) з паметкай “Конкурс на стварэнне песні”. У пакет матэрыялаў уваходзяць аўдыязапіс песні, нотны запіс, тэкст на рускай, беларускай або англійскай мовах. Працягласць музычнага твора для сольнага або калектыўнага выканання — не больш як 3 хвіліны.

Ацэнку песень дасць прафесійнае журы. Пераможцам будуць уручаны спецыяльныя дыпломы і грашовыя прэміі.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры, дырэкцыя па правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, Беларуская дзяржаўная філармонія.

З падрабязнасцямі ўдзелу ў конкурсе на стварэнне песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця Еўрапейскіх гульняў у Беларусі ў 2019 годзе можна азнаёміцца на сайце Міністэрства культуры.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *