“Пінокіа” як школа жыцця

Вялікі тэатр Беларусі рыхтуе новую пастаноўку для дзяцей — оперу “Пінокіа”.

Хто з нас у дзяцінстве не чытаў казку Аляксея Талстога пра драўлянага хлопчыка з доўгім носам і яго тату Карла. Усе мы з заміраннем сэрца гля­дзелі і пераглядалі фільм “Прыгоды Бураціна”, зняты рэжысёрам Леанідам Нячаевым на кінастудыі “Беларусьфільм”. Але ці ўсе ведаюць, што правобразам савецкага “Залатога ключыка” стала казка італьян­скага пісьменніка Карла Калодзі “Прыгоды Пінокіа. Гісторыя драўлянай лялькі”, напісаная ажно ў 1881 го­дзе. Гэтая казка выклікала настолькі моцную цікавасць, што пачалі з’яўляцца самыя розныя яе варыянты. За 140 гадоў “Пінокіа” ператварыўся ў адну з самых папулярных гісторый на свеце. Па гэтай казцы ставіліся фільмы, спектаклі і нават ствараліся коміксы. Яна стала адной з найлюбімейшых гісторый многіх пакаленняў хлопчыкаў і дзяўчынак. Таму і нядзіўна, што мы зноў і зноў вяртаемся да яе. Паглядзець па-сучаснаму на гісторыю хлопчыка з палена зусім хутка змогуць і юныя беларусы з бацькамі ў новай пастаноўцы “Пінокіа” Вялікага тэатра Беларусі, якую рыхтуе рэжысёр Наталля Бараноўская.

На пачатку вясны генеральны дырэктар Вялікага тэатра Аляксандр Пятровіч  анансаваў, што ў чарговым сезоне будзе прадстаўлены новы спектакль для сямейнага прагляду — дзіцячая опера Г. Бруні “Пінокіа”, якая абяцае быць дзівоснай, павучальнай і сентыментальнай. Галоўны вобраз Пінокіа і сама казка прыцягваюць публіку, чытачоў і рэжысёраў сваёй шматпланавасцю і разнастайнасцю. Гэта даволі жорсткая, але напоўненая аптымізмам гісторыя, у якой кожны зможа знайсці нешта блізкае. У оперы гу­чыць вершаванае лібрэта рэжысёра Наталлі Бараноўскай, напісанае па матывах нямецкага лібрэта У.Шэфлер і казкі К.Калодзі, і музыка нямецкага кампазітара Глорыі Бруні.

— Гісторыя пра Пінокіа, напісаная ў канцы ХІХ стагоддзя, не перастае быць актуальнай і зараз. Працэс ператварэння лялькі ў сапраўднага чалавека, апісаны Карла Калодзі, прымусіць суперажываць маленькіх гледачоў. Бо дзеці бу­дуць задаваць сабе і бацькам пытанні: чаму гэта з ім адбылося, а што было б, калі б я так зрабіў? Такім чынам у іх, дзякуючы гэтай казцы, будуць фарміравацца правільныя маральныя арыенціры, — пераканана Наталля Бараноўская. — “Пінокіа” для мяне — гэта школа жыцця, дзе дзеці з дапамогай эмацыянальнай датычнасці да героя вучацца на яго памылках і адказваюць для сябе на пытанні, што такое добра, а што дрэнна. Калі ты зрабіў памылку, то лёс пакарае, выправіў яе — атрымаеш падарунак: зразумееш цану дружбы і навучышся любіць. Сучасныя дзеці маюць неабмежаваны доступ да інтэрнэту з неверагоднай колькасцю інфармацыі, пры гэтым яны не маюць такога жыццёвага вопыту, каб зразумець, якая інфармацыя карысная, а якая шкодная, якая праўдзівая, а якая лжывая. Да таго часу, пакуль яны не навучацца размяжоўваць дабро і зло, яны могуць трапляць у небяспечныя сітуацыі і рабіць памылкі, як Пінокіа. Але заўсёды лепш вучыцца на памылках іншых, фарміруючы ў сабе асновы маральнасці, няхай і ў казачным свеце”.

Гісторыю драўлянай лялькі, яе неверагодных прыгод раскажуць і пакажуць каля 40 артыстаў розных узростаў. На працягу 60-мінутнага спектакля яны будуць ператварацца ў персанажаў сусветна вядомай казкі, уцягваючы гледачоў у займальную гульню, імя якой — Тэатр. “У оперы задзейнічаны маладыя салісты тэатра. На мой по­гляд, казкі — гэта выдатны вучэбны сцэнічны матэрыял для набыцця акцёрскага вопыту. Бо тэатру можна навучыцца толькі ў тэатры”, — дадала рэжысёр. Акрамя дарослых салістаў, у гэтым спектаклі на сцэну выйдуць і юныя артысты — выхаванцы дзіцячага музычнага тэатра-студыі Вялікага тэатра. Прынамсі, дзяцей у гэтым спектаклі занята багата: рэжысёр прыдумала займальныя ролі для ўсіх — ад падлеткаў да малых.

Дзіцячую оперу Глорыі Бруні прыйшлося крыху адаптаваць для лепшага ўспрымання беларускімі гледачамі і слухачамі. “Опера напісана нямецкім кампазітарам для нямецкіх дзетак, якія пачынаюць знаёміцца з сучаснай музыкай з самага дзяцінства. І хоць беларусы таксама імкнуцца да гэтага, але ўсё роўна яны яшчэ не так добра музычна падкаваныя. А таму разам з дырыжорам-пастаноўшчыкам Уладзімірам Авадком мы ўнеслі пэўныя карэктывы, пакінуўшы пры гэтым прынцып Бруні — ад простага да складанага”, — патлумачыла Н.Бараноўская.

“Сучасная дзіцячая опера не азначае спектакль са складанай музыкай. Кампазітар Г.Бруні па­спрабавала злучыць сучасную музычную культуру з оперным жанрам. А таму ў “Пінокіа” прагучаць і проста чытка рытмічнага тэксту, і сапраўдны рэп, — дадаў Ула­дзімір Авадок. — Ідэя кампазітара была ў тым, каб ад вымаўлення сцэнічнага тэксту паступова пераходзіць да спявацкага выканання. І калі на пачатку оперы дастаткова многа дыя­логаў, то чым бліжэй да канцоўкі твора, тым больш гэтыя дыялогі ператвараюцца ў спевы і набліжаюцца да опернага выканання. Такім чынам адбываецца незаўважны пераход ад слова да яго вакальнага праяўлення”.

Цудоўныя фантазійныя дэкарацыі прыдумала мастачка Л.Сідзельнікава. Пры гэтым важна было, каб яны хутка збіраліся і разбіраліся і не былі грувасткімі. У спектаклі для ўзмацнення эфекту пагружэння ў казачны свет будуць выкарыстаны пэўныя спецэфекты: відэарад, мультыплікацыя і сцэнічныя трукі, якія, праўда, лепш пабачыць на свае вочы. І хоць да прэм’еры яшчэ паўгода, але ўжо адчуваецца, што для гледачоў, як малых, так і дарослых, рыхтуецца сапраўднае свята музыкі, радасці, прыгажосці і таленту. “Я працую з вельмі вопытным і прафесійным сцэнографам і мастаком Любоўю Сідзельнікавай, якая мысліць нестандартна, а таму, думаю, яе дэкарацыі ўразяць нашых гледачоў, — сказала рэжысёр. — Для мяне галоўнае, каб дэкарацыі былі эстэтычнымі, бо лічу, што дзетак неабходна гадаваць на прыгажосці”.

Дарэчы, хоць для рэжысёра Наталлі Бараноўскай “Пінокіа” — першая оперная пастаноўка на вялікай сцэне тэатра, аднак яна ўжо неаднаразова ставіла іншыя спектаклі. Так, разам з музычнай капэлай “Санорус” яна паставіла “Дамавіка Кузю і куфар казак”, “Пер Гюнта” Э.Грыга і “Ката ў ботах” Ц.Кюі. “Я ўвогуле вельмі люблю казкі і ставіць, і пісаць. Напэўна, я так і не пасталела”, — жартуе яна.

Цудоўная музыка Глорыі Бруні, вершаванае лібрэта рэжысёра Наталлі Бараноўскай, тонкая работа дырыжора Уладзіміра Авадка, адметныя дэкарацыі Любові Сі­дзельнікавай і бліскучае выкананне роляў як дарослымі, так і юнымі артыстамі, безумоўна, стануць залогам поспеху пастаноўкі. “Усе мы выдатна памятаем тэлевізійную версію савецкага “Бураціна”. Але ў “Пінокіа” асабліва ярка прадстаўлена трансфармацыя неадушаўлёнай эгаістычнай лялькі ў жывога чалавека з сумленнем, які ўмее сябраваць, спачуваць і любіць, — дадаў У.Авадок. — Опера “Пінокіа” настолькі шматгранная, з мноствам захапляльных эпізодаў, што будзе цікавая не толькі дзецям малодшага школьнага ўзросту, але і падлеткам, бо ў ёй сучасныя і музыка, і дзеянні, і спакусы — будзе над чым падумаць гледачам усіх узростаў”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.