PISA: добрыя навіны для Беларусі

3 снежня ў Парыжы былі агучаны вынікі міжнароднага даследавання PISA- 2018. Беларусь, якая ўпершыню прыняла ўдзел у гэтым маштабным праекце, размясцілася ў першай палове рэйтынга (35—38-е месцы, у залежнасці ад напрамку даследавання, сярод 79 краін-удзельніц).

Ужо на наступны дзень, 4 снежня, на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адбыўся семінар для кіраўнікоў сістэмы адукацыі ўсіх узроўняў. У яго рабоце прынялі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, спецыяліст-аналітык дэпартамента па пытаннях адукацыі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Альфонса Эчэзара, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў нацыянальны менеджар праекта PISA ў Беларусі Юрый Міксюк. Былі прааналізаваны вынікі даследавання 2018 года і вызначаны задачы на перспектыву.

“Добрая навіна для Беларусі” — гэтую фразу Альфонса Эчэзара неаднойчы прамаўляў на семінары, аналізуючы вынікі ўдзелу нашай краіны ў міжнародным кантэксце. Вялікая статыстыка PISA-2018 яшчэ патрабуе пільнага вывучэння, але для спецыяліста-аналітыка, які даўно працуе ў праекце, за мноствам лічбаў адкрываецца агульная сітуацыя. І для нашай краіны яна даволі спрыяльная.

На што звярнуў увагу эксперт Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця?

— Асноўная мэта PISA — даследаваць падрыхтоўку навучэнцаў да дарослага жыцця, іх здольнасці прымяняць веды ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях, — паведаміў Альфонса Эчэзара. — Акрамя таго, мы высвятляем, як сацыяльныя ўмовы вызна­чаюць узровень ведаў навучэнцаў, іх уласны погляд на далейшае жыццё. Тут мы аналізуем такія паказчыкі, як пол, сацыяльна-эканамічны статус, мясцовасць, з якой пахо­дзіць навучэнец (горад, вёска), пытанні бяспекі і г.д. У рамках гэтай мэты праводзім апісанне адукацыйнага асяроддзя. Робіцца акцэнт на рэсурсах, а таксама інфраструктуры, кадравым патэнцыяле і арганізацыі адукацыйнага працэсу. Такім чынам, PISA — маштабнае комплекснае даследаванне. Глабальна нас цікавіць не толькі ўзровень валодання навучэнцамі матэматыкай ці літаратурай, а іх стаўленне да гэтых дысцыплін, матывацыя, тое, што спатрэбіцца ім на працягу ўсяго жыцця. Таму, акрамя двухгадзіннага тэста, які праходзяць школьнікі, мы праводзім таксама апытанне настаўнікаў і бацькоў навучэнцаў.

Альфонса Эчэзара заўважыў, што PISA выкарыстоўвае вельмі складаную сістэму ацэньвання, таму ў даследаванні не бя­руць удзел краіны з нізкім узроўнем даходу. Тэсціраванне і апытанні ўдзельнікаў право­дзяцца на камп’ютарах, а гэта пэўны ўзровень матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння (зрэшты, у 2018 годзе 9 краін ажыццявілі даследаванне на паперы).

— У даследаванні PISA 2018 года Беларусь набрала 450 пунктаў, і гэта добры паказчык, — заўважыў эксперт. — Добрай навіной з’яўляецца і тое, што ў Беларусі, як і ў іншых краінах постсавецкай прасторы, а таксама ў скандынаўскіх краінах, вельмі нізкі ўзровень няроўнасці сярод навучэнцаў.

Адметна, што ва ўсіх краінах-удзельніцах дзяўчынкі паказваюць больш высокія вынікі, чым хлопчыкі. Але ў Беларусі гендарны разрыў вельмі нізкі. Дзяўчынкі паказваюць лепшыя вынікі толькі ў даследаванні чытацкай дасведчанасці.

— Таксама мы пыталіся ў навучэнцаў, якой яны бачаць сваю будучыню, дзе, па іх меркаванні, будуць працаваць, якія ўвогуле іх чаканні, — расказаў спецыяліст. — Для Беларусі добрая навіна заключаецца ў тым, што чаканні і амбіцыі школьнікаў тут даволі высокія. Усе яны плануюць атрымліваць вышэйшую адукацыю і вучыцца ва ўніверсітэтах. Каля 30% навучэнцаў хацелі б звязаць кар’еру з навукай, тэхнічнымі дысцыплінамі, інжынерыяй, інфармацыйнымі тэхналогіямі.

Згодна з апытаннем, прапорцыя школьнікаў, якія сутыкаліся з булінгам, у нашай краіне вельмі нізкая.

— Гэта надзвычай важны аспект, бо булінг моцна ўплывае на наступнае жыццё чалавека, яго светапогляд, — сказаў Альфонса Эчэзара. — І паводле даследаванняў, найважнейшым крэтырыем для ўсіх бацькоў з’яўляецца школьная бяспека. Не акадэмічныя дасягненні, а менавіта бяспека. Мы таксама пыталіся ў школьнікаў пра іх адносіны да булінгу. Добрым паказчыкам для Белару­сі з’яўляецца тое, што вашы дзеці больш талерантныя, чым іншыя школьнікі з краін — удзель­ніц даследавання.

Важны крытэрый ацэнкі — энтузіязм настаўнікаў у дачыненні да сваіх дысцыплін, бо  ў выніку гэта ўплывае на паказчыкі навучэнцаў.

— Тыя, хто вучацца ў настаўнікаў-энтузіястаў, больш матываваныя на далейшае навучанне. І Беларусь пацвярджае, што настаўнікі станоўча ўплываюць на сваіх вучняў, — адзначыў эксперт.

Ён прадэманстраваў удзельнікам семінара схему, якая адлюстроўвае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне паміж навучэнцамі. Краіны, якія паказваюць найбольш высокі ўзровень супрацоўніцтва, — Данія, Швецыя, Нідэрланды; самы высокі ўзровень спаборніцтва паміж дзецьмі — у ЗША. У Беларусі навучэнцы імкнуцца супрацоўнічаць паміж сабой.

Даследаванне па гендарнай прымеце паказвае, што дзяўчынкі дэманструюць менш негатыву ў ацэнцы свайго жыцця, яны больш аптымістычныя, чым хлопчыкі.

— Яшчэ адзін вельмі важны паказчык для нас — ацэнка школьнікамі ўласных ін­тэлектуальных магчымасцей. Мы пыталіся, ці можа з часам мяняцца ўзровень іх інтэлекту, або ін­тэлект — штосьці ўстойлівае і нязменнае. Звычайна ўтвараюцца дзве групы навучэнцаў: адны лічаць, што інтэлект можа ўзрастаць, а другія ўпэўнены, што гэтая асаблівасць вызначаецца прыродай і не можа мяняцца. Цікава, што першая група дамінуе ў Эстоніі, Даніі, Германіі (топ міжнароднага рэйтынга Г.С.); другая дамінуе ў такіх краінах, як Панама, Філіпіны (аўтсайдары Г.С.). Беларускія школьнікі адносяць сябе да першай групы і ўпэўнены, што іх інтэ­лект можа ўзрастаць, — адзначыў Альфонса Эчэзара.

Еўрапейскага эксперта дапоўніў ды­рэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў нацыянальны менеджар праекта PISA ў Беларусі Юрый Міксюк. Каменціруючы вынікі чытацкай дасведчанасці, ён адзначыў заканамернасць: чым вышэйшы ўзровень адукацыі бацькоў, тым лепшы вынік дэманструюць іх дзеці. Тыя навучэнцы, у якіх абодва бацькі маюць вышэйшую адукацыю, паказалі сярэдні вынік на ўзроўні 514 балаў (агульны вынік беларускіх дзяцей у гэтай кампетэнцыі — 474). А самы высокі сярэдні бал мае група навучэнцаў, якія назвалі чытанне сваім хобі, — 527.

Добрыя вынікі дэманструюць дзеці, якія наведвалі дашкольныя ўстановы адукацыі з 2—3 гадоў, а таксама пачалі навучанне раней — у 5—6 гадоў. Зрэшты, як заўважыў Юрый Міксюк, гэта можа быць звязана з тым, што на момант даследавання такія дзеці маюць за спінай дадатковы год навучання (нагадаем, у даследаванні прымаюць удзел падлеткі ва ўзросце 15 гадоў).

Што да матэматычнай дасведчанасці, то хлопчыкі ў Беларусі паказваюць больш высокія вынікі ў параўнанні з дзяўчынкамі (адпаведна 475 і 467 балаў). А ў галіне прыродазнаўчай дасведчанасці розніца зусім неістотная (473 і 470 балаў). Цікава, што навучэнцы, якія займаюцца музыкай, дэманструюць больш высокія вынікі (+30 балаў).

— У залежнасці ад дамашніх умоў, можна ўстанавіць фактары, якія значна ўплы­ваюць на вынік, — заўважыў Юрый Міксюк. — Напрыклад, наяўнасць пастаяннага рабочага месца: дзеці, у якіх няма ўласнага стала і камп’ютара (такіх усяго каля 0,5%), паказалі істотна ніжэй­шыя вынікі. Аднак, не ўсе фактары матэрыяльнага дабрабыту адбіваюцца на паспяховасці. Калі гаварыць пра наяўнасць двух, трох тэлевізараў ці аўтамабіляў, то ніякай розніцы мы не назіраем. У той жа час на адукацыю значна ўплывае наяўнасць камп’ютара і інтэрнэту.

Падводзячы вынікі семінара, міністр адукацыі Ігар Карпенка заўважыў, што рэзультаты PISA і не маглі быць горшымі.

— Беларусь уваходзіць у групу трыццаці найбольш развітых краін па індэксе чалавечага развіцця ў сферы адукацыі. Па паказчыку “чаканая працягласць навучання” Бе­ларусь мае значэнне 15,5 года і займае 29-е месца сярод 189 краін; па паказчыку “сярэдняя працягласць навучання” — 12,3 года, што адпавядае 11-му месцу, — паведаміў Ігар Карпенка.

Ён звярнуў увагу, што ўдзел Беларусі ў міжнародным даследаванні PISA-2018 актуальны з пункту гле­джання ўдасканалення зместу і механізмаў незалежнай ацэнкі якасці адукацыі на ўсіх узроўнях.

— Вынікі дадзенага даследавання дазволяць зверыць нашу адукацыйную практыку з лепшымі сусветнымі напрацоўкамі, прымяніць сучасныя міжнародныя падыходы да ацэнкі якасці адукацыі, — адзначыў міністр. — Правёўшы ў найбліжэйшыя месяцы глыбокі навуковы аналіз атрыманых вынікаў, мы павінны прыняць узважаныя рашэнні па далейшым развіцці агульнай сярэдняй адукацыі, якую хочам зрабіць абавязковай. Адпаведную норму плануецца адлюстра­ваць у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.

У той жа час Ігар Карпенка сказаў, што даследаванне PISA не самамэта для сістэмы айчыннай адукацыі.

— Глабальна мы павінны вырашаць два важныя пытанні: работа над якасцю адукацыі і падрыхтоўка навукова-педагагічных кадраў, — падкрэсліў ён. — Удзел у даследаванні — гэта адна з форм параўнаць сябе з іншымі краінамі ў сусветнай супольнасці, а таксама зрабіць параўнальны аналіз на нацыянальным узроўні, каб разумець, якія кіраўнічыя і змястоўныя рашэнні трэба прымаць, каб рухацца далей і развіваць сістэму.

Міністр адзначыў, што ў нашай краіне прынята шырокае разуменне якасці адукацыі. І гэта не толькі высокія балы.

— Сістэма адукацыі з’яўляецца інстытутам сацыялізацыі маладых людзей, фарміруе іх светапогляд і асобаснае развіццё, — сказаў Ігар Карпенка. — Якасць адукацыі — гэта, перш за ўсё, паспяхова ўладкаваны ў жыцці чалавек, яго светапогляд і актыўная грама­дзянская пазіцыя. Таму для характарыстыкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў мы выкарыстоўваем не толькі ўзровень прадметных ведаў, але і такія паказчыкі, як сфарміраванасць асобасных якасцей, сучасных кампетэнцый (уменне крытычна ду­маць, здольнасць да ўзаемадзеяння і камунікацыі, творчы падыход да справы), матывацыя да далейшай адукацыі і г.д.

Дарэчы

Пачаўся новы цыкл PISA-2021. Кожныя тры гады акцэнт у даследаванні робіцца на пэўную галіну матэматыкі ці чытання. У 2018 годзе асабліва вывучаліся глабальныя кампетэнцыі навучэнцаў, а ў наступным цыкле (2021) даследаванне будзе прысвечана крэатыўнаму мысленню.

— Канкурэнцыя ўзрастае, — адзначыў Юрый Міксюк. — У 2018 годзе разам з Беларуссю ў міжнародным даследаванні PISA дэбютавалі Боснія і Герцагавіна, Бруней, Марока, Філіпіны, Саудаўская Аравія і Украіна. Зразумела, да праекта будуць далучацца і іншыя краіны, таму за кожнае месца ў рэйтынгу давядзецца змагацца. Першыя вынікі Беларусі паказалі, што ў нас ёсць добры патэнцыял. Зараз важна зрабіць правільныя высновы і прыняць на іх аснове правільныя рашэнні.

У рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” будзе праве­дзена глыбокае вывучэнне вынікаў даследавання PISA-2018. На гэтай аснове ў першай палове 2020 года будуць распрацаваны рэкамендацыі па ўдасканаленні якасці адукацыі.

— Пры падрыхтоўцы вучэбных выданняў трэба ўзмацніць практычную скірава­насць прапанаваных заданняў, — звярнуў увагу міністр. — Заданні, накіраваныя на фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці, аналагічныя тым, што выкарыстоўвае PISA, павінны знайсці адлюстраванне ў розных кампанентах вучэбна-метадычных комплексаў. Нашы навучэнцы ведаюць, як вылі­чыць плошчу куба, але часам губляюцца пры разліку шпалер для абклейвання пакоя. Значыць, трэба карэкціраваць нашу работу — і змястоўна, і метадычна.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Ірыны ІВАШКА.