Адкрыты міжнародны маладзёжны форум “Я гавару “Так!” аб’яднаў каля дзвюх соцень студэнтаўактывістаў з 40 устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі.
За многія гады маладзёжны форум стаў добрай традыцыяй як для БарДУ, так і для ўсёй краіны. Адным з ініцыятараў яго стварэння была Т.Р.Якубовіч, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якая на той час была першым прарэктарам універсітэта. “Спачатку форум праводзілі толькі для свайго ўніверсітэта, аб’ядноўваючы грамадскія арганізацыі і студэнцкія саветы. А пасля ўдалага старту вырашылі пашырыць яго да рэспубліканскага ўзроўню, затым і да міжнароднага, — расказала Таццяна Раманаўна. — Традыцыйна ў ДАЛ “Іса” на працягу трох дзён студэнты-актывісты ў нефармальнай атмасферы дзеляцца думкамі, планамі, ідэямі і ініцыятывамі, рыхтуюць свае прэзентацыі і прадстаўляюць іх, каб рэалізаваць у наступным годзе”.
Штогод адкрывае маладзёжны форум урачысты мітынг, прысвечаны ўшанаванню ветэранаў
203-га Гвардзейскага Арлоўскага цяжкабамбардзіровачнага палка далёкай авіяцыі. “Форум мы заўсёды праводзім напярэдадні Дня Перамогі. Мітынг абавязковы, таму што раней, з 1951 па 1994 год, на тэрыторыі ўніверсітэта базіраваўся 203-і полк. Разам з нашымі ветэранамі гэтага палка мы сабралі цэлую музейную экспазіцыю, і першакурснікі абавязкова знаёмяцца з ёй, бо захаванне памяці варта пачынаць з тых мясцін, дзе ты нарадзіўся, жывеш, вучышся і працуеш”, — дадала Таццяна Якубовіч.
Чатыры дні форуму праляцелі незаўважна і насычана. Сярод мноства мерапрыемстваў былі марафон маладзёжных ініцыятыў “Вялікай Перамозе ў падзяку!”, канцэртная праграма “З 9 Мая віншуем — вялікім, слаўным днём вясны!”, квест, прысвечаны Году гістарычнай памяці, “Баранавічы — беларускі гарадок…”, творчыя дыскусіі, фестываль гумару, танцавальныя і спартыўныя марафоны. Усе мерапрыемствы спрыялі развіццю лідарскіх якасцей удзельнікаў і фарміраванню іх асобасных і прафесійных кампетэнцый.
Акрамя таго, 6 мая на базе ДАЛ “Іса” адбылася адкрытая дыскусійная пляцоўка “Гістарычная памяць — інтэграцыя мінулага, сучаснасці, будучыні”, удзельнікамі якой сталі міністр адукацыі А.І.Іванец і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь П.І.Папко.
— Аб’яднанне нашай студэнцкай супольнасці, нашага маладога пакалення, нашай будучай інтэлектуальнай нацыі, вядома, павінна адбывацца менавіта ў такім калектыве. Прыемна, што прыехалі нашы сябры з Расіі. Вельмі хацелася б, каб вы тут завялі новыя знаёмствы, устанавілі трывалыя прафесійныя і творчыя сувязі. Бо, як паказвае жыццё, яны вельмі патрэбны ў далейшым жыцці, калі кожны з вас знойдзе сваё першае працоўнае месца, будзе расці прафесійна і падтрымліваць сувязі адно з адным. І ў далейшым вы ўжо будзеце сустракацца ў сваёй прафесійнай дзейнасці пры вырашэнні розных задач, якія будуць стаяць перад вамі і арганізацыяй, у якой вы будзеце працаваць. Ад імя міністэрства жадаю вам паспяховай і плённай працы, каб толькі станоўчыя эмоцыі захаваліся ад гэтай сустрэчы і каб кожны з вас зрабіў адзін крок наперад, набыўшы штосьці новае ў прафесійным і творчым плане”, — сказаў міністр, вітаючы ўдзельнікаў дыскусійнай пляцоўкі.
Андрэй Іванец абмеркаваў са студэнцкай моладдзю актуальныя пытанні сістэмы адукацыі і тыя праблемы, якія хвалююць сённяшнюю моладзь. Прадстаўнікі студэнцкага актыву задалі міністру пытанні пра новыя спецыяльнасці і змяненні тэрмінаў навучання, студэнцкае самакіраванне, патрыятычнае выхаванне, выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і г.д. Акрамя таго, студэнты пацікавіліся, як Андрэй Іванавіч усё паспявае, кім складаней быць — міністрам або мнагадзетным бацькам і аб якіх памылках ён шкадуе. “Калі жыццё адкруціць назад, то я нічога б не мяняў, — адказаў міністр. — У жыцці нічога проста так не бывае. А таму і вам раю прыслухоўвацца да разумных людзей, аналізаваць падзеі, што адбываюцца навокал, вучыцца і развіваць адносіны паміж нашымі брацкімі народамі”.
У сваю чаргу Павел Папко звярнуў увагу на тое гістарычнае месца, у якім размешчаны лагер, — на маёнтак князёў Пуслоўскіх, некалі вядомых магнатаў Слонімшчыны: “Гэта іх паляўнічы дом, які захаваўся з ХІХ стагоддзя. І ліпавая алея таксама з тых часоў. Яны бачылі столькі пакаленняў дзяцей! Бо з 40-х гадоў тут месціцца піянерскі лагер. Сёння і вы трапілі ў гістарычнае месца, каб разам пісаць гісторыю так, як захочацца вам!”
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.