Пішам і малюем пра вайну

У Мінскай дзяржаўнай гімназіі-­каледжы мастацтваў праходзіць выстава работ навучэнцаў, урачыстае адкрыццё якой адбылося напярэдадні свята Вялікай Перамогі. Усяго ў праекце “Пішам і малюем пра вайну” прынялі ўдзел больш за сто гімназістаў, але ў экспазіцыю ўвайшлі 55 карцін і плакатаў, якія навучэнцы стварылі на працягу трэцяй чвэрці.

Ганна Стаселька.

— Мы пастаянна праводзім розныя мерапрыемствы для нашых навучэнцаў. Два гады назад распачалі вельмі незвычайны вялікі праект, які я нават лічу нацыянальным. Ён складаецца з некалькіх мерапрыемстваў. Адно з іх — выстава да Дня Перамогі. Каб нашы вучні змаглі стварыць кранальныя карціны, мы правялі для іх шэраг класных га­дзін, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, і наведалі ветэранаў, з якімі было настолькі цікава, што нашы дзеці не хацелі сыхо­дзіць ад іх — усё гэта неверагодна кранула нашых дзяцей. Акрамя таго, вясной мы абвясцілі конкурс на лепшую фатаграфію пра Беларусь і лепшае апавяданне, сачынне, эсэ “За што я люблю Беларусь”. 55 педагогаў адгукнуліся і прадставілі свае фатаграфіі і 9 конкурсных эсэ, якія, дарэчы, таксама прадстаўлены ў нашай актавай зале, дзе і размешчана выстава. Гэта ўсё аб’яднала дзяцей, настаўнікаў, бацькоў і адміністрацыю, што выдатна і вельмі каштоўна для нас. Я лічу, што такія маральныя праекты вельмі важныя сёння, бо мы ж не толькі адукоўваем юных беларусаў, але і выхоўваем іх, — падкрэсліла дырэктар гімназіі­-каледжа Лілія Аляксееўна Міцура.

Па яе словах, яшчэ адзін складнік іх вялікага праекта — кабінет беларускай мовы, афармленне якога распрацавалі выпускнікі ўстановы ў нацыянальным стылі. А ў кастрычніку яны збіраюцца завяршыць гэты праект спектаклем “Паўлінка”, які паставяць педагогі гімназіі­-каледжа.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Яўген Мікалаевіч Саковіч адзначыў, што работы навучэнцаў выкананы на высокім мастацкім узроўні, а галоўнае, хвалююць гледача сваёй шчырасцю, жаданнем праславіць подзвіг герояў вайны, кра­нуць сэрцы тых, хто гэтыя работы ўбачыць. “У нашай гімназіі заўсёды ўдзяляецца шмат увагі духоўнаму, нацыянальнаму, патрыятычнаму выхаванню. Але калі мы пачыналі гэты выставачны праект, прызнаюся, былі да яго не гатовыя. Я і сам не ведаў, як нашым вучням растлумачыць такую няпростую тэму, але яна ў кожным з нас сядзіць глыбока ўнутры, яе немагчыма выкрасліць,” — адзначыў Яўген Мікалаевіч.

15­гадовая Ганна Стаселька напісала акварэльную карціну і патлумачыла яе так: “На маёй рабоце паказана, як у хату зайшоў нямецкі салдат і людзі хаваюцца ад яго пад ложкам. Я акцэнтавала ўвагу на трох пакаленнях, намаляваўшы бабулю, яе дачку і ўнучку, і калі старэйшыя хвалююцца, што іх могуць хутка забіць, то малая дзяўчынка хвалюецца за сваю ляльку, якую бачыць на падлозе ля ног варожага салдата. Нам расказалі шмат гісторый ветэраны, мы чыталі кнігі на ваенную тэматыку, а пасля прыдумвалі свае мастацкія вобразы. Хочацца, каб мае аднагодкі зразумелі, што не толькі з салдатамі здаралася нешта страшнае на поле бою, але і з тымі, хто заставаўся ў тыле, у гарадах і вёсках, дзе было таксама вельмі жудасна”.

Дзевяцікласніца Люля Багдана паказала ў сваёй рабоце маленькі атрад салдат, які ўсю ноч утрымліваў вышыню, адбіваючыся ад фашысцкіх танкаў, а калі на світанні нарэшце падаспелі свежыя сілы Чырвонай Арміі, яны зноў рушылі ў наступленне, хоць, здавалася б, ні сіл не засталося, ні на­дзеі. “Гэты сюжэт мне пераказала мама са слоў дзядулі, якому расказваў яго бацька, што і ён таксама вось так утрымліваў вышыню, — патлумачыла дзяўчына. — А вось тут на карціне — медсястра, якая адстрэльвалася, але, калі ранілі баявога таварыша, нахілілася ля яго са словамі: “Братка, трымайся, нашы прыйшлі!” Макі сімвалізуюць кроў нашых салдат, якую яны пралілі, абараняючы нашу Радзіму. Кожная работа нашых гімназістаў па­свойму адметная і цікавая, кожны імкнуўся данесці тое, што яму бліжэй да душы”.

А вось Маргарыта Калачова адзначыла, што такія праекты варта праводзіць часцей, бо яны даюць магчымасць дзецям пака­заць, як яны разумеюць вайну і як ставяцца да яе. “Хочацца, каб дзеці задумваліся пра тое, што трэба жыць у міры, што трэба думаць не толькі пра сябе, але і пра тых людзей, якія будуць жыць пасля нас. Мы павінны захаваць мір, які нашы продкі здабылі неверагоднымі намаганнямі”, — дадала дзевяцікласніца.

Выстава “Пішам і малюем пра вайну” бу­дзе дэманстравацца да пачатку ліпеня. “Наведаць яе мы запрашаем усе дзіцячыя мастацкія аб’яднанні і школы, а заадно пазнаёміцца з нашай галерэяй і работамі, якія ствараюць нашы вучні і педагогі”, — прапанавала Лілія Міцура.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.