Пісьменнік і яго голас

- 14:05Апошнія запісы, Культура

У беларускай сталіцы працягвае працаваць ХХІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі”

Сваё прывітанне ўдзельнікам беларускага кніжнага форуму накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які, у прыватнасці, адзначыў: “Не адно пакаленне беларусаў выхавана на кнігах, героі якіх станавіліся прыкладам для пераймання, дапамагалі фарміраваць характар, вучылі адданасці Радзіме, уменню знаходзіць выйсце з няпростых жыццёвых сітуацый”. “Для нас выключна важна, каб удумлівае, чулае слова літаратараў і ў далейшым служыла сцвярджэнню прынцыпаў маралі, пачуцця адказнасці чалавека за лёс сваёй краіны, вучыла міласэрнасці і дабру, садзейнічала кансалідацыі грамадства перад тварам выклікаў і пагроз XXI стагоддзя”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Увогуле, вельмі сімвалічна, што менавіта ў час правядзення ХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ў беларускую сталіцу прыехалі кіраўнікі чатырох дзяржаў, каб, нарэшце, урэгуляваць трагічную сітуацыю на паўднёвым усходзе Украіны. І думкі пра гэтую сімвалічнасць і невыпадковасць нашай краіны як галоўнага міратворца ў крывавым украінскім канфлікце выразна прачытваліся ў звароце памочніка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Радзькова да ўдзельнікаў міжнароднага сімпозіума “Пісьменнік і час” — цэнтральнага мерапрыемства ММКВК. “Пісьменнікі сёння гавораць пра крохкасць міру, пра неабходнасць быць адказным за яго. Знаходзячыся ў самым эпіцэнтры падзеі, якая праходзіць у гэтыя хвіліны ў Мінску, пісьменнікі адчуваюць усю напружанасць таго, што адбываецца”, — заўважыў Аляксандр Радзькоў.
У сваю чаргу міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч таксама нагадала ўдзельнікам сімпозіума пра тое, што Беларусь у гэтыя дні стала цэнтрам свету і цэнтрам прымірэння. “Пра гэта гавораць замежныя пісьменнікі, што ў Беларусі такі лёс — сыграць гістарычную ролю. Нам гэты лёс падарыў, безумоўна, не толькі Усявышні. Гэта самі беларусы ў свой час вызначылі курс развіцця краіны, выбраўшы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку”, — падкрэсліла Лілія Ананіч. Акрамя таго, яна дадала: “Нас часта ў папярэднія гады стараліся назваць ізгоямі, нас не заўсёды чула міжнародная супольнасць, але мы заўсёды мелі права на свой погляд у свеце на палітыку, на эканоміку, на культуру. Мы нічога не раскідалі, не разбазарылі. Мы ўсё, што маглі, захавалі. Мы ўсё, што павінны, зберагаем”.
Адмысловым удзячным водгукам на гэтыя словы стала выступленне на сімпозіуме кітайскага пісьменніка Лаа Ма, які шчыра прызнаўся: “Пасля знаёмства з пэўнымі крыніцамі аб Беларусі на кітайскай мове я стаў больш разумець вашу краіну, ваш народ. Беларусь — краіна са старажытнай гісторыяй і глыбіннай культурай. Беларусы ўсім сэрцам выступаюць за мір. Гэта сардэчныя і шчырыя людзі”. Ён таксама адзначыў, што ў многіх сучасных кітайцаў наша краіна асацыіруецца з белым, нават беласнежным колерам. Яны ў адзін голас гавораць, што ў Беларусі прыгожая прырода, цудоўныя жанчыны, шмат азёр і лясоў. Лаа Ма нагадаў прысутным пра кнігу “Беларусь вачыма кітайцаў”, у якой кітайскія дыпламаты, прадпрымальнікі, студэнты, якія доўга пражылі ў Беларусі, расказалі аб уражаннях пра нашу краіну, поўныя захаплення ёй і беларускім народам.
Генеральны дырэктар галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Аляксандр Карлюкевіч, разважаючы пра сучасную літаратуру, у сваю чаргу выказаў думку, што любы твор сапраўднага мастацтва закліканы адлюстроўваць праўду жыцця і дапамагаць чытачу адшукваць дарогу ў будучыню. А вядомы расійскі літаратар галоўны рэдактар “Літаратурнай газеты” Юрый Палякоў закрануў вельмі важнае пытанне жыцця міжнароднай пісьменніцкай супольнасці, калі прапанаваў стварыць Еўразійскую акадэмію славеснасці. На яго думку, такая структура аб’яднала б у сваіх шэрагах безумоўных літаратурных аўтарытэтаў — прафесійных пісьменнікаў, крытыкаў, выдаўцоў, філолагаў, якія разам маглі б падняць планку ў тым, што датычыцца якасці сучаснай літаратуры. “Сёння, вобразна кажучы, на сцэну выйшлі тысячы людзей, пазбаўленых голасу і слыху. З’явілася маса аўтараў, чые імёны абсалютна не пацверджаны тэкстамі. Як вынік: страчана разуменне хто такі сапраўдны пісьменнік”, — эмацыянальна выказваў свае погляды госць з Масквы. На яго думку, адной з галоўных праблем сучаснай літаратуры з’яўляецца тое, што яна пазбаўляецца стылю, а ўсё больш і больш напаўняецца ўсяго толькі нейкімі інфармацыйнымі коканамі. Такое адбываецца з той прычыны, што пісьменніцкія арганізацыі раскалоліся, а іх роля якраз і заключалася ў тым, каб быць аўтарытэтнай экспертнай супольнасцю. Гаворачы пра беларуска-расійскія літаратурныя сувязі, Юрый Палякоў таксама сказаў пра неабходнасць больш настойліва прапагандаваць беларускую літаратуру ў Расіі. “Трэба рабіць больш перакладаў твораў беларускіх аўтараў на рускую мову, у Расіі ж ёсць многа чытачоў, якім цікавыя кнігі, што выходзяць у брацкай краіне”, — заўважыў галоўны рэдактар “Літаратурнай газеты” і дадаў, што на працягу 10 гадоў газета прапагандавала беларускую літаратуру, выпускаючы дадатак “Лад”. Але на сённяшні момант выпуск гэтага дадатку прыпыніўся, што значна звузіла магчымасці выхаду беларускіх аўтараў на расійскі літаратурны рынак. Балазе такія значныя мерапрыемствы, як Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, дазваляюць аўтарам з розных краін наладжваць творчыя кантакты.
Удзельнікі міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час” прынялі выніковую рэзалюцыю, у якой адзначылі важнасць умацавання культурных сувязей паміж народамі, паглыблення ўзаемазалежнасці паміж краінамі, актывізацыі інтэграцыйных працэсаў, што выразна задавала б новую парадыгму развіцця чалавецтва. У рэзалюцыі таксама падкрэсліваецца, што ў сучасным свеце, дзе ўсё большае і большае развіццё атрымліваюць інфармацыйныя тэхналогіі, а духоўныя інтарэсы нярэдка застаюцца на перыферыі грамадскай увагі, роля, якую заклікана выконваць у жыцці грамадства літаратуры, асабліва ўзрастае. Эфектыўна супрацьстаяць выклікам сучаснасці можна толькі разам — тады голас пісьменніка будзе адначасова пачуты ў самых розных кутках планеты. “Літаратура кожнага народа — гэта яго не толькі гістарычна вызначаны лёс, але і твар, звернуты да суседзяў, усяго свету. Толькі ў гэтым — сардэчнай прыхільнасці да іншых, блізкіх і далёкіх, народаў — і можа быць эфектыўнай літаратура як рэакцыя на выклікі часу. Умацаванне культурных і, у прыватнасці, літаратурных сувязей паміж нашымі народамі дапаможа супрацьстаяць аднаму з самых галоўных негатыўных выклікаў сучаснасці — бездухоўнасці чалавека”, — падкрэсліваецца ў дакуменце. Удзельнікі сімпозіума выказалі падзяку Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, Адміністрацыі прэзідэнта і Савету Міністраў, Міністэрству інфармацыі і Міністэрству замежных спраў Беларусі, Выканаўчаму камітэту СНД, Мінгарвыканкаму за магчымасць абмеркаваць актуальныя праблемы сучаснасці ў рамках гэтага форуму.
Яшчэ адной вельмі важнай падзеяй ХХІІ ММКВК стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання Кітайскай Народнай Рэспублікі і Міністэрствам інфармацыі Беларусі аб перакладзе і выданні класічных літаратурных твораў Кітая і Беларусі ў 2015—2020 гадах. Нагадаем, што менавіта КНР сёлета выступае ў якасці ганаровага госця мінскага кніжнага форуму. Як зазначыў падчас падпісання вышэйзгаданага дакумента старшыня кітайскага інфармацыйнага ведамства Янь Сяахун, удзел яго краіны ў ММКВК адкрыў новую старонку ў культурным супрацоўніцтве дзвюх краін. А міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, у сваю чаргу, назвала падпісаны мемарандум стратэгічнай картай гэтага супрацоўніцтва. Прадстаўнікі кітайскай дэлегацыі перадалі ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі каштоўныя кнігі.
Свой адметны, прыгожы і высакародны штрых унёс у разнастайную падзейную палітру ХХІІ ММКВК Міжнародны конкурс патрыятычнага плаката моладзі краін СНД і Балтыі “Нам дарагі мір”, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Плануецца, што жыццё гэтага конкурсу не закончыцца на яго выніковай выставе ў рамках ММКВК. Лепшыя плакаты будуць размешчаны ў інтэрнэт-прасторы, на вуліцах гарадоў, пабачаць яны свет і на старонках перыядычных выданняў. “Гэты праект будзе працягвацца, таму што працягваецца вялікая гісторыя постсавецкай прасторы. Сёння ўпісваюцца новыя старонкі ў гэтую гісторыю. І я ўпэўнена, што яны будуць упісвацца чыстымі намерамі, высокай творчасцю, з любоўю да Радзімы, Айчыны”, — адзначыла Лілія Ананіч падчас цырымоніі ўзнагароджання прызёраў конкурсу “Нам дарагі мір”.
Ну і, вядома ж, не абышлося сёлета на мінскім кніжным форуме і без падвядзення вынікаў традыцыйнага штогадовага Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Прычым арганізатары ХХІІ ММКВК вырашылі не адкладаць урачыстую цырымонію агучвання імён пераможцаў і іх узнагароджвання на апошні форумны дзень, як гэта было ўсе папярэднія гады, а зрабіць гэта ўжо на другі дзень работы выставы. Уладальнікам найвышэйшай узнагароды 54-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” стаў альбом “Беларусь замкавая” выдавецтва “Бяловагруп”. Па словах кіраўніка праектаў выдавецтва Таццяны Бяловай, гэтае выданне ўнікальнае як па інтэлектуальным напаўненні, фатаграфічным матэрыяле, так і па паліграфічным выкананні. Ідэя гэтай кнігі нарадзілася на кніжнай выставе ў Літве, дзе беларускія кнігавыдаўцы азнаёміліся з праектам літоўскіх калег, які расказвае аб замках. Альбом “Беларусь замкавая”, у дачыненні да якога як найлепей падыходзяць словы “ўнікальны” і “ўпершыню”, дае непараўнанае ўяўленне пра Беларусь як пра краіну замкаў. Толькі па выніках археалагічных і натуральна-гістарычных пошукаў апошніх 50 гадоў і ў выніку абагульнення звестак у ходзе падрыхтоўкі выдання зафіксавана каля 300 такіх помнікаў. У аснове кнігі — спіс помнікаў, уключаных у Дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі”. А канкрэтны яе змест склалі ўнікальныя аўтарскія фатаграфіі, картаграфічны, архіўны і музейны матэрыялы з айчынных і замежных крыніц. Таксама ў фотаальбоме публікуюцца 32 рэдкія архіўныя здымкі беларускіх замкаў XIX і пачатку XX стагоддзя з аддзела бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта.
У гэтыя дні Нацыянальна-выставачны цэнтр па адрасе праспект Пераможцаў, 14, дзе праходзіць ХХІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі”, нагадвае вялікі-вялікі вулей, дзе пісьменнікі, выдаўцы, рэдактары, крытыкі і кнігараспаўсюджвальнікі — гэта пчолы, цікавыя разумныя кніжкі на ўсе магчымыя густы — мёд, а ўсе паспалітыя наведвальнікі — аматары паласавацца гэтым карысным рэчывам, а перадусім пачуць жывы голас пісьменніка. Спяшайцеся: гэтыя выхадныя — апошнія дні работы ММКВК.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота БелТА.